Запаведная краіна

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Пад такой назвай у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 7 кастрычніка адкрылася выстаўка твораў Мікалая і Святаслава Рэрыхаў, у склад якой увайшлі унікальныя фотарэпрадукцыі і відэафільмы, што раскрываюць уклад гэтай выдатнай сям’і ў сусветную культуру.

 /i/content/pi/cult/179/1777/Rerih.jpg

М.Рэрых. “Нябесны бой”.

Мікалай Рэрых — яркі, своеасаблівы жывапісец, тэатральны мастак, стваральнік гістарычнага пейзажа, археолаг, філосаф, грамадскі дзеяч, ініцыятар руху ў абарону помнікаў культуры, заснавальнік Лігі культуры і міжнароднага Пакта па ахове навуковых і культурных каштоўнасцей.

Серыя “Гімалаі” з 44 твораў, якая прадстаўлена ў экспазіцыі, адлюстроўвае маршрут легендарнай Цэнтральна-Азіяцкай экспедыцыі, што была здзейснена пад кіраўніцтвам М.Рэрыха сумесна з жонкай Аленай і сынамі Юрыем і Святаславам. У гэтай экспедыцыі і па яе выніках Мікалай Канстанцінавіч стварыў больш за 500 карцін і малюнкаў, за што яго называлі ў Індыі Майстрам гор.

Святаслаў Мікалаевіч Рэрых — таксама выдатны пейзажыст, акрамя таго — бліскучы партрэтыст. Як і ягоны бацька, усё жыццё прысвяціў праблеме вывучэння Прыгажосці як найважнага з’яўлення ў маральным пераўтварэнні чалавека. У экспазіцыі прадстаўлены 10 твораў гэтага мастака.

Выстаўка з’яўляецца сумесным праектам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Міжнароднага цэнтра-музея імя М.К. Рэрыха (Масква), аддзялення Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў на Беларусі (Мінск) і прымеркавана да 80-годдзя рэрыхаўскай Цэнтральна-Азіяцкай экспедыцыі.