Сюжэт для кнігі — але не толькі…

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Летуценні пісьменнікаў і будаўнічы нюанс
На мінулым тыдні доўгі ды не надта шчаслівы лёс слонімскай сінагогі зрабіў нечаканы віраж. Знакаміты помнік спадчыны XVII стагоддзя выкупіла на аўкцыёне прыватная асоба. Як неўзабаве стала вядома, гэт не круты бізнесмен, а дзіцячая пісьменніца Іаана Рыўз (“в миру” — Ілона Караваева). Варта адзначыць, што канкурэнтаў у яе не было, а зусім нядаўна аднаўленне сінагогі палічыў задачай “не па зубах” Брытанскі фонд яўрэйскай спадчыны — арганізацыя, пэўна, не самая бедная. Літаральна колькі месяцаў таму падобная сітуацыя здарылася і з палацам Горватаў у Нароўлі. Пісьменнік, які мае такое самае прозвішча, стаў уладаром гэтага вельмі праблемнага сёння помніка спадчыны. Іншых прэтэндэнтаў на яго таксама не знайшлося. Як ставіцца да такіх піруэтаў лёсу? Як да творчых дзівацтваў? Або як да рэальнай магчымасці змяніць гэты лёс да лепшага?

/i/content/pi/cult/833/17761/13.jpgШкоднасць рамантыкі

Пэўныя сумневы ў дадзеным выпадку зусім не беспадстаўныя. Многія памятаюць, скажам, як прадпрымальнік з “магнацкім” прозвішчам узяў у карыстанне замак, якім гэтыя магнаты колісь валодалі. Зразумела, цёзка кіраваўся самымі лепшымі намерамі. Але пакінуў ён гэты помнік у значна горшым стане, чым было да ўлазінаў.

Яшчэ гадоў дзесяць таму не надта абазнаныя ў тэме калегі-журналісты наперабой заклікалі суграмадзян купляць сядзібы, палацы, а пры аказіі нават замкі, каб адчуць сябе князямі ды графамі. Пагатоў, цэны на такую нерухомасць зазвычай даступныя. Людзі практычныя на гэта вяліся не надта, разумеючы, што за мізэрным коштам ды славай — процьма клопату, бадай непераадольнага для простага смяротнага. Іншая справа — рамантыкі або дзівакі.

/i/content/pi/cult/833/17761/14.jpgТак ці іначай, але дзясяткі безгаспадарчых сядзібаў ды палацаў перайшлі ў прыватныя рукі. На жаль, у большасці выпадкаў гэта ніяк не паўплывала на іх лёс: як стаялі яны закінутымі, так разбураюцца і пасюль. А мясцовыя жыхары не раз мне казалі, быццам новага “паночка” яны нават у вочы не бачылі, бо ніколі ён туды не прыязджаў.

Пытанне, навошта набывалі, застаецца адкрытым. Няўжо ў прыступе рамантычных пачуццяў?

Нагода наведацца ў Слонім

Сінагогу ў Слоніме мне ўпершыню давялося пабачыць гадоў трыццаць таму. Памятаю свае дзіцячыя ўражанні: дзіўная, нібы тагасветная барочная пабудова, што ўзвышаецца па-над тлумам правінцыйнага рынку. З таго часу бадай нічога не змянілася. Хіба не так даўно дах аднавілі стараннямі ўсё таго ж яўрэйскага фонду.

Між тым, сінагога — адна з самых старадаўніх і каштоўных у Беларусі. Трохі старэйшая за яе хіба толькі быхаўская. Але ў Слоніме затое няблага ацалелі інтэр’еры — біма, ляпніна ды нават роспісы. Да ўсяго, месціцца яна ў самым цэнтры горада. Таму і не выпадае здзіўляцца, што яе не абмінае бадай ніводная тургрупа.

Здавалася б, ідэя зрабіць там музей, якая не раз агучвалася на даволі высокім узроўні, выглядала больш чым мэтазгоднай. Хочацца верыць, рана ці позна гэтым справа і скончыцца.

Спадарыня Ілона прызнаецца, што пра аварыйны стан набытай ёй маёмасці даведалася ўжо пасля аўкцыёну. Ды і наогул — у Слоніме ёй бываць дасюль не даводзілася. А сінагогай яна была ачараваная… праз фота ды расповеды мамы. Інтэнцыя, якая абумовіла ейны крок, толькі адна — паспрыяць захаванню і аднаўленню цудоўнага помніка. У перспектыве (натуральна, аддаленай) пісьменніца бачыць там культурны цэнтр.

Зразумела, у сацсетках гэтыя абставіны не маглі не выклікаць скепсіс. Адзін калега нават пажартаваў: ці не пераблытала часам пакупніца сінагогу з сінабонам — вядомай кандытарскай прыправай? Ды, лічу, кпіны тут яўна заўчасныя. Балазе, ёсць нямала цудоўных прыкладаў, калі чалавек прыходзіў у сферу аховы спадчыны з нейкіх зусім “несумежных” галін — ды занурваўся з галавой. Прыкладам, Ганна Булда, якая “кінула ўсё” і скіравала ўвесь свой імпэт на аднаўленне сядзібы ў Шчорсах  — дасягнуўшы ўжо на гэтай глебе адчувальных поспехаў. Прычынай быў дзіўны сон, які яна аднойчы сасніла…

Так што рознае ў жыцці бывае. Пажадайма лепш спадарыні Ілоне ўдачы. А яшчэ — руплівасці ды паслядоўнасці.

Галоўнае — дах

На старых здымках палац у Нароўлі ўражвае папраўдзе арыстакратычнай раскошай, знаёмай многім з нас хіба па замежных стужках. Свой шык ён губляў паступова: спачатку рэвалюцыя, потым вайна, урэшце Чарнобыль…

Між тым, яшчэ на пачатку 90-х узнікла ідэя аднавіць палац у былой велічы (калі не поўнасцю, дык хаця б часткова) ды размясціць там прэзентабельны грамадска-культурны цэнтр, дзе знайшлося б месца і для выставачных ды канцэртных залаў, і для Дома рамёстваў, і для кавярні з більярдам… Зразумела, такая “цукерачка” мелася б сапраўдным падарункам для пацярпелага горада, які ўмомант стаў “неперспектыўным”, стварыла б яму добры імідж у вачах гасцей ды турыстаў. І, да ўсяго, мела б сімвалічнае значэнне — як сведчанне таго, што радыяцыя тут не перамагла.

Архітэктары зрабілі абмеры ды пачалі працу над праектам. Але на гэтым тады ўсё і скончылася. У 90-я было не да такіх амбітных пачынаў.

Вярнуліся да задумы ўжо гадоў праз дзесяць. Ізноў зашабуршэлі ватманы над кульманамі… Але да канца праектная дакументацыя не была завершаная. Працэс запавольваўся — па зразумелай фінансавай прычыне.

І вось тады да палаца стаў прыглядацца летуценны мінскі маладзён  — цёзка па прозвішчы (ці мо нават і які далёкі сваяк) колішніх уласнікаў. “Я ўпершыню ўбачыў нараўлянскі палац, калі мне было дваццаць тры. Мы з ім пазнаёміліся познім вечарам, пад чорна-сінім нараўлянскім небам. Я ўбачыў яго, аслупянеў і адразу палюбіў” — напіша Андрэй Горват. На той момант ён яшчэ не “самаізалёўваўся” ў роднай вёсцы Прудок і, адпаведна, не паспеў стаць знакамітасцю.

Але маладзёну тады палац не аддалі. Маўляў, самім патрэбны. Пагатоў, неўзабаве сядзібны комплекс патрапіў у Дзяржпраграму развіцця Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гады. Мары пра яго новае жыццё, здавалася, вось-вось увасобяцца. Ды, на жаль, рэсурсаў ізноў не хапіла.

Што ж, бывае… Не ўсе добрыя намеры спраўна выконваюцца ў патрэбны час. Але тут варта адзначыць самае прыкрае. Пакуль вакол палаца будаваліся амбітныя планы, ён паступова руйнаваўся. І калі ў 1986 годзе гэта быў яшчэ даволі ладны будынак у цалкам “працоўным” стане (да Чарнобыльскай аварыі там знаходзілася школа), дык цяпер — вартая жалю руіна без даху.

Ці можна было неяк запаволіць той працэс руйнавання? Ёсць падазрэнні, што так — рэгулярна праводзячы элементарныя захады па кансервацыі (герметызацыя даху, ліўнёўка, аконныя праёмы…) ды забяспечыўшы ахову ад ласых на дармовыя будматэрыялы людзей і проста вандалаў. Спецыялісты Міністэрства культуры не стамляюцца намаўляць уласнікаў рабіць гэта датычна тых аб’ектаў, чый лёс на нейкі час завіснуў у няпэўнасці.

Урэшце, мары пра цэнтр было вырашана забыць назаўсёды, і палац выставілі на аўкцыён — прычым спярша за даволі прыстойны кошт. Пакупнік не знайшоўся. Потым стартавая цана няўхільна падала, але выніку гэта не прыносіла.

Чым бы яно ўсё скончылася і калі — немаведама. Але ж тут Сеціва абляцела сенсацыйная навіна. Модны пісьменнік Андрэй Горват разам з двума хаўруснікамі ўзяў ды набыў палац. Балазе, цана ўжо стала зусім даступнай — трохі болей за 50 тысяч рублёў.

Сапраўды, добры сюжэт для кнігі — але не толькі. Новы ўласнік “запрагаў” нядоўга. Ён без прамаруджвання перабраўся на ПМЖ у Нароўлю, аб’явіў збор сродкаў на рэстаўрацыйныя працы ды склікаў талаку. Першыя валанцёры адгукнуліся вокамгненна — прычым, што немалаважна, сярод іх былі і архітэктары.

Звычайна ў такіх выпадках новыя ўласнікі цешаць публіку шыкоўнымі планамі ў стылі “тут будзе горад-сад”. Уласна, планамі ўсё гэта і застаецца. Аднак пісьменнік і яго сябры аказаліся людзьмі куды больш прыземленымі. “Першае, што трэба зрабіць, — гэта частковую кансервацыю і антыаварыйныя работы. Іншымі словамі, накрыць дом дахам. Так мы выйграем час”, — абвясціў Горват. І дадаў: нават калі ў нас нічога болей не атрымаецца (спойлер: усё атрымаецца), нашыя дзеянні вельмі дапамогуць палацу дажыць да лепшых часоў.

Без сумневу, гэта вельмі мудры і ўзважаны падыход, варты ўсеагульнага пераймання.

Нягледзячы на зіму, першыя сціплыя работы па прыборцы тэрыторыі ўжо пачаліся. Усе свае справы ды звязаныя з імі эмоцыі пісьменнік старанна дакументуе ў сацсетках. Трэба меркаваць, гэта назапашваецца матэрыял да новага бестселера. Але самае галоўнае, каб фінал у яго быў шчаслівы — не шэкспіраўскі.

Чым скончацца гэтыя захапляльныя сюжэты з удзелам літаратараў? Новымі расчараваннямі — або захапляльнымі прыкладамі, здатнымі натхніць многіх іншых рупліўцаў? На што здатныя летуценныя пісьменнікі ў такой складанай справе, як ахова спадчыны?

Адказ на гэтае пытанне залежыць найперш ад іх саміх. Але таксама і ад грамадскай і муніцыпальнай падтрымкі, ад неабыякавай пазіцыі спецыялістаў у сферы аховы спадчыны, здатных падказаць, паправіць, дапамагчы ўхіліцца ад памылак.