Калі чужыя дзеці — родныя

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Чужых дзяцей не бывае, сцвярджае народная мудрасць. Менавіта гэтыя словы заўсёды дапамагаюць у працы сям’і Барытоль з Салігорскага раёна. Таццяна Міхайлаўна і Андрэй Іванавіч, бацькі- выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу, атрымалі сёлета прэмію “За духоўнае адраджэнне” за выхаванне дзяцей-сіратаў і дзетак, якія засталіся без апекі бацькоў.

/i/content/pi/cult/832/17737/5.jpgАдзначу, што яшчэ ў 2019 годзе сям’я Барытоль была абвешчана пераможцам Мінскага абласнога фестывалю-форуму замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям”. А цяпер яны атрымалі і яшчэ адну значную ўзнагароду, сёння ўжо  — рэспубліканскага ўзроўню.

Увогуле Андрэй і Таццяна больш за 15 гадоў дораць любоў, пяшчоту, увагу і клопат дзецям, якія па розных прычынах засталіся без апекі бацькоў.

— Бацькамі-выхавальнікамі мы сталі амаль выпадкова, — кажа Таццяна Барытоль. — Мы з мужам не думалі браць дзяцей, гадавалі роднага сына. Але аднойчы знаёмыя папрасілі адвезці іх у інтэрнат у Дзяржынск — яны былі прыёмнымі бацькамі і хацелі забраць адтуль дзіця.

Там, у інтэрнаце, Таццяна і Андрэй пазнаёміліся з Валерам. Хлопчыку было 7 гадоў, ён быў вельмі падобны да 5-гадовага сына Барытоляў. Таму яны вырашылі ўзяць Валеру да сябе на летнія канікулы, а потым так прывыклі да яго, што пакінулі назаўсёды. Ды і дзеці — прыёмны і родны — вельмі паміж сабой пасябравалі, разлучаць іх не хацелася. Так Валера стаў першым, хто трапіў ў сям’ю Барытоляў.

Але гэта не ўсё. Крыху пазней прыёмныя бацькі даведаліся, што у Валеры ёсць яшчэ родныя брат з сястрой — Васю і Каці тады было па 11 і 10 гадоў, абодва жылі ў розных інтэрнатах. Каб дзеці не згубіліся, Андрэй і Таццяна вырашылі сабраць іх разам.

Вось так і атрымаўся пачатак той пачэснай справы, якая сёлета была адзначана дзяржаўнай узнагародай. Спярша Барытолі былі прыёмнай сям’ёй, а ў 2007 годзе Андрэю і Таццяне прапанавалі стаць бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу. Яны падумалі і пагадзіліся.

— Наша праца заключаецца ў тым, каб аднавіць сям’ю, вярнуць у сям’ю дзяцей, — кажа Таццяна Барытоль. — Таму часта даводзіцца працаваць не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі.

Падчас сваёй працы сям’я Барытоль ужо выпусціла ў вялікі свет больш за дзясятак выхаванцаў. І, дадам, у некаторых з іх ужо ёсць свае сем’і і свае дзеткі.