Каб прадказанне не спраўдзілася

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Даўно нічога цікавага не было са Століна. І раптам не абы-якая навіна. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Столінскай раённай бібліятэкі Ірына Грэчка паведаміла пра конкурс “Кніга і мы”. Гаворка пра фотапраект на зададзеную тэму. Летась мы шмат пісалі пра бібліятэчныя дасціпныя знаходкі, скіраваныя на рост папулярнасці і кнігі, і чытання. Сёлета, натуральна, мы гэтую традыцыю працягваем. І як тут не згадаць выказванне геніяльнага Альберта Эйнштэйна: “Я баюся, што абавязкова наступіць той дзень, калі тэхналогіі пераважаць простыя чалавечыя зносіны. І свет атрымае пакаленне ідыётаў”. Вельмі страшнае прадказанне. І калі не супрацьпаставіць гаджэтам кнігу, дык...

/i/content/pi/cult/832/17749/16.jpg“Убачыць чалавека са смартфонам — звычайная справа, — піша Ірына Грэчка са Століна, — а вось з кнігай у руках — рэдкасць. Таму сапраўдныя прафесіяналы-бібліятэкары прыкладаюць нямала намаганняў для прыцягнення насельніцтва да чытання. Такім стаў і праект “Кніга і мы”. Рэалізоўваўся ён цягам мінулага 2020-га. Браў удзел у ім любы ахвотны. Патрабаванне да фота было немудрагелістым: адлюстраваць чалавека з кнігай. На конкурс прадставілі 43 фота не толькі са Століна ды раёна, але і з Мінска, Брэста, Ваўкавыска, Баранавічаў”. Выбраць пераможцу, сцвярджае аўтарка, аказалася няпроста. Калектыў цэнтральнай раённай бібліятэкі адабраў дзесяць здымкаў — прэтэндэнтаў на прызавыя месцы. Для больш аб’ектыўнага выбару было прапанавана прагаласаваць падпісчыкам сацыяльных сетак. Вось вынікі крэатыўнага суперніцтва. Усе пераможцы — са Століншчыны. Першае месца — у Наталлі Раманавай (197 галасоў) з Давід-Гарадка, якая займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “ProФота” мясцовага Цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік Аляксандр Кузьміч). Другое і трэцяе месцы падзялілі Карына Ярашэвіч і Надзея Агневіч з вёскі Верхні Церабяжоў і аграгарадка Рухча. Натуральна, што вынікам праекта стала фотавыстава. Яе можна наведаць і віртуальна ў сацсетках.

Мы сёння падсумоўваем у пэўнай ступені вынікі мінулага года. З гэтай нагоды адна са значных падзей — 80-годдзе Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці. Неаспрэчная заслуга ўстановы ў тым, што вобласць знакамітая фэстамі: “Каложскім Дабравестам”, “Лідскімі тэатральнымі сустрэчамі”, “Слонімскімі цудадзействамі”, “Панямоння жыватворнымі крыніцамі”… І яшчэ. Як распавядае рэдактар установы Ала Бялькевіч, амаль паўвека таму ў сценах метадцэнтра сямейная дынастыя Шунейкаў удасканаліла і аднавіла ткацтва тэматычных габеленаў. Унікальная майстэрня працуе і сёння. Метадыст выставачнай залы Алена Шунейка пераняла ад бацькі тэхніку падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, што ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Да слова, выставачная зала цэнтра арганізавала больш за 500 экспазіцый.

Яшчэ адзін юбіляр — Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Яму летась споўнілася 55 гадоў. Да слова, спачатку ён называўся гісторыка-рэвалюцыйным… Цяпер у адкрытым доступе экспануецца амаль 12 тысяч артэфактаў. Больш падрабязней пра дзейнасць установы распавядзе ў наступных нумарах “К” Ала Драган — адна з актыўных нашых пазаштатных аўтарак.

Не абысціся сёння і без гучнага рэха навагодніх свят. “К” пісала ўжо пра адкрыццё рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і Спадарыні Завірухі ў летніку “Бераставіцкі”. Святлана Ганчарова згадвае, з якім задавальненнем дзеці выконвалі заданні Дамавіка, Лазніка, Хлеўніка, Балотніка ды іншых вясёлых нячысцікаў, атрымлівалі салодкія пачастункі ад Зюзі, удзельнічалі ў парадзе снегавікоў і выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

“А ў Ваўкавыскім раённым Цэнтры культуры, — паведаміла загадчык аддзела культурных мерапрыемстваў Ларыса Ланіна, — быў рэалізаваны сельскі арт-праект “Агра-сіці_Новы год”. Інтэрактывы, песенныя і танцавальныя флэшмобы прайшлі спачатку ў аграгарадках Матвееўцы і Падароск”.

Піша настаўніца сярэдняй школы № 11 Ліды Наталля Анашкевіч.Васьмікласнікі на новы год наведалі мемарыяльны пакой літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея. У гэтым дамку жыў да вайны Валянцін Таўлай. У вобразе пісьменніка і яго жонкі вучняў сустрэлі музейшчыкі Алесь Хітрун і Надзея Хартановіч. Вось у такой інтэрактыўнай форме і прайшлі стасункі дарослых з дзецьмі. Літаральна ўсё нагадвала вандроўку ў машыне часу.

І яшчэ адзін ліст ад Наталлі Анашкевіч, у якім яна распавядае пра школьны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэалізацыі сацыякультурнага кластэра”. Наведванні Лідскага замка — адзін са складнікаў рэалізацыі дадзенага праекта.

Як заўжды, нізка навін з Ашмяншчыны. Пра навагодні канцэрт у Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў распавядае намеснік дырэктара ўстановы Таццяна Печкур.

Бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка Крэйванцы Валянціна Дзядзічкіна піша пра этнаграфічны куток пры сваёй установе. Цягам некалькіх гадоў мясцовыя жахыры прыносілі сюды прылады працы і побыту, якімі карысталіся іх бацькі і дзяды. Тут можна ўбачыць сёння калаўрот і жалезны прас, ручную веялку і серп, хамут і самы розны посуд. У кутку, распавядае бібліятэкар, пастаянна ладзяцца этнаграфічныя падарожжы “Прадметы мілай даўніны”.

Супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі Ашмян зладзілі дэсант у школах “Кніга ў госці да нас прыйшла”. Першакласнікі даведаліся аб тым, як правільна паводзіць сябе ў бібліятэцы, даведаліся пра фармуляры, абанемент і чытальную залу.

Канец мінулага года быў насычаны на самыя розныя культурныя падзеі. Вось, да прыкладу, што ўразіла гісторыка Аляксея Шалахоўскага: “На днях атрымаў па пошце падарунак — кнігу“Вадзяныя млыны Пастаўшчыны”. Яе аўтары настаўнік геаграфіі і астраноміі Ігар Пракаповіч і яго таленавітыя вучні 10 класа Пастаўскай гімназіі Іван Апанасевіч і Кацярына Семенас — удзельнікі краязнаўчага гуртка. Выданне мае наклад у паўсотні асобнікаў і аздоблена фотаздымкамі. Гэта сапраўдны даведнік, складзены на падставе экспедыцыйных даследаванняў, архіўных і літаратурных крыніц. Кніга будзе карыснай для ўсіх, хто цікавіцца культурай родных мясцін”. Выданне, відаць па ўсім, сапраўды ўнікальнае.

Яшчэ адзін даследчык Сяргей Чыгрын піша пра пісьменніка, краязнаўцу і музейшчыка з Маладзечна Генадзя Каханоўскага, якому споўнілася б 85 гадоў. Даўняе сяброўства звязвала гэтага чалавека з калекцыянерам і рэстаўратарам Алесем Сярожкіным з Оршы. Сярожкін напачатку 1990-х выдаваў разам з сябрамі газету “Беларускі калекцыянер”. Выйшла 25 нумароў. Далейшае існаванне газеты было спынена з-за недахопу фінансаў. Алесь Сярожкін захаваў лісты ад Генадзя Каханоўскага. Вось што той, да прыкладу, піша: “Полацкія хронікі падчас Першай сусветнай вайны аказаліся аж у Сімбірску, якія прадавалі пудамі, як паперу для абгорткі на рынку”.

Чарговы крэатыў з Дзяржынскага гарадскога Дома культуры, дзе ў закрытым фармаце прайшоў фестываль брэйк-дансу. Альтэрнатыўная харэаграфія тут — у пашане. А клубныя работнікі ў імкненні пазбавіцца ад фармалізму заўжды апярэджваюць час. Ухвальна!

Пра IX абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Івану Серыкаву, піша загадчык аддзела Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна. У мерапрыемстве бралі ўдзел 34 аматарскія калектывы. Лепшыя вызначаны ў аўтарскіх і народных танцах, у балетмайстарскіх пастаноўках.

І дзве навіны ад загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святланы Чубрык. Першая — пра вечары прыгожай славеснасці, прысвечаныя Адаму Міцкевічу. Другая — пра інтэрактыўныя чытанні,пра кніжную самаадукацыю для студэнтаў Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа.

Пішыце пра цікавае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"