Майстар са сваім гучаннем

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Cпецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сёлета быў уганараваны майстар народных мастацкіх рамёстваў Мар’ян Скрамблевіч. Самабытны майстар з’яўляецца супрацоўнікам Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці, філіяла Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.

/i/content/pi/cult/832/17744/8.jpgПа словах Мар’яна Антонавіча, шлях у культуру ў яго распачаўся даўно, яшчэ за савецкім часам, калі будучы майстар працаваў у гродзенскім аўтобусным парку № 1. Тут ён каля 30 гадоў кіраваў самадзейным хорам, які ў свой час быў нават дыпламантам усесаюзнага конкурсу.

— Тады тут, у аўтапарку, працавалі ўнікальныя майстры, якія і дапамаглі змайстраваць першую дудачку, — адзначыў Мар’ян Скрамблевіч. — Пасля гэтага, сур’ёзна захапіўшыся тэмай, перачытаў шмат літаратуры. А потым выбіраў і шукаў у лесе ды на балоце матэрыял для інструментаў, майстраваў, перайначваў, нешта пачынаў зноў… Так паступова і пачалося маё сяброўства з інструментамі, якіх адрамантаваць і зрабіць давялося ў жыцці нямала.

Як кажа Мар’ян Антонавіч, інструменты ён робіць з розных парод дрэва, бо кожнае з іх мае свой характар і непаўторнае гучанне. Напрыклад, яму даводзілася вырабляць інструменты і з сібірскага кедру, і з інданезійскага бамбуку, не кажучы ўжо пра беларускія асіну, вольху ці дуб.

Яшчэ адно захапленне майстра — аднаўленне музычных інструментаў. Дзякуючы намаганням Мар’яна Антонавіча, другое жыццё атрымалі дзясяткі баянаў, старадаўняя скрыпка ды некаторыя іншыя інструменты.

Разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца, эксперыментатар і проста сціплы мудры чалавек Мар’ян Скрамблевіч сваю майстэрню абсталяваў у бацькоўскай хаце, а ў Цэнтры культуры стварыў музейны пакой, дзе ў далечыні ад гарадской мітусні захоўваюцца звыш 300 музычных інструментаў.

Сёння многія музычныя вырабы самабытнага майстра ёсць у фальклорных калектывах і ў музеях Беларусі, навучальных і дыпламатычных установах, у прыватных калекцыях у ЗША, Канадзе, Францыі, Аўстрыі, Германіі. Творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча з Адэльска Гродзенскага раёна ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А яшчэ ён сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельнік міжнародных конкурсаў, Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна, лаўрэат прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны”, а яго прозвішча можна адшукаць і ў энцыклапедыі “Беларускі фальклор”.

Мяркую, пра творчасць Мар’яна Скрамблевіча мы яшчэ не раз раскажам на старонках “Культуры”. Бо, як я зразумеў з гутаркі са славутым майстрам, пра сваю працу ён можа расказваць доўга, аўтарытэтна і з веданнем справы. Што ж, гэта, прынамсі, яшчэ раз паказвае на прафесіяналізм Мар’яна Антонавіча і яскрава гаворыць пра яго адданасць свайму ўлюбёнаму захапленню — адраджэнню традыцый вытворчасці музычных інструментаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"