Вокны ў свет першаснасці

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Персанальная выстаўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прафесара, таленавітага пейзажыста Анатоля Бараноўскага называецца “Шлях да святла”. Яна адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі — якраз напярэдадні Дня работнікаў культуры — 10 кастрычніка.

Чым з’яўляецца гэтае свята для Анатоля Васільевіча — мастака і педагога, які больш за 40 гадоў непасрэдна звязан з развіццём нашай нацыянальнай культуры?
— Гэтае свята для мяне вельмі важнае, паколькі ўсё маё свядомае жыццё звязана з культурай і выхаваннем творчай моладзі, — кажа Анатоль Бараноўскі. — Я скончыў БДТМІ ў 1965 годзе, а ўжо з наступнага года стаў выкладаць там жа, спачатку — на кафедры станковага жывапісу, а потым — на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Так што прапрацаваў педагогам 40 гадоў, не лічачы таго, што дагэтуль 14 гадоў кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва Палаца культуры трактарнага завода.
У мяне часта пытаюцца: што для мяне больш важна — жывапіс альбо педагогіка? Я адказваю: гэтыя паняцці не падзяляю. Стасункі са студэнтамі былі для мяне не проста радасцю — яны наталялі маю душу маладосцю, натхненнем, не давалі ёй зачарсцвець.Жыццё — гэта школа душы, а душа ніколі не старэе. Я быў не проста педагогам: усё, што я атрымліваў ад свайго жывапісу, я імкнуўся аддаваць сваім вучням. І разам з тым шмат што браў ад іх. Вось такая ўзаемасувязь...Не так даўно я адзначыў свой 70-ты дзень нараджэння. І вось як бы ў гонар гэтага я сёння прадстаўляю свой жывапіс у Нацыянальным мастацкім музеі. І мне вельмі прыемна, што вернісаж гэтай выстаўкі праходзіць якраз у дні Свята работнікаў культуры нашай краіны.
Б.К.
 /i/content/pi/cult/179/1775/Vokny-u-svet1.jpg
 А.Бараноўскі. “Спадчына. Мірскі замак”.
Прырода, увасобленая талентам Анатоля Васільевіча, паўстае ландшафтнымі ўзгоркамі Браслаўшчыны, далінамі Прыпяці, краявідамі Нёмана, Нясвіжа, Мазыра і Магілёва. Нібы пранізаная святлом у мелодыях розных пор года, паэзія восені і вясны з сярэбранымі аблокамі і залатымі бярозамі ўвайшла ў серыю твораў з паэтычнымі назвамі “Аблокі плывуць над зямлёй роднай”, “Зямля мая залатых бяроз”, “З дзіўных дзён блакітных, чыстых”, “Восень на Прыпяці”, “Мелодыя восені”...

Творам серыі архітэктурных пейзажаў, што ўключаюць “вобразы” гродзенскай Каложскай царквы ХII стагоддзя, вежы палацава-паркавага комплексу ў Міры альбо царкву Пятра і Паўла ў Ноўгарадзе, нібы перадаецца чароўнае дыханне самой гісторыі, якая паўстае перад гледачом праз святлопаветранае асяроддзе недатыкальнасцю каштоўных камянёў.

Творы “Маці. 1941 г.”, “Партрэт дачкі”, “Палескі нацюрморт”, “Бэз” — аб’екты мастацкага вырашэння, якія таксама становяцца блізкімі вобразамі, што ўзнаўляюцца праз паэтызацыю матыву кутка ў горадзе, вёсцы чалавечага жытла наогул.

Колер, фактура, настрой, танальнасць — вось галоўная “квадрыга”, на якой асэнсоўваецца ўвесь жывапіс Анатоля Бараноўскага.

Квінтэсенцыяй творчых памкненняў аўтара гучыць тэма “Гнёзды”. Як “родны кут” у вялікіх беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, у ёй пяецца пра Радзіму, яе людзей, навакольную прыроду. Становіцца зразумелым, што ўвесь наш свет аўтар прапускае праз сябе. Чалавек для мастака — таксама святло: узнёслае, аптымістычнае!

Творчы шлях Анатоля Бараноўскага — прыклад мастака-творцы, які ў пачатку ХХI стагоддзя працягвае трымаць сцяг рэалізму, узбагачаючы беларускае мастацтва паэтычным чараўніцтвам і каштоўным ззяннем перламутравай палітры.

Выстаўка ў многім падсумоўвае вялікі перыяд творчасці мастака, чый шлях у мастацтва пачынаўся ў 1960-х. Уражвае паслядоўнасць і мэтанакіраванасць Анатоля Васільевіча, які ўвесь час адкрывае ў сваіх пейзажах багацце матываў, настрою і каларыстычных адценняў роднага краю. Яму ўдалося прадоўжыць тую наватарскую традыцыю
 /i/content/pi/cult/179/1775/Vokny-u-svet2.jpg

А.Бараноўскі. “Спадчына. Мірскі замак”.

беларускага жывапісу 1920-х гадоў, звязаную з імпрэсіянізмам, які надаваў іншае, беларускае дыханне класічным вобразам. Гэты кірунак, магчыма, не адрозніваецца такім яркім сонцам Міжземнамор’я, але ён невычэрпна багаты на вытанчаныя адценні серабрыстых і льняных колераў краю лясоў, палёў, хуткаплынных рэк.

Кожнай рабоце жывапісца ўласцівы грунтоўны метад творчага пошуку ад першапачатковага ўражання, ад знойдзенага кутка прыроды да яго вобразнага завяршэння, дзе ўсё падпарадкавана агульнаму, амаль музычнаму гарманічнаму гучанню.

Анатоль Бараноўскірэдка паўтарае свае матывы, і кожны дзень для яго з’яўляецца працягам назірання, пошуку, адкрыцця прыроды, абароны чалавека ад усяго шкоднага і агрэсіўнага.

Пейзажы мастака — як адчыненыя вокны ў свет першаснасці, крынічнай чысціні, прасветленасці.


Людміла НАЛІВАЙКА,
кандыдат мастацтвазнаўства