Беларуская скульптура: новыя адкрыцці

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Распяцце ХVI стагоддзя
Круглая скульптура — неад’емны атрыбут мастацкага ўбрання каталіцкага касцёла. Ва ўмовах Беларусі яна часцей за ўсе выраблялася з дрэва. Дрэва — недаўгавечны матэрыял, старажытных помнікаў з яго захавалася выключна мала. Таму кожны твор, які не кранулі час, войны і пажары, і які захаваўся да нашага часу,— найвялікшая каштоўнасць для мастацтва Беларусі, прыклад наследавання для сучасных майстроў.

/i/content/pi/cult/832/17752/19.jpgДраўляныя скульптуры Ісуса Хрыста, Маці Божай і святых аздаблялі алтары і фасады каталіцкіх святынь. Стылістыка іх выканання адпавядала духу часу. Трактоўка пластычнага вырашэння фігуры і складак адзення, характар вобразу былі сугучнымі эстэтычным запатрабаванням грамадства і мелі асаблівасці ў кожную гістарычную эпоху.

Распяцце — найбольш ранні пластычны вобраз ва ўнутраным афармленні будынка заходнееўрапейскага касцёла. У сярэдневяковых храмах яно звычайна размяшчалася ўверсе перад прэсбітэрыем (прэсбітэрый — частка касцёла між асноўным аб’ёмам і алтарнай апсідай) або ў галоўным алтары, а таксама пры ўваходзе.

Па меры будаўніцтва касцёлаў у Беларусі адбываецца развіццё мастацтва круглай пластыкі — скульптуры. Традыцыйная беларуская скульптура — драўляная.

У фондах Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі доўгі час захоўвалася паліхромнае драўлянае Распяцце, якое па выніках папярэдняй фіксацыі атрыбутавалася ХІХ стагоддзем. Не аднойчы яно звяртала на сябе ўвагу спецыялістаў, якія, аднак, заўсёды абмяжоўваліся толькі славесным каментарыем. У сувязі з падрыхтоўкай новай музейнай экспазіцыі, у якой павінна была быць прадстаўлена скульптура, узнікла неабходнасць ва ўдакладненні часу яе вырабу. Падчас спецыяльнага даследавання высветлілася, што яна можа быць больш ранейшага паходжання. У гэтай сувязі музей звярнуўся па дапамогу да пані Марыі Матушакайтэ з Каўнаса, якая шмат гадоў даследуе мастацтва драўлянай пластыкі на былых землях Вялікага Княства Літоўскага.

Даследчыца звярнула ўвагу на стылістыку перызомы, якая шчыльна ахінае цела Хрыста. Яе драпіроўка аднолькава сабранымі па баках прамымі складкамі — галоўная характэрная рыса, якая дазваляе атрыбутаваць помнік ХVI стагоддзем.

Толькі ў рэнесансных творах скульптуры і жывапісу, як заўважыла пані Марыя, удалося знайсці прамыя або амаль прамыя складкі перызомы. Звычайна яны ствараюць паралельныя групы, якія даволі шчыльна ахінаюць цела. Яны значна карацей складак мяккага стылю готыкі і не падымаюцца ўверх як гатычныя складкі так званага ламанага стылю пачатку ХVI стагоддзя.

Блізкая трактоўка цела Збавіцеля сустракаецца ў скульптурах Уваскрэслага Хрыста ХVI стагоддзя. Прамымі паглыбленнямі трактуюцца рэбры, што тыпалагічна звязваецца з яшчэ больш раннім перыядам. Доўгая шырокая барада сустракаецца ў партрэтах знаці сярэдзіны ХVI стагоддзя.

У выніку даследчыца прыйшла да высновы, што скульптура выканана ў мясцовых традыцыях таленавітым майстрам, які не капіраваў творы вядомых скульптараў і выкарыстаў мясцовы тыпаж.

Ігар ГАНЧАРУК, навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі

Фота аўтара