Пакуль стаўка робіцца на брэнд...

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Прэстыжны даважак або мэтанакіраваны менеджмент? — гэта высвятляў наш карэспандэнт у студэнцкай аўдыторыі БДУКіМ

 /i/content/pi/cult/179/1773/BDUKiM.jpg
Мінулы
тыдзень першакурснікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў завяршылі пасвячэннем у студэнты. За гэтай урачыстасцю, акрамя святочнага настрою, стаіць яшчэ адно, вызначальнае: моладдзю зроблены першы крок у выбраную прафесію.
Наколькі гэты выбар асэнсаваны? Пакажа… 2013 год, калі гэтым хлопцам і дзяўчатам, тады ўжо пяцікурснікам, трэба будзе размяркоўвацца, распачынаць працоўную дзейнасць. Пакуль жа першакурснікі у фае Цэнтральнага Дома афіцэраў, дзе разгарнулася выстаўка работ кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і граў студэнцкі “біг-бэнд”, кажуць, што ішлі вучыцца ў БДУКіМ мэтанакіравана. Хтосьці — натхніўшыся досведам родных або педагогаў, хтосьці — імкнучыся развіваць уласныя творчыя здольнасці. І адметнасць студэнтаў БДУКіМ сярод іншых ВНУ, і асэнсаванасць выбару прафесіі закраналі ў сваіх выступленнях намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, рэктар універсітэта, прафесар Барыс Святлоў, жадаючы добрага шляху першакурснікам.

Так, для развіцця талентаў і здольнасцей ва універсітэце культуры і мастацтваў ёсць усе перадумовы, і прыкладаў, на чые вяршыні можна арыентавацца, на канцэрце-пасвячэнні было прадстаўлена дастаткова. Капэла беларускіх народных духавых інструментаў “Гуды” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Грома, таленты, раскрытыя Святланай Гуткоўскай на народным і эстрадным аддзяленнях кафедры харэаграфіі, мужчынскі хор “Віват” і Маладзёжны эстрадна-сімфанічны аркестр… Ды і шырыня рэпертуару ўражвае: ад беларускіх аўтарскіх і фальклорных твораў — да Джузэпэ Вердзі і Дзюка Элінгтона.


Кім быць? Выбар першакурснікамі зроблены і “пасвечаны” ў святочнай атмасферы. Кім стаць праз пяць гадоў студэнцтва, як і дзе працаваць?

Пра гэта карэспандэнт “К” запытаўся ў другакурснікаў універсітэта, што атрымліваюць адукацыю па спецыяльнасці “Менеджмент сацыякультурнай сферы”. Ім выпускацца ў 2012-ым. Адметна, што студэнты вучацца па гэтай спецыяльнасці, у асноўным, на платнай аснове. У выніку гэтага бракуе ўпэўненасці, што аддзелы культуры райвыканкамаў атрымаюць неабходную ім колькасць спецыялістаў, якія не толькі змогуць арганізаваць тое ці іншае мерапрыемства, развіваць творчы складнік, але і паставіць справу з улікам фінансавай мэтазгоднасці. Цяжка не пагадзіцца: менеджэр у любой сферы, у тым ліку і ў сацыякультурнай, — гэта найперш спецыяліст па продажах. А якраз эканамічна мэтазгоднае кіраванне культурай патрабуе планавання і стратэгіі развіцця ўсіх узроўняў, дзе рэпрэзентуецца культура. Зрэшты, пакуль стаўка робіцца на брэнд спецыяльнасці менеджэра. Але ці адпавядае запатрабаванасць у такіх спецыялістах устаноў культуры рэальнай прапанове? Пра гэта і гутарым са студэнтамі.

Карэспандэнт:
— У вашым дыпломе на выпускным курсе будзе запісана спецыяльнасць “Менеджэркультуролаг”. Мяркуючы па гэтым, вас рыхтуюць найперш для кіравання, адміністравання сферы культуры… Але што тычыцца тэрміну “культуролаг”, то яго пераклад з грэчаскай мовы гучыць з навуковым адценнем — “той, хто вывучае культуру”...
Вадзім МАЖЭЙКА:

— Мы і вывучаем яе для таго, каб паспяхова здзяйсняць абавязкі па кіраванні ёй, арганізацыі мерапрыемстваў. Але пад словам “менеджэр” маецца на ўвазе не абавязкова пасада кіраўніка. Гэта арганізатар, у дадзеным выпадку — культурна-масавых мерапрыемстваў, абазнаны ва ўсіх этапах іх правядзення. А правесці, скажам, фэст сучаснага танца без ведання агульнай сітуацыі ў харэаграфіі — немагчыма. Таму, атрымліваецца, што мы абазнаныя ў розных сферах і падрыхтаваныя да “сутыкнення” з імі.

Настасся ШЫМАНСКАЯ:

— І вучэбныя праграмы, прынамсі, для нашай спецыяльнасці, даволі разнастайныя, каб быць кампетэнтнымі. Па нашай спецыяльнасці менавіта з такім запісам у дыпломе быў толькі адзін выпуск. Нашы студэнты трапілі ў сферу турызму, гасцінічны бізнес, дзе займаюцца арганізацыяй культурных мерапрыемстваў, а таксама сёй-той трапіў у шоу-бізнес. Раней выпускалі спецыялістаў па культурна-дасугавай дзейнасці, культасветработнікаў. Скажам, мая маці некалі вучылася на культасветработніка, а я ўжо буду менеджэрам.

Карэспандэнт:
— Падаецца, што сама назва вашай спецыяльнасці цалкам адпавядае таму, што сучасная культура павінна зарабляць грошы і быць эканамічна эфектыўнай...
Настасся ШЫМАНСКАЯ:

— А тут проста няма іншых варыянтаў: любое новаўвядзенне, кожная спроба новага падыходу да справы патрабуе фінансавання. Так, на пачатку гэта можа быць дзяржаўная падтрымка. Але з часам усё павінна акупляцца.

Вадзім МАЖЭЙКА:

— Падаецца, што ў сучасным грамадстве наша спецыяльнасць нават парадаксальна выглядае. Прэстыж культуролага, прынамсі, у фінансавым эквіваленце, — не самы высокі, прэстыж менеджэра — наадварот…

Настасся ШЫМАНСКАЯ:

— Але ж менеджэры сёння патрэбны, а заўтра — не. Тым больш, калі з наступнага года будуць вучыцца чатыры гады, то на рынак працы выйдзе ў адзін з выпускаў удвая больш спецыялістаў, паколькі супадуць выпускі “чатырохгадовых” і “пяцігадовых” курсаў. Куды мы пойдзем?

Вадзім МАЖЭЙКА:

— Попыт ідзе насустрач прапанове. А Яна расце! Культуралогія будзе ўратоўваць менеджмент ад усёпранікальнай практычнасці, кааб наша адукацыя была неяк звязана з нацыянальнай культурай, а менеджмент будзе ўратоўваць культуралогію, каб гэта было папулярна і сюды ішлі людзі. Пагадзіцеся, выключна на культуру ў чыстым выглядзе пайшло б вучыцца значна менш людзей, чым з такім прэстыжным даважкам.

Марыя ШАЦІЛА:

— Але пакуль далёка не ўсе становяцца менеджэрамі. Сутыкнуўшыся з працай у дамах культуры, магу ўявіць, які заробак будзе ў мяне як маладога спецыяліста…

Карэспандэнт:
— А вы гатовы ехаць у рэгіёны краіны і працаваць культасветнікамі на месцах, каб здзяйсняць тое, што задумалі?
Настасся ШЫМАНСКАЯ:

— Я гатова. І досвед ужо маецца!

Павел РАХМАНЬКО:

— А мне давялося з дзяцінства “абкатаць” столькі вёсак, што нічога страшнага для сябе тут не бачу.

Алена РАМАНЧАНКА:

— На мой погляд, справа — у прыстасаванні да тых умоў, куды трапіш па тым жа размеркаванні.

Вадзім МАЖЭЙКА:

— Так, калі будзе нармальная крама, жыллё, камунальныя выгоды, то ніякіх праблем. Вядома, стаіць таксама пытанне годнага заробку, у тым ліку і для моладзі ў прафесіі. Але адмовы ехаць у рэгіёны няма.

Карэспандэнт:
— Падаецца, з гэтага фарміруецца і прэстыж работнікаў культуры.
Павел РАХМАНЬКО:

— У культуры, на маю думку, “лішніх” людзей не бывае: усе ў гэтай сферы “хварэюць на культуру”. І нават кожны з нас звязаны так або інакш (напрыклад, праз бацькоў) з гэтай сферай. Я з самага дзяцінства на сцэне. Думаю, што дамы культуры даюць узняць планку для далейшага развіцця. Калі трапіў у патрэбную плынь — далей пойдзе па ўзрастаючай.

Настасся ШЫМАНСКАЯ:

— Я працавала летам у сельскім клубе і была “мастацкім кіраўніком”. Што мы рабілі? Размаўлялі пра жыццё! А я, малады работнік, поўны сіл і энергіі, пытаюся: а як жа мерапрыемства, калі рыхтаваць, што паказваць? Так і доўжылася да апошняга, калі мне сказалі: “Заўтра прыйдзеш правесці канцэрт”.

Павел РАХМАНЬКО:

— Мой прыклад — іншы. У маім Дзяржынску Дом культуры займае адну з вядучых пазіцый у вобласці і па матэрыяльна-тэхнічнай базе, і па творчым патэнцыяле. Я ўжо казаў, што больш за 10 гадоў пры ім. Галоўнае, каб кіраўнік быў добры, што закладзе ў вучня імпэт і натхненне.

Марыя ШАЦІЛА:

— Прэстыж вызначаецца і тым, як мы самі сябе падаём, і тым, як да нас ставяцца іншыя. Чуючы пра спецыяльнасць “Менеджэр-культуролаг”, мне часта расчаравана кажуць: “Дык ты тамада! Будзеш вяселлі весці”.

Павел РАХМАНЬКО:

— Тамада… Але не будзе нас, і якія стануць канцэрты? Хто будзе іх рыхтаваць? Таму, урэшце, усё ўпіраецца ў кадравае пытанне.

Алена МАРЧАНКА:

— Але ці ўсім патрэбны нашы выступленні?

Павел РАХМАНЬКО:

— Я рабіў праграму адмыслова для работнікаў завода — і ўсё атрымалася.

Настасся ШЫМАНСКАЯ:

— Мы летам таксама выступалі на збожжатоку, і мне прыемна было бачыць вясёлыя твары работнікаў гаспадаркі, якія ў хвіліны перапынку далучыліся да той жа народнай песні.

Алена МАРЧАНКА:

— Дык, мусіць, тут трэба дзейнічаць па прынцыпе: “Калі не мы, дык хто?”

Карэспандэнт:
— Падводзячывынік: прафесійны прэстыж работнікаў культуры — гэта...
Павел РАХМАНЬКО:

— Энтузіязм.

Марыя ШАЦІЛА:

— Крэатыўнасць.

Настасся ШЫМАНСКАЯ:

— Рознабаковасць.

Алена МАРЧАНКА:

— Работнік культуры нясе свята людзям.

Вадзім МАЖЭЙКА:

— Увогуле, прэстыж прафесіі падтрымліваць і ўзнімаць якраз нам.

Марыя ШАЦІЛА:

— Зрэшты, не хвалюйцеся: пра нас яшчэ даведаюцца!

***

Ужо выключыўшы дыктафон, запытаўся: які праект хацелі б рэалізаваць на працягу трох наступных гадоў вучобы ў БДУКіМ? Адказ папраўдзе здзівіў: студэнты жадаюць на высокім узроўні правесці фестываль, дзе нароўні з творамі маладых рок- і поп-гуртоў будуць гучаць народныя кампазіцыі ў аўтэнтычным выкананні. Чаму б, маўляў, не наладзіць дыялог пакаленняў, знаёмства з культурай розных часоў і нават гістарычных пластоў?

Зрэшты, і ў віртуальным палілогу работнікаў культуры, які разгарнуўся ў гэтым нумары, пазіцыя маладосці будзе пачута. Тым больш, што праблемы прэстыжу прафесіі трэба, на іх думку, вырашаць сваімі сіламі. Вузкае прафіляванне, уласцівае для іх спецыяльнасці, выводзіць пытанне на новы ўзровень: эфектыўнага, эканамічна абгрунтаванага кіравання і адміністравання галіны.

Праўда, пакуль што здзіўляе, што спецыяльнасць у асноўным платная. Студэнты жартуюць: “хлопчыкі — бюджэтнікі, дзяўчынкі — платнікі”. Але ці да жартаў, калі менавіта такія спецыялісты патрэбны галіне? У іх падрыхтоўцы і працаўладкаванні павінны найперш быць зацікаўлены мясцовыя ўлады кожнага рэгіёна. І ў гэтым таксама адна з граней прафесійнага прэстыжу.


Сяргей ТРАФІЛАЎ
Фота Пятра ОВАДА і
Андрэя СПРЫНЧАНА