“Мароз, хадзі куццю есці!”

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Святкаванне Божага Нараджэння ў Адэльску
Прыгожа і спакойна ў гэтыя зімовыя дзянькі ў Адэльску. Ужо прыбраліся на сваіх падворках і ў хатах вяскоўцы (гэта важны мясцовы рытуал перад Калядамі), над ваколіцамі лунае цудоўны пах святочных прысмакаў, у кожнай хаце ўпрыгожана “хваінка” (ёлка), і будуць спяваць “коленды” (калядныя песні), а пакуль... А пакуль — Адвэнт. Адэльск захаваў у сваёй душы чысціню і высокароднасць. Яго старыя вуліцы, помнікі даўніны, святы Антоній, гукі касцельнага аргана і дудак Мар’яна Скрамблевіча здольны вылечыць ад жыццёвай мітусні і прымусіць падумаць пра вечнае, успомніць, хто мы, адкуль і куды ідзём.

/i/content/pi/cult/830/17728/23.jpgНаогул, 530-гадовае мястэчка выклікае замілаванне: каменны крыж на ўездзе, акуратныя зімовыя падворкі, драўляны касцёл часоў ВКЛ, статуя святога Антонія, патрона Адэльску. Аграгарадок Адэльск — былое мястэчка на Гродзеншчыне, край ветракоў і млынароў. А яшчэ тут захоўваецца ўнікальная тэхналогія ткацтва падвойных, дзвюхасноўных дываноў, тэхналогія вырабу адметных велікодных вербачак, якія рабіліся толькі ў гэтым рэгіёне. Адэльчане пякуць хлеб па адмысловым рацэпце. Традыцыйная кухня аграгарадка (бігас, бабка з кішкай, пончыкі) занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, як, дарэчы, і творчасць майстра па вырабе драўляных музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча.

Сімвалы і знакі

Жыхары Адэльска лічаць сябе палякамі, размаўляюць на трасянцы (на польскі манер мясцовыя вымаўляюць імя святога ў родным склоне: касцёл “свентэга Антанега”), захоўваюць народныя беларускія традыцыі ды сябруюць з усімі. Завітаем у іх свет і даведаемся пра некаторых з іх: як жывуць, што ядуць і як да святаў рыхтуюцца.

Адвэнт — асаблівы час для католікаў, перыяд чакання Божага Нараджэння. Традыцыйна ён пачынаецца ў чацвёрты да Раства тыдзень.

У перыяд Адвэнту вельмі важным знакам, які часта праяўляецца ў дамашняй літургіі, з’яўляецца свечка. Свечкі і ліхтарыкі маюць багаты сэнс, гэта — сімвал радасці, жыцця хрысціяніна.

Чарговым простым знакам можа быць “сена добрых учынкаў”. Гэты звычай таксама абавязкова захоўваюць у адэльскіх сем’ях, яго называюць “Ясэлкі”. У першую нядзелю Адвэнту кожнае дзіця атрымлівае ад бацькоў пустыя яслі. З таго часу кожны дзень вечарам падчас вячэрняй малітвы хлопчык ці дзяўчынка робіць рахунак сумлення і за кожны добры ўчынак укладае адну сцяблінку сена ў яслі. Гэта — дар маленькага верніка для Божага Дзіцяткі як даніна памяці аб Яго нараджэнні.

— Сімвалам калядаў з’яўляецца певень ды васьміканечная калядная зорка, — распавядае майстар Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавалькова. — Увечары 24 снежня сем’і збіраюцца на вігілію з поснымі стравамі, апоўначы ідуць на пастэрку — адмысловую Імшу на Раство. На святочны стол гаспадыні пякуць хатні хлеб, збіваюць свойскае масла ды вырабляюць сыр. Малочныя вырабы, а таксама бабка з кішкай ужо сталі харчовым брэндам мястэчка.

“Упярод (“раней”) пастэркі ўвечары не было. Была вігілія ў хаце, а пастэрка — раненько, ў сем часоў, — тлумачыць Лілія Раткоўская. — Гатовім вячэру: ламанцы пячэм, мак мелем, робім галубцы посныя з грыбамі, пярлоўкай ды маркоўкай. Модлімса, чытаем кусочак Эвангеліі. Пасля ўключаем Польшчу, слухаем календы, спяваем ды чакаем, каб пайсці да касцёла. Божае Нараджэнне побач з Вялікаднем з’яўляецца самым урачыстым сямейным святам, з’язджаюцца да бацькоў і з далёк, і з блізку”.

Начное няспанне

Каляды ў Адэльску святкуюць “па-даўнейшаму”, адзначаюць ужо з вечара 24-га, які называюць “вігілійным”. У перакладзе з лацінскай “вігілія” — чуваць, не спаць, пільнаваць, “начное няспанне”, у праваслаўным абрадзе тое ж азначае “сочельник”. Лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста, прымусіўшы Марыю нарадзіць Дзіця ў стайні.

Стол, за якім збіраюцца родныя, засцілаюць белым абрусом, пад які абавязкова кладуць трошкі сена як напамін пра нараджэнне Хрыста не ў нейкім палацы, а ў просценькай стайні.

Назаўтра сена, што ляжала пад абрусам, аддавалі свойскай жывёле. Адначасова абрус сімвалізуе чысціню алтара, на якім Езус у царкве ці касцёле штодзень падае вернікам хлеб і віно, пераўтвораныя ў Ягоныя Цела і Кроў.

У цэнтры стала ставяць запаленую свечку (сімвал Віфлеемскай зоркі) і кладуць на талерку аплаткі, часам таксама фігурку нованароджанага Езуса і Евангелле. З ежы падаюць толькі посныя стравы. Многія гаспадыні стараюцца, каб іх было менавіта 12 — па ліку апосталаў.

Пшаніца, мак і мёд

У Адэльску куццёй называюць і саму вігілійную вячэру. Акрамя кашы, падаюць рыбныя стравы альбо селядзец, макавае малачко з баранкамі, ламанцы, аўсяны кісель, грыбы або грыбную поліўку, вараныя буракі, прыпраўленыя арэхамі ці чарнаслівам, і іншыя посныя стравы, і, канешне, куццю. Асноўнымі кампанентамі вігілійнай куцці традыцыйна лічыліся пшаніца, мак і мёд — сімвалы дастатку і пладавітасці. Дарэчы, пра калядную куццю няма згадак у Евангеллі, але гэта традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне.

“Калі сядаем за вігілійны стол падчас Божага Нараджэння, то не ўяўляем сабе яго без аплатка. Перш за ўсё трэба заўважыць, што ламанне аплаткам напрамую звязана з найважнейшым Сакрамэнтам Касцёла — Эўхарыстыяй. Вядома, для нас, веруючых у жывую прысутнасць Хрыста ў сваім Целе і Сваёй Крыві, ламанне аплаткам з’яўляецца сімвалам спажывання Эўхарыстычнага хлеба, які з’яўляецца, самім Хрыстом”, — расказвае Лілія Раткоўская.

Аднак, ламаючы гэты кавалак хлеба і дзелючыся ім паміж сабой, мы павінны памятаць, што асновай гэтага абрадавага дзеяння з’яўляецца традыцыя мінулых часоў, а сам абрад мае глыбокі сэнс.

Практыка выпечкі прэснага хлеба, не кіслага, такога, якога ўжываў Пан Езус на апошняй вячэры, паходзіла з часоў біблійных, ад Маісея і захавалася ў касцеле да сёняшняга дня, хаця сучасны хлеб мае іншы выгляд. Аплатак, які мы сёння знаем, упершыню пачалі выпякаць законніцы з бэнэдыктынскага кляштара ў Францыі. Менавіта адтуль гэты звычай распаўсюдзіўся на ўсю Еўропу і разам з хрысціянствам прыбыў на нашую зямлю.

Да першай зоркі

За стол садзіліся пасля таго, як на небе з’явіцца першая зорка. У час вячэры есці першым пачынаў гаспадар, які сядзеў на покуці, a ўслед за ім — астатнія з сям’і па старшынстве. Прычым, адно месца пакідаюць свабодным — як памяць аб памерлых і падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.

Перш чым пачаць есці куццю, гаспадар казаў, звяртаючыся да акна ці стукаючы ў сцяну: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці!” Было прынята варажыць па даўжыні выцягнутых сцяблінак сена, ці добры летам вырасце лён. Хтосьці са старэйшых у сям’і чытае ўрывак з Евангелля паводле Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса. Затым усе моляцца разам і дзеляцца асвечанай аплаткай. Апоўначы і дарослыя, і дзеці адпраўляюцца на галоўную калядную святую Імшу — Пастэрку.

Сакрэты кулінарыі

Нам у спадчыну ад старажыл Адэльску засталіся і цікавыя кулінарныя традыцыі — гэта прастата народных рэцэптаў, разнастайнае выкарыстанне мясцовых прадуктаў і незвычайныя спосабы гатавання. Асаблівае месца ў адэльскай нацыянальнай кухні займаюць абрадавыя стравы. Яны рыхтаваліся да сямейных свят або святнароднага календара. Сакрэты беларускай традыцыйнай кулінарыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, а сёння многія сем’і, асабліва маладыя, вельмі шануюць рэцэпты апетытных і карысных страў бабуль.

Старыя рэцэпты былі, з аднаго боку, — простыя, а з другога, — унікальныя па смакавых якасцях. Нагадаем, што пяць гадоў таму “Традыцыйная рэгіянальная кухня аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці” была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. А мясцовыя жыхары Адэльска (Марыя Іодэль, Тэрэза Шупіцкая, Рэгіна Саловіч, Гелена Барцэвіч, Мар’яна Кандрусевіч) з радасцю не толькі пачастуюць самабытнай ежай, але і навучаць яе гатаваць.

На Каляды па сённяшні дзень у Адэльску гатуюць ламанцы, як старэйшыя носьбіты мясцовай культуры, так і маладыя. Цымас, капытцы, бігас і іншыя стравы выкарыстоўваюць амаль ва ўсе каляндарныя святы (Зялёныя святкі, Вялікдзень, Янаў дзень і іншыя.).

Дзякуючы фальклорным экспедыцыям работнікі культуры занатавалі старадаўнія рэцэпты адэльскіх кулінараў, якія ўвайшлі ў тры невялікія выданні “Местачковыя прысмакі”, “Усё небяда — калі ёсць хлеб ды вада”, “Кухня з водарам традыцый” і перакідны каляндар “Рэцэпты лепшых адэльскіх страў” з серыі “Адэльская спадчына”.

Шчодрыкі

Як і раней, абавязкова на багатую куццю існаваў звычай шчадраваць (хадзіць па хатах з віншаваннямі), калядоўшчыкам клалі ў торбы сала, сырыя каўбасы, блінцы, сыр і гэтак далей.

Самыя пабожныя сем’і запрашаюць у сваі дамы ксяндза “па Калядзе”. Кожны год пасля свят Божага Нараджэння мы чуем у касцёле, што святар распачынае каляду. Гэта значыць, трэба запісацца і запрасіць ксяндза на сустрэчу да сябе дамоў.

Дарэчы, традыцыі з майго дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Мішкінікі, што каля Адэльску, пачалі ўзнаўляцца і ў горадзе. Калі мае сыны былі малымі, мы разам а сёмай гадзіне з ранку са свечкамі хадзілі ў горадзе ў касцёл на Рараты, пасля дзеці беглі ў школу, а я на працу, падчас Адвэнту заўсёды ўзмоцнена малілася. А напярэдадні святочнай імшы рыхтавала для сям’і Вігільную вячэру, на якой замест мяса была ўсялякая рыба. Таксама гатавалі “мак” — булачкі з макам, і куццю. А пасля хадзіў ксёндз па Калядзе. Святар пытаўся ў дзяцей, ці ведаюць малітвы, у дарослых — як часта ходзяць у храм.

Сёння ўжо не хочацца заставаца на Каляды ў горадзе, таму едзем на вёску, да старэйшых родзічаў, каб парадавацца і пабыць разам, каб не было, як кажуць, заўтра позна.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра