Дэтэктыў у тэатральнай пастцы

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

У Тэатры-студыі кінаакцёра паставілі “Мышалоўку” паводле аднайменнай п’есы Агаты Крысці. Бяспройгрышны варыянт, асабліва для зімовых святаў! А тым больш, для провадаў Года мышы.

/i/content/pi/cult/833/17764/19.jpgДарогі ў маленькі прыватны гатэль замяло, і яго пастаяльцы шукаюць забойцу, што знаходзіцца між імі. Замкнёная прастора, адкуль немагчыма збегчы, — пастка і для ахвяраў, і для самога злачынцы. Класіка дэтэктыўнага жанру! Невыпадкова п’еса, народжаная з невялічкага радыёспектакля таго ж аўтара, атрымала шалёную папулярнасць і па колькасці перакладаў і ўвасабленняў занесена ў кнігу рэкордаў Гінеса. Упершыню пастаўленая ў Лондане ў 1952 годзе, яна больш як 60 гадоў ідзе там ў той жа сцэнічнай версіі, стаўшы не толькі візітоўкай тэатра, але і славутасцю ўсяго горада. Хтосьці ўздыхне: маўляў, англічане ўвогуле гэткія традыцыяналісты, што змяняць нічога не хочуць. Але для параўнання дастаткова згадаць купалаўскую “Паўлінку”, класічная пастаноўка якой пазначана ажно 1944-м. Дый сама “Мышалоўка” пабудавана так, што рэжысура ў ёй павінна заставацца “незаўважнай”: тут на першым плане — распутванне загадкавай гісторыі, дзе практычна ўсе героі становяцца падазраванымі, забяспечваючы гледачу неабходную “гімнастыку для мозга”.

Менавіта такім паўстаў спектакль мастацкага кіраўніка тэатра, народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава. Сцэнаграфія Ігара Хруцкага вырашана ў традыцыях літаральна гіперрэалізму. Мы бачым цалкам рэальную гасцёўню — пярэдні пакой сямейнага гатэля, абсталяванага ў старым маёнтку. Няхітрая мэбля, дзверы, вокны, лесвічка ў гасцёўныя нумары — усё, “як у кіно”. Сцэнічныя строі Ніны Гурло, ігра акцёраў — таксама.

Пастаноўка разлічана на некалькі складаў, кожны з артыстаў уносіць свае дэталі. Таму на гэты спектакль можна хадзіць па некалькі разоў запар. Урэшце рэшт, у тэатры ж нас цікавіць не толькі (і, мабыць, не столькі) развязка, але і ўласна мастацкія рэчы, пачынаючы з акцёрскай ігры. Не менш прыцягальна глядзець спектакль і, у тым ліку, нават дэтэктыў, калі ведаеш усе далейшыя павароты сюжэтнай лініі і можаш не канцэнтравацца на іх, а пільна сачыць за тымі незаўважнымі дробязямі, што з самага пачатку выдаюць вінаватых.

Відавочна, што я патрапіла не на лепшы паказ — так званага генеральнага прагону, калі адчувалася стомленасць рэпетыцыйным працэсам, а прэм’ерны драйв яшчэ не настаў. Бо дзеі адрозніваліся па тэмпарытме, і ў другой, нягледзячы на ўсё большую “закручанасць” дэтэктыўнай спружыны, артысты часам пераходзілі на балбатанне тэксту, асобныя фрагменты якога наўпрост выкрыквалі, “пераціскаючы” эмоцыі.

Затое ісці за музыкай Леаніда Шырына было адно задавальненне. Ён выкарыстаў вядомую мелодыю “Трох сляпых мышанятаў”, што згадваецца ў п’есе (менавіта так, дарэчы, пісьменніца спачатку назвала свой радыёсцэнарый). Праз вар’іраванне надаў гэтай дзіцячай песеньцы, прызнанай у Англіі за народную, розны характар. І вымусіў задумацца пра паходжанне немудрагелістага матыўчыка. Бо калі ўсю песню цалкам, разам са словамі, даследчыкі знаходзяць у Томаса Равенскрофта, які ў пачатку ХVII стагоддзя выпускаў зборнікі з назбіраным англійскім фолькам, дык інтанацыйныя парасткі песні існуюць у Жаскена Дэпрэ — прадстаўніка старадаўняй нідэрландскай поліфаніі мяжы ХV — ХVI стагоддзяў, які абапіраўся на французскі фальклор.

Як бы тое ні было, а музыка адыгрывае значную ролю ў драматургіі спектакля, яе так і хочацца пачуць болей. І гэты музычны складнік вымушае згадаць аднайменны мюзікл Аляксандра Журбіна, які быў паспяхова пастаўлены ў многіх расійскіх гарадах, уключаючы Маскву, а мог бы з’явіцца ў нашым Музычным тэатры — яшчэ гадоў 15 таму. І гэта была б адна з яго першых пастановак, што сімвалізавала б з’яўленне на беларускай сцэне камернага мюзікла-дэтэктыва, пазбаўленага хору і балета, але сканцэнтраванага на трапных псіхалагічных характарыстыках, якіх часцяком не хапала ў цяперашнім прачытанні. Вярнуўшыся на радзіму з Амерыкі і напісаўшы шэраг твораў, кампазітар тады рабіў серыю візітаў па тэатрах, каб уладкаваць сваіх дзецішчаў у бягучы рэпертуар. У Мінску наведаў тры тэатры: Музычны, Вялікі, які тады рыхтаваўся да рэканструкцыі, і драматычны імя М.Горкага. Сам спяваў за ўсіх герояў, акампаніруючы сабе на фартэпіяна. У пастаноўцы “Уладзімірскай плошчы” паводле “Зняважаных і абражаных” Ф.Дастаеўскага ў нашым оперным адразу адмовілі. А ў Музычным “Мышалоўку” слухалі пашыраным складам, з запрашэннем прэсы, прымалі вельмі горача. І… так і не паставілі. Але гэта ўжо іншая гісторыя — не менш дэтэктыўная за песеньку пра трох мышанятаў, што пацярпелі з-за сваёй слепаты.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"