Захавальнікі і носьбіты традыцый Пастаўшчыны

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Летась ў нас праходзіў агляд-конкурс запісаў звестак аб народных музыках і майстрах Пастаўшчыны. У выніку нашы культработнікі сабралі 170 тэкставых фіксацый пра творцаў раёна. Вельмі вынікова папрацавалі Дунілавіцкі, Парыжскі, Курапольскі сельскія дамы культуры. Падрыхтаваны каталог-даведнік “Народныя інструменты і майстры — музыканты Пастаўшчыны”. І гэта толькі адзін творчы праект.

/i/content/pi/cult/833/17768/25.jpgІнавацыйны смак

На семінары па фальклоры, падрыхтаваным цэнтрам культуры і народнай творчасці мы падсумавалі вынікі беларуска-польскага праекта “Кулінарны шлях” — “Смакі Беларусі: інавацыйныя турыстычныя прадукты як спосаб усебаковага развіцця сельскага прадпрымальніцтва”, распачатага пазалетась сумесна з Лынтупскім культурным цэнтрам “Культыватар”. У рамках гэтага міжнароднага праекта ў 2020 годзе быў праведзены агляд фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў “Смакі Пастаўшчыны” сярод сельскіх клубных устаноў. Па яго выніках сабрана амаль 70 запісаў мясцовых страў, створаны цікавыя відэаролікі пра носьбітаў народных традыцый. Пераможцамі гэтага агляду сталі Дунілавіцкі сельскі дом культуры (за захаванне мясцовых традыцый кулінарнай спадчыны); Гуцкі сацыяльна-культурны цэнтр (за лепшую відэапрэзентацыю нацыянальнай кухні) і Палескі сельскі клуб (за перайманне і папулярызацыю кулінарных практык).

За якасную відэадэманстрацыю працэсаў прыгатавання страў беларускай кухні дыпломамі ўзнагароджаны Курапольскі, Парыжскі сельскія дамы культуры і Лукашоўскі сельскі клуб. Па выніках фальклорна-этнаграфічных экспедыцый выдадзены буклет-даведнік “Смакі Пастаўшчыны”.

Шматпрофільнасць клубных аб’яднанняў

У студзені з захаваннем патрабаванняў эпідэміялагічнай бяспекі адбыўся семінар клубных работнікаў “Праблемы развіцця аматарскага руху ва ўмовах сельскай мясцовасці. Формы і метады работы клубаў па інтарэсах”. Трэба адзначыць, што ў сістэме ЦКіНТ такіх аб’яднанняў працуе нямала — 21. Гэта клубы грамадска-культурнага, спартыўна-аздараўленчага, прыродазнаўчага, дэкаратыўна-прыкладнога, фальклорнага кірункаў, але большасць клубаў — шматпрофільныя і сямейна-бытавыя, бо яны аб’ядноўваюць вяскоўцаў, якія цікавяцца рознымі пытаннямі паўсядзённага жыцця, з дапамогай аднадумцаў вырашаюць узніклыя праблемы, цікава разам праводзяць свой вольны час.

На семінары з удзелам, у асноўным, маладых культработнікаў разглядаліся пытанні ролі аматарскіх аб’яднанняў у сацыякультурнай дзейнасці клубных устаноў, структура пабудовы клубаў па інтарэсах, іх формы работы, атрыбутыка, вядзенне дакументацыі. Быў абагульнены досвед работы клуба “Сучаснікі” пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, які ўжо мае 13-ці гадовую гісторыю. Гаворка ішла аб дзейнасці клуба “Калекцыянер” пры РДК, жаночага аб’яднання па інтарэсах “Сяброўка” і клуба дапытлівых падлеткаў “Каласкі”, Камайскага СДК, аб асаблівасцях работы аматарскіх аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладнога кірунку Лынтупскага ГПДК.

Посткросінг — справа перспектыўная

Асаблівую цікавасць выклікала работа клуба — удзельніка сусветнага культурна-асветніцкага праекта “Посткросінг” “Вакол свету”, створанага ў мінулым годзе пры ЦКіНТ. Культработнікі нават заахвоціліся стварэннем такіх аб’яднанняў на сяле, бо “посткросінг” — вельмі творчая і пазнавальная справа для людзей самых розных узростаў і сацыяльных груп.

Удзельнікі семінара таксама пазнаёміліся з відэаматэрыяламі аб дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, тэндэнцыямі і перспектывамі іх развіцця ў розных рэгіёнах Расіі і Беларусі і паўдзельнічалі ў дзелавой гульні “Ствараем статут клуба па інтарэсах”.

Людміла ЧАТОВІЧ, метадыст Пастаўскага ЦКіНТ

Фота аўтара