Творчы народ

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Надзея ВАСІЛЬЧАНКА, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі:

/i/content/pi/cult/832/17746/10.jpg— Гэта прэмія — найперш высокая ацэнка нашай работы. І яшчэ, што вельмі прыемна, — своеасаблівы падарунак да 85-годдзя ўстановы. Не стамляюся паўтараць, што ў гэтым ёсць не толькі ўласна наша заслуга, але і нашых педагогаў па ўсёй рэспубліцы, іх выхаванцаў, бацькоў, якія клапоцяцца пра сваіх дзяцей.

Нам і сапраўды ёсць чым ганарыцца. Калі рыхтавалі дакументы на ўзнагароду, адзін толькі сціслы, літаральна пункцірны пералік зробленага “пацягнуў” на пяць старонак ёмістага тэксту. За вызначаны ўмовамі тэрмін у два гады мы арганізавалі і правялі больш як 250 разнастайных мерапрыемстваў, сярод якіх — міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі, конкурсы, агляды, выстаўкі, спектаклі, канцэрты і шмат чаго іншага.

/i/content/pi/cult/832/17746/11.jpgНават цяжка вызначыць найбольш значныя. Бо кожны праект для нас, праца кожнага творчага аб’яднання (а ўсяго іх у нас — 168) — гэта дадатковая цаглінка, важкі ўнёсак у выхаванне новых пакаленняў. Мы ж не замкнёныя на жыхарах адной сталіцы, курыруем амаль 9 тысяч выкладчыкаў па ўсёй краіне. Аказваем метадычную дапамогу — у тым ліку, праз шматлікія майстар-класы, семінары, канферэнцыі. Падрыхтавалі і выдалі 65 метадычных зборнікаў для педагагічных работнікаў усіх катэгорый і кірункаў дзейнасці. Яднаем выкладчыкаў і іх выхаванцаў на правядзенне сумесных праектаў — у тым ліку, з абагульненнем багатага замежнага вопыту.

Назаву, да прыкладу, Другі Міжнародны харэаграфічны форум “Тэорыя і практыка развіцця харэаграфічнай творчасці ў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Заўважылі, што найбольшая колькасць дзяцей задзейнічана зараз па гэтым профілі, і пачалі яго актыўна рухаць наперад. Да таго ж, тут важна захоўваць і папулярызаваць традыцыі беларускага народнага танца, клапаціцца пра якасць такіх заняткаў. Увогуле, вялікую ўвагу надаем далучэнню маладых пакаленняў да вечных каштоўнасцяў традыцыйнай культурнай спадчыны Беларусі, імкнемся выявіць і падтрымаць дзіцячыя таленты ў галіне народнай творчасці — менавіта на гэта скіраваны праект “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”. У яго рамках праводзім самыя разнастайныя творчыя паказы і спаборніцтвы, што спрыяюць вывучэнню і распаўсюджванню рэгіянальных нацыянальных традыцый.

А побач з даўніной — сучаснасць. І, адпаведна, выкарыстанне новых магчымасцяў, што дораць нам інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Замест таго, каб іх забараняць, імкнемся скіраваць у неабходны бок — тым больш, што анлайн-фармат у час пандэміі стаў сапраўдным выратаваннем: даў новыя магчымасці, вымусіў засвоіць новыя формы работы на адлегласці. Ёсць у нас уласны YouTube-канал, развіваем грамадскую актыўнасць падлеткаў, падтрымліваем маладых лідараў, валанцёрскі рух. Распаўсюджваем інтэлектуальныя гульні, праводзім квэсты, дзе патрэбны логіка мыслення, веды, кемлівасць, крэатыўны падыход.

У Беларусі дзейнічае міжнародная платформа “Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам”, ахоплена 26 гарадоў. Разам з прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) наш Цэнтр каардынуе гэтую дзейнасць: рэалізуем ініцыятывы, забяспечваем ўзаемадзеянне.

І патроху пачынаем рыхтавацца да юбілею. Дата нашага стварэння — 29 верасня 1936 года. Але святкаванні мы прызначылі на канец кастрычніка. Будуць зладжаны Міжнародная канферэнцыя, Міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без межаў”. Узнагарода дае новыя сілы, жаданне рабіць яшчэ больш.

Фота прадастаўлены Нацыянальным
цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі