Сястра Хатыні

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

На Гомельшчыне ў Светлагорскім раёне была вёска Ала. 14 студзеня 1944 года яе не стала. Вёску знішчылі акупанты. Знішчылі і жытло, і людзей — 1758 чалавек, і сярод іх 950 дзяцей. То-бок значна болей, чым у вядомай на ўвесь свет Хатыні. У паселішчы, якое месцілася ў лясным гушчары, народу аказалася болей, нібы ў якім-небудзь мястэчку пры шырокай дарозе. Тлумачыцца гэта тым, што ў вёсцы ў чаканні вызваліцеляў — вайна ўжо павярнула на Захад, — знайшлі прытулак бежанцы з наваколля, якіх вайна пазбавіла жытла. Такой жудаснай карнай акцыяй акупанты адпомсцілі за гібель двух немцаў непадалёк ад вёскі Ала.

/i/content/pi/cult/832/17736/4.jpgПасля вайны Ала не адрадзілася. Пра тое, што калісьці тут жылі людзі нагадваў толькі сціплы памятны знак, што распавядаў пра іх пакутніцкую смерць. Сёлета на месцы спаленай вёскі з’явіўся мемарыяльны комплекс. Зместам, формай і канцэптуальным вырашэннем ён нагадвае нашу нацыянальную святыню Хатынь. Стваральнікі мемарыяла свядома пайшлі менавіта такім шляхам, каб праз падабенства мастацкіх форм нагадаць пра падабенства лёсу дзвюх вёсак, лучнасць трагічнай гісторыі Алы з нацыянальнай трагедыяй Беларусі.

Там, дзе калісьці былі дамы, паўсталі сімвалічныя парталы і каліткі. Гэтымі канструкцыямі нібыта лініяй у паветры намалявана неіснуючая вёска. У Хірасіме пасля атамнай бамбардзіроўкі на руінах будынкаў засталіся цені спапялёных людзей, пасля захаваліся цені спаленых людзей, а тут, можна сказаць, паўсталі прывіды спаленых дамоў. Для помнікаў такога роду званы ўжо ўспрымаюцца як абавязковы элемент. Ёсць званніца і ў Але.

Узводзіўся мемарыял метадам народнай будоўлі, бо так ці інакш да высокароднай справы далучыліся многія людзі — хто працай, хто рублём. А тыя, чый удзел паводле грамадскай думкі стаўся найбольш адметным і важкім, былі вылучаныя на высокую ўзнагароду — прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. І цяпер гэту ўзнагароду атрымаюць. Гэта галоўныя архітэктары праектаў адкрытага акцыянернага таварыства “Інстытут Гомельграмадзянпраект” Сяргей Пярвіцкі і Віктар Бельцюкоў, а таксама пісьменнік, ганаровы грамадзянін Светлагорска (і, дарэчы, наш сталы аўтар) Ізяслаў Катляроў. Менавіта Ізяслаў Рыгоравіч узначаліў грамадскую ініцыятыву па годным ушанаванні памяці ахвяр акупацыйнага рэжыму і першым зрабіў грашовы ўнёсак на дабрачынны рахунак дзеля гэтай справы.

Дарэчы, “К” праз свае старонкі пастаянна падтрымлівала гэты праект.

Цяпер у нашай свядомасці і ў нашым гістарычным прасцягу званы Хатыні рэхам адгукаюцца ў спаленай вёсцы Ала.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"