“Вагі і меры: гісторыя аднаго прадмета”

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Што вы ведаеце пра вагі? Не вельмі многа? А ў аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага пра іх ведаюць вельмі шмат — менавіта тут у рамках творчага праекта “Дакрануцца да гісторыі” адкрылася ўнікальная выстава “Вагі і меры”, прысвечаная гэтаму незвычайнаму прадмету.

/i/content/pi/cult/833/17769/26.jpgКарамыславыя і спружынныя

Здавалася б, чым можа зацікавіць гэткая звыклая ў побыце рэч? Аднак, вагі прайшлі доўгі і дзіўны гістарычны шлях: ад аднаго з самых важных знакаў у антычнай міфалогіі да незаменнага памочніка на кожнай кухні. Людзі навучыліся ўзважваць розныя прадметы шмат тысячагоддзяў таму. Самыя раннія, выяўленыя падчас археалагічных раскопаў вагі датуюцца пятым тысячагоддзем да нашай эры.

У горадзе Гродна такая выстава дэманструецца ўпершыню і менавіта таму выклікае вялікі ажыятаж і цікавасць, як у наведвальнікаў, так і ў прэсы. Яшчэ адна яе асаблівасць — усімі гэтымі прадметамі актыўна карысталіся жыхары Гарадзеншчыны, а таму ў кожнага ёсць унікальная магчымасць дакрануцца да гісторыі.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 старажытных вагаў канца ХVIII — пачатку ХХ стагоддзяў: карамыславыя, спружынныя, бязмены, вагі сістэмы Жыля дэ Робэрваля і ўдасканаленыя сістэмы Беранжэ.

Вагі ўжываліся ў самых розных сферах дзейнасці грамадства. На выставе дэманструюцца аптэчныя, паштовыя, старадаўнія складскія вагі, кухонныя, марскія, гандлёвыя вагі савецкага перыяду, а таксама гіры, чары для ўзважвання і іншыя прадметы з прыватных збораў гродзенскіх калекцыянераў Алега Ярша, Аляксандра Сявенкі і Віктара Какарэкі.

Для вызначэння фальшывак

З’яўленне і ўдасканаленне вагаў у значнай ступені стала наступствам развіцця гандлю. Яны спатрэбіліся для ўзважвання тавараў, для вызначэння фальшывых і сапраўдных манет і каштоўных камянёў. Спачатку гэты прыбор быў вельмі простым. Егіпцяне, як і жыхары Вавілона, выкарыстоўвалі прыладу, якая была падобная на карамысла, з двух бакоў якога падвешваліся чары для тавараў і гір, сваёй цэнтральнай часткай яно мацавалася на вяроўцы.

Ужо ў “Кнізе мёртвых” у Старажытным Егіпце апісана, як бог Анубіс узважвае сэрцы нябожчыкаў на “Вагах праўды”. На адну чару вагаў кладзецца пяро багіні праўды Маат, на другую — сэрца памерлага. Калі яно аказваецца цяжэй за пяро, то памерлы не трапляе на той свет і яго спасцігае доля поўнага знішчэння ў пашчы пачвары.

Карамыславыя вагі мы таксама можам бачыць у руках багіні правасуддзя Феміды. У Старажытным Рыме “аналаг” Феміды — Юстыцыя. Гэтыя багіні ўвасабляюць сабой закон, справядлівы і адзіны для ўсіх. Гэта выказваюць атрыбуты, з якімі яны паказваюцца і асацыююцца — павязка на вачах, меч і вагі.

У дапамогу інквізітарам

У перыяд Сярэднявечча, калі інквізіцыя надавала асаблівую ўвагу паляванню на ведзьмаў, былі вынайдзены “ведзьміны вагі”, на якіх інквізітары ўзважвалі ведзьмакоў, ведзьмаў і людзей, якія падазраюцца ў вядзьмарстве. Суддзі зыходзілі з таго, што лёгкая жанчына ў стане лятаць на мятле, а цяжкая — не. Калі вага дзяўчыны была ніжэй 48 — 50 кілаграм, то яна лічылася вінаватай у вядзьмарстве і яе каралі смерцю.

У эпоху Сярэднявечча жульніцтва пры ўзважванні тавараў таксама лічылася цяжкім грахом і за гэта было суворае пакаранне. Махляра маглі аштрафаваць і акунуць у раку ў любую пару года, адсекчы якую-небудзь частку цела і нават абезгаловіць. У савецкі перыяд, як і цяпер, за абважванне прадугледжаны штрафы.

Людзі са старажытнасці спрабавалі стварыць дакладныя і кампактныя вагі. Хай і праз шмат стагоддзяў, але гэтая задача была вырашана. Сёння існуе вялікая колькасць разнастайных прыстасаванняў для вымярэння масы цела і ўзважвання любых прадметаў дзіўнай дакладнасці. Вагі з’яўляюцца адным з найважнейшых атрыбутаў жыцця чалавека, як у старажытнасці, так і ў сучасным свеце.

Выстава “Вагі і меры: гісторыя аднаго прадмета” будзе дзейнічаць да сакавіка 2021 года. Наведаць яе можна ў аддзеле мастацтва Гродзенскаяй абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага.

Аксана ЖУК, галоўны бібліятэкар аддзела мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага

Фота аўтара