Дзякуй, урачы!

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Здаровыя дзеці — будучыня любога грамадства, яго безумоўная каштоўнасць. Так здарылася, што мінулы год стаў няпростым выпрабаваннем як для дарослага насельніцтва, так і для маленькіх жыхароў гарадоў і вёсак. У той ці іншай ступені пандэмія закранула ўсе ўзроставыя катэгорыі грамадзян.

/i/content/pi/cult/832/17735/3.jpgБеларускія дактары дастаткова хутка адаптаваліся да няпростай сітуацыі, працавалі практычна ў рэжыме 24/7, ацэньвалі сімптаматыку малавывучанай хваробы, яе аптымальнае медыкаментознае блакаванне, стваралі новыя падыходы і метады пры яе лячэнні. То-бок рабілі і робяць усё, што ад іх залежыць, каб аказаць годную медыцынскую дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Ужо вядома, што дзеці, як правіла, пераносяць каранавірусную інфекцыю менш цяжка, чым дарослыя, аднак сустракаюцца і сярод іх “няпростыя пацыенты”, якіх у медыцынскім асяроддзі называюць “цяжкімі” хворымі.

І ў былыя часы, нягледзячы на тое, што Мінская дзіцячая інфекцыйная бальніца мае статус гарадской, у яе прыёмны пакой пры неабходнасці прывозілі найбольш складаных хворых практычна з усёй рэспублікі. Зразумела, год працы лекараў ва ўмовах з каранавіруснай інфекцыяй дадаў ведаў, вопыту, болю і перамог.

За ўмацаванне ідэй гуманізму ў сучасным беларускім грамадстве, самаахвярную працу па аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву ў перыяд эпідэміі COVID-19 калектыў установы здароўя “Гарадская дзіцячая інфекцыйная бальніца” Мінска быў узнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

Калектыў “К” шчыра дзякуе ўсім медыкам Рэспублікі Беларусь за штодзённую цяжкую самаахвярную працу і жадае ім, іх сем’ям, родным і блізкім моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў.