Дастаеўскія: карані роду

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Імя Фёдара Дастаеўскага не мае патрэбы ў прадстаўленні. Па дадзеных UNESCO і сёння гэты пісьменнік з’яўляецца адным з самых чытэльных у свеце. Вядомасць яго сягае ад амерыканскага кантынента да Японіі, ад Афрыкі да Азіі, ад Еўропы да Аўстраліі. Дастаеўскага ўважліва вывучаюць, пра яго працягваюць пісаць даследаванні, здымаць стужкі, ствараюць аб’яднанні яго імя. Гэты зусім няпросты, але ўвесь час надзіва сучасны пісьменнік зацікавіў свет яшчэ ў далёкім 1881 годзе — тады ў ЗША на англійскую мову была перакладзеная яго кніга “Занатоўкі з мёртвага дома”. Дастаеўскага абгрунтавана асацыявалі і працягваюць асацыяваць з Расіяй. Тым не менш, карані роду Дастаеўскіх бяруць свой пачатак у паўднёва-заходніх землях Беларусі. Род гэты вельмі старажытны і многія яго прадстаўнікі пакінулі свой адбітак не толькі ў гісторыі і культуры Беларусі, але і Расіі, Украіны і Польшчы. Былі сярод іх і ваяры, і святары, і земяне (ваенаслужачыя насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ў XVI — XVIII стагоддзях). Яны пераходзілі ў каталіцтва, ці, наадварот, прымалі праваслаўе, рабіліся шляхтай, служылі польскім каралям і нават прымалі ўдзел у іх абранні. Спляценне гістарычных падзей і чалавечых лёсаў часам нараджае геніяў, якія сілай свайго таленту і прадбачання рассоўваюць межы і таму маюць прыналежнасць ужо да ўсяго свету. Адным з такіх геніяў, радавод якога бясспрэчна звязаны з Беларуссю, і стаў Фёдар Дастаеўскі.

/i/content/pi/cult/832/17754/21.jpg“Dostoinik”, то-бок набліжаны ўладара

6 кастрычніка 1506 года князь Фёдар Яраслававіч Бароўскі дорыць свайму сыну баярскаму (то-бок слузе) Данілу Іванавічу Рцішчаву ў пажыццёвае валоданне частку вёскі Дастоева з некалькімі дво рышчамі ў селішчах Палкоцічы, Зенкавічы, Малдове і Парэччы, на паўночны ўсход ад Пінска, паміж рэкамі Пінай і Яцольдай, а таксама палову выспы (лесу) Кротава. Дарэчы будзе дадаць, што, паводле некаторых даследчыкаў, назва “Дастоева” ідзе ад польскага “dostoinik”, што значыць саноўнік, набліжаны ўладара.

Дароўную пацвярджае захаваны дакумент — грамата, выдадзеная князем пінскім Фёдарам Яраслававічам і яго жонкай княгіняй Аленай, у якой гаворыцца:

“А дали есмо тому нашему боярину тое именье со всем с тым, што из старины к тем дворищомприслухало, с землями пашными и з бортными, и з их ловы, и з реками, и з луги, и с сеножатьми, и з езы, и с озеры и со всихтых земель входы. А волен тот боярин наш в том своем именьи, в данине нашей двор себе поселити, и пашню вчинити, и млыны сыпати… А людем его подводы не давати, а ни в облаву не ходити, а ни повозу не возити. А дали есмо тое именье тому нашему боярину вечно и непорушно, ему, и его жоне, и их детем, и их счадком”.

1 мая 1528 года пінскі баярын Даніла Рцішчаў, згодна з пастановай Віленскага сейма, павінен быў выставіць са сваіх маёнткаў на ваенную службу аднаго каня. Сціплыя архіўныя крыніцы зафіксаваліі гэты факт, а вось гісторыкі-даследчыкі роду Дастаеўскіх звярнулі ўвагу на іншыя згадкі прозвішча “Рцішчаў” у больш ранніх крыніцах...

След Залатой арды

Праз дзесяць гадоў пасля заканчэння Кулікоўскай бітвы з Залатой арды да вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча Данскога прыбывае на служэнне нейкі шляхетны татарын Аслан Чэлебі Мурза. Ён быў ахрышчаны паводле праваслаўнага абраду, новае імя атрымаў Пракопій. Князь жэніць яго з дачкой княскага стольніка Зотыка Жытова Марфай і дорыць яму “ў кармленне” сядзібу Крэменск (“Крамянец”).

У Пракопія было тры сыны, якіх клікалі Арсеній, Фёдар і Леў, па мянушцы “Шырокі Рот”. Адсюль і пайшло прозвішча “Рцішчаў”. Яго нашчадкі служылі расійскаму трону стольнікамі і ў іншых чынах, і былі аддзякаваны ад тагачасных уладароў маёнткамі.

Відаць, Рцішчавы ўваходзілі ў асяроддзе Серпухоўскага і Бароўскага князя Уладзіміра Андрэевіча, стрыечнага брата Дзмітрыя Данскога. Нашчадак Уладзіміра Андрэевіча — Серпухоўскі і Бароўскі князь Іван Васільевіч, не паладзіўшы з вялікім князем маскоўскім Васілём Цёмным, быў вымушаны збегчы ў Літву ў 1456 годзе. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір IV Ягайла адорвае ўцекача княствам Пінскім. Такім чынам Іван Васільевіч становіцца князем Пінскім. Хоць і няма прамых сведчанняў, што вышэйназваны Даніла Іванавіч Рцішчаў уваходзіў у самае набліжанае да князя кола пінскіх баяраў, тым не менш, ён, несумненна, быў да яго дастаткова блізка.

Нашчадкі Данілы па мужчынскай лініі ўжо называюцца Дастаеўскімі (дакладней — Дастоеўскімі), і таму 1506 год можна лічыць датай узнікнення і замацавання гэтага прозвішча. Праўда, зацвердзілася яно за нашчадкамі не адразу. У баярына Данілы Рцішчава было два сыны: Іван і Сямён. Сямён згадваецца з прозвішчам Арцiшчаў. Іван называецца Ірцiшч-Дастаеўскі. Сямёну Данілавічу адышло паселішча Палкоцічы. Дастоева, згодна Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў, адышло Івану Данілавічу. Сямён выкупіў зямлю і заснаваў праваслаўную царкву ў гонар прападобнага Сімяона Стоўпніка. Многія даследчыкі мяркуюць, што за агароджай гэтай царквы быў пахаваны і сам Даніла Рцiшчаў. Вельмі заможным шляхціцам ён не быў, таму радавога склепа не меў. Царква была драўлянай і неўзабаве згарэла ад удару маланкі. Захаваўся гістарычны дакумент, у якім гаворыцца: “Мяжа вёскі Ляхавічы. Першая сцяна галоўная, пачынаецца ад зямлі Івана Дастаеўскага”. Гэты дакумент з’яўляецца першым згадваннем прозвішча Дастаеўскіх.

Шлюб Івана Данілавіча і Ганны Фурсовіч, дачкі пінскага баярына Бенедыкта Фурсовіча, з уплывовага шляхецкага роду павышае саслоўны статус Дастаеўскіх. Іван мае дом у Пінску “на другім баку старога рынку”. У той час дамы там стаялі так шчыльна, што агародаў ніхто практычна не меў. Сямён Данілавіч на ўскрайкавай Гарадзіскай вуліцы ўжо мог гэта сабе дазволіць, што і адзначана ў архівах. У пачатку XIV стагоддзя Пінск увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1521 годзе польскі кароль Жыгімонт I Стары скасаваў Пінскі ўдзел і перадаў горад сваёй жонцы каралеве Боне. У 1569 годзе паміж Вялікім Княствам Літоўскім і польскай каронай была заключана Люблінская ўнія аб аб’яднанні. У 1581 годзе горад атрымлівае Магдэбургскае права і герб: залаты лук з нацягнутай цецівой і страла са сталёвым наканечнікам на чырвоным полі шчыта.

Шляхта Дастаеўскія, герб “Радван”

Хоць у Івана і было яшчэ прозвішча Ірцiшч-Дастаеўскі, але ўжо яго сыны — Фёдар і Стэфан Іванавіч, сталі пісацца проста Дастаеўскiя. Так паўстаў род, тыповы для Палесся, сярэдняй службовай шляхты, які валодаў фальваркамі, займаў розныя дзяржаўныя пасады і які меў свой герб. Дастаеўскія былі шляхціцамі і належалі гербу “Радвана”, што азначала, што “яны былі шляхетнымі, ішлі на вайну пад сцягам свайго апекуна Радвана і мелі права насіць яго герб”, — паведамляла Любоў Фёдараўна Дастаеўская, дачка пісьменніка ў сваіх успамінах.

Шляхта, звязаная паміж сабой суседствам або сваяцтвам, падчас войнаў выступала пад адным сцягам або харугвай. У лексікон шляхціцаў увайшло паняцце “гербавае сваяцтва”, калі сем’і, не знаходзячыся ў крэўных сувязях, тым не менш аб’ядноўваліся пад адным гербавым сцягам. Да герба “Радван”, акрамя Дастаеўскіх, належала яшчэ 150 шляхецкіх прозвішчаў.

На працягу многіх гадоў гэты герб выкарыстоўвалі чатырыста родаў. Яго прадстаўніком з’яўляецца і наш славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Ягоны далёкі продак Даніла Караткевіч — небагаты шляхціц з мінскага ваяводства — за ваенныя заслугі разам з братам атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста ў 1546 годзе герб Радван і маёнтак Караткі. Іван Фёдаравіч Паскевіч — рускі ваенны дзеяч, генерал ад’ютант — са сваёй жонкай Лізаветай Грыбаедавай-Паскевіч таксама мелі дачыненне да гэтага герба. Не кажучы ўжо пра тое, што Лізавета Грыбаедава-Паскевіч была стрыечнай сястрой Аляксандра Грыбаедава, продкі якога таксама паходзілі з тутэйшых зямель.

Геральдычныя даведнікі даюць дэталёвае апісанне герба — у чырвоным полі залатая царкоўная харугва з трыма канцамі над ёй, пасярэдзіне яе верхняга краю, змяшчаецца залаты кавалерскі крыж або канец стралы, над верхам з каронай — пяць страўсавых пёраў. Легенда адносіць узнікненне герба да войнаў XI стагоддзя, якія кароль Баляслаў II Смелы вёў з Руссю:

“Начальник воинства, дабы тщательным радением безопаство воинству промыслить”, паслаў на выведку нейкага воіна , імя якога было Радван, і ён, каб падбадзёрыць войска, “побежал в село ближнее, похватил хоруговь из церкви, прибежал на неприятелей, познали ратные люди своего водителя, восприяли сердце, и помышляющу неприятелю, что новое войско с новым знаменем воинским пришло, разбили, да победу двоежды восприяли. Возвратився в обоз Радван со многими пленники с знамены, с добычью и с победою во свидетельство вечные славы, хоруговь церковную с крестом и половиною стрелы от Болеслава короля в клеймо и герб шляхетства себе и наследником своим сподобился и улучил”.

Некаторая частка Дастаеўскіх прыняла каталіцтва або ўнію. Так, у 1647 годзе ў Кіеве на з’ездзе шляхты і праваслаўнага духавенства падчас абрання архімандрыта Кіева-Пячэрскай лаўры з’яўляецца Акандзій Дастаеўскі. Трэба сказаць, што Пінская галіна роду Дастаеўскіх з пэўнага часу пачала пастаянна прысутнічаць на тэрыторыі сучаснай Украіны, то-бок продкі Дастаеўскіх паступова рассяляліся яшчэ больш на паўднёвы захад. “Калі мае продкі пакінулі цёмныя лясы і гразкія балоты Літвы, — пісала дачка Дастаеўскага Любоў Фёдараўна, — яны былі, верагодна, аслеплены святлом, кветкамі і эліністычнай паэзіяй Украіны; іх душа была сагрэта паўднёвым сонцам...”

Архіўныя крыніцы сведчаць, што і ў 1570-х гадах у ваколіцах Уладзіміра-Валынскага пражываў Фёдар Іванавіч Дастаеўскі, земянін Пінскага павета — “упаўнаважаны прыяцель” уцекача ў Літву, апальнага князя Андрэя Курбскага. Менавіта Андрэй Курбскі ў сваіх лістах абвінавачваў Івана Грознага ў знішчэнні без усялякай віны многіх Рурыкавічаў, выгнанні прафесійных ваяводаў за межы Масковіі і замены іх на лісліўцаў...

Сяргей Буракоў