“Смелы чалавек” Аляксандр Гутковіч

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Да 100-годдзя з дня нараджэння творцы
У 1950 — 1980-я гады імя гэтай асобы было добра вядома не толькі жыхарам нашай рэспублікі, але і ўсяго Савецкага Саюза. А ў 1971 годзе, пасля выхаду тэлефільма “Уся каралеўская раць”, яго вядомасць павялічылася шматкроць.

/i/content/pi/cult/830/17724/17.jpgАмаль паўстагоддзя таму чацвёрты том “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі” (Мн., 1971) вызначаў А.Гутковіча як “беларускага савецкага драматурга і рэжысёра”. Пяты том 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі” (Мн., 1997) называе Аляксандра Захаравіча (Абрама Залманавіча) Гутковіча “рэжысёрам тэлебачання”. Гэта не зусім дакладна і поўна. На самой справе ён быў таленавітым савецкім і беларускім кінарэжысёрам, акцёрам, рэжысёрам тэлебачання, сцэнарыстам, драматургам, тэатральным крытыкам і педагогам. Іншымі словамі, гэта ўнікальны дзеяч беларускай культуры, дзеяч шматграннага таленту. Яго нездарма называлі гонарам беларускай культуры.

Малая радзіма Гутковіча — мястэчка Аскеры (сёння ў складзе вёскі Вярхоўе Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці). Тут 20 снежня 1920 года ў сям’і каваля Залмана і Цывы Гутковічаў пачаўся яго жыццёвы шлях.

У 1935 годзе Аляксандр скончыў Вярхоўскую сямігодку, затым год вучыўся ў Мінскім будаўнічым тэхнікуме. Пасля гэтага ён здаў экстэрнам экзамены за 8-мы і 9-ты класы Бешанковіцкай сярэдняй школы. Пазней стаў студэнтам Ленінградскага інстытута інжынераў прамысловага будаўніцтва, але вучоба ў вышэйшай тэхнічнай навучальнай установе не задавальняла юнака, таму што ён заўсёды марыў аб тэатральнай сцэне.

Правучыўшыся год у інстытуце, Аляксандр усё ж пачаў ажыццяўляць сваю запаветную мару: з 1938 года пайшоў займацца ў тэатральную студыю пры Вялікім драматычным тэатры імя М.Горкага ў Ленінградзе. Адначасова ён працаваў артыстам дапаможнага складу гэтага тэатра. У 1939 годзе Аляксандр працягваў сваю вучобу на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута. У канцы таго ж года ён быў прызваны ў шэрагі Чырвонай арміі. Аляксандр Захаравіч служыў радавым стралковага палка, культмасавым работнікам у палітычным аддзеле спецыяльных войск Ленінградскага гарнізона.

/i/content/pi/cult/830/17724/18.jpgУ маі 1941 года ён дэмабілізаваўся і прыехаў да бацькоў у Бешанковічы, куды яны перабраліся з вёскі. Тут Аляксандра Гутковіча і заспела Вялікая Айчынная вайна. Разам са сваякамі ён эвакуіраваўся ў Ніжні Тагіл, дзе стаў начальнікам клуба ваеннага завода, а потым ваеннага шпіталя ў горадзе Бійску.

У 1942 годзе Гутковіча мабілізавалі на фронт. Ён быў актыўным удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і ваяваў на Калінінскім, 3-м Беларускім і 3-м Прыбалтыйскім франтах. Аляксандр Захаравіч прыняў удзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у якасці супрацоўніка (загадчыка справаводства) разведвальнага аддзела 39-й арміі 3-га Беларускага фронта, якім камандаваў генерал арміі Іван Чарняхоўскі. За баявыя заслугі Гутковіч быў узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, многімі медалямі.

Пасля вайны ён у 1945 годзе паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У час вучобы А.Гутковіч з’яўляўся штатным, потым пазаштатным рэпарцёрам БелТА па Мінску, а ў 1948 — 1950 гадах — пазаштатным карэспандэнтам газеты “Звязда”.

У 1949 годзе Аляксандр Захаравіч скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс аднаго са стваральнікаў беларускага тэатра, народнага артыста Беларусі, прафесара Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча) і восем гадоў - па 1957-мы — працаваў акцёрам у Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я.Коласа. З таго ж года Аляксандр Гутковіч стаў педагогам, загадчыкам педагагічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

У 1961 годзе ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

З 1959 года Аляксандр Гутковіч працаваў рэжысёрам на рэспубліканскай студыі тэлебачання і зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Калегі называлі яго “прафесіяналам высокай пробы”. У сваіх тэлевізійных пастаноўках Аляксандр Захаравіч у адрозненне ад многіх рэжысёраў імкнуўся да найбольш дакладнага пераноса літаратурнай першакрыніцы на тэлеэкран. Яго пастаноўкі вызначаліся добрымі сцэнічнымі якасцямі, шматграннасцю мастацкіх вобразаў і актуальнасцю праблематыкі, яе сацыяльным гучаннем, дэталёвай распрацоўкай характараў персанажаў.

Найбольш значнымі тэлевізійнымі пастаноўкамі А.Гутковіча былі: “Калі зліваюцца рэкі” паводле П.Броўкі (1961), “Гады вандраванняў” А.Арбузава, “Трэцяе пакаленне” паводле К.Чорнага (1964), спектакль-трылогія “Людзі на балоце” паводле І.Мележа (1965, Дзяржаўная прэмія БССР 1966 года), “Трывожнае шчасце” паводле І.Шамякіна (1968, сцэнарый разам з І.Шамякіным), “Сустрэчы і ростані” паводле І.Мележа (1973),“Сцяг брыгады” паводле А.Куляшова (1975), “Чужая бацькаўшчына” паводле В.Адамчыка (1983), “Алімпіяда” па раману І.Пташнікава (1988),  — ва ўсіх і як сцэнарыст. Пабачылі эфір і аднаактовыя п’есы самога Гутковіча “Кветкі для Алесі” і “Устаць! Суд ідзе” (паводле нарысаў Я.Богата), пастаўленыя ў 1988 годзе.

Але галоўная праца Аляксандра Гутковіча — гэта тэлевізійны серыял паводле рамана амерыканскага пісьменніка Роберта Пэна Уорэна “Уся каралеўская раць” (пастаўлены ў 1971 годзе разам з рэжысёрам Навумам Ардашнікавым). У ім здымаліся такія выдатныя акцёры як Георгій Жжонаў, Міхаіл Казакоў, Ала Дзямідава, Таццяна Лаўрова, Барыс Іваноў, Расціслаў Плят, Алег Яфрэмаў, Аляксандра Клімава ды іншыя.

Вялікі рэзананс выклікаў і тэлевізійны серыял А.Гутковіча “Атланты і карыятыды” (1980) , пастаўлены паводле рамана беларускага пісьменніка Івана Шамякіна. У ім здымаліся вядомыя акцёры Яўген Лазараў, Усевалад Сафонаў, Яўген Еўсцігнееў, Мікола Яроменка, Расціслаў Янкоўскі...

Разам з Ф.Казоўскай А.Гутковіч зрабіў інсцэніроўкі раманаў Д.Граніна “Шукальнікі” — “Андрэй Лабанаў” (пастаўлены тэатрам імя Я.Коласа), К.Чорнага “Трэцяе пакаленне” — “Уласнасць” (пастаўлены Бабруйскім вандроўным драматычным тэатрам, 1958).

Літаратурнай працай Аляксандр Захаравіч займаўся з 33 гадоў. Разам з У.Хазанскім ён напісаў п’есу “Юныя мсціўцы” (пастаўлена ў 1957 годзе Беларускім дзяржаўным драматычным тэатрам імя Я.Коласа і Рэспубліканскім тэатрам юнага гледача”). Гутковіч ажыццявіў пастаноўкі спектакляў “Праўда і шчасце” ў Брэсцкім абласным тэатры (1959), а таксама “Справа яе жыцця” ў Тэатры імя Я.Коласа (1961) і Гродзенскім абласным драматычным тэатры (1962) — абедзве з Ф.Казоўскай, “І заўтра…” (п’еса ў 3-х дзеях, 6-ці карцінах з пралогам. М., 1967, сааўтар Ф.Казоўская).

Тэатральныя крытыкі Беларусі 1940 — 1980-х гадоў паважалі Аляксандра Гутковіча і лічылі яго дастойным калегам, таленавітым тэатральным крытыкам. Пасля смерці Аляксандра Захаравіча прайшло больш за 30 гадоў, але пераважную большасць яго рэцэнзій і зараз чытаць цікава.

Шматранны талент Аляксандра Гутковіча высока ацэньвалі народны пісьменнік Беларусі Іван Навуменка і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, драматургі Кастусь Губарэвіч і Мікола Матукоўскі, пісьменнікі і літаратурныя крытыкі Барыс Стральцоў і Артур Вольскі, пісьменнік, журналіст і сцэнарыст Уладзімір Мехаў, паэтэса Эдзі Агняцвет, вучоны-гісторык Барыс Маркіянаў, тэатральныя крытыкі Л.Брандэбоўская, Г.Колас, В.Мянжынская, І.Міхайлава, В.Нікалаенка, І.Саковіч, А.Сурскі, І.Сухарукаў, В.Галавач, Ф.Высоцкі, І.Сегедзі.

У сваёй рэцэнзіі “Сустрэча з героямі “Трэцяга пакалення” вядомы і вельмі прынцыпопы беларускі тэатральны крытык Лілія Брандэбоўская адзначала:

“Ён смелы чалавек — той, хто першы на Беларускай студыі тэлебачання “адважыўся” экранізаваць “Трэцяе пакаленне” Кузьмы Чорнага. Бо усведамляючы, якія цяжкасці наперадзе, усё ж узяўся за пастаноўку. Пэўна, не аднойчы ў час работы ўзнікалі немінучыя цяжкасці. Можа быць, іншы раз яны здаваліся непераадольнымі І вось цяпер, калі мы ўбачылі тэлеспектакль, пераканаліся, што творчы калектыў, які даў новае жыццё “Трэцяму пакаленню”, сапраўды быў захоплены гэтым класічным творам беларускай прозы…

Інсцэніруючы “Трэцяе пакаленне”, А.Гутковіч (ён і сцэнарыст, і рэжысёр, і гэта, напэўна для тэлебачання ўдалае спалучэнне) захаваў сюжэтныя лініі рамана, усе яго нечаканыя павароты. У стылі спектакля адчуваецца блізкасць да спецыфікі стылю Чорнага: востры сюжэт суседнічае з падрабязнейшай псіхалагізацыяй. І ў гэтым вялікай бяды няма. Наадварот, для дынамічнасці і сцэнічнасці спектакля гэта неабходна…

І ў заключэнне яшчэ пра адно. Чаму іменна гэты твор экранізаваны?

Адказ дадзены спектаклем, галоўная тэма якога — гуманізм. Спектакль — аб змаганні за чалавека, свабоднага ад страху перад будучым, перад жыццём, перад іншымі людзьмі. Думкі Чорнага, філасофія Чорнага сталі блізкімі стваральнікам спектакля, і яны пастараліся гэтыя думкі зрабіць блізкімі гледачу” (Брандэбоўская Л.  Сустрэча з героямі “Трэцяга пакалення”//Літаратура і мастацтва, 30 кастрычніка 1964 г., с.2).

У рэцэнзіі аднаго з самых таленавітых беларускіх драматургаў, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Кастуся Губарэвіча на тэлеспектакль “Людзі на балоце” паводле рамана Івана Мележа ў пастаноўцы Аляксандра Гутковіча былі такія радкі:

“…І аказалася, што справа не ў памерах экрана. Шырокі ён ці вузкі. Вялікі ці маленькі. Справа ў тым, па якому шляху пайсці, як зрабіць: халоднымі рукамі рамесніка ці трапяткім сэрцам мастака. У першым выпадку і шырокі фармат не паможа, у другім — даволі маленькае акенца, каб убачыць вялікі акіян жыцця.

Рэжысёр-пастаноўшчык А.Гутковіч, сцэнарыст Э.Герасімовіч і ўвесь пастановачны калектыў пайшлі па другому шляху. Іх тэлевізійная пастаноўка  — мастацкі эквівалент рамана, што вельмі рэдка ўдаецца пры інсцэніроўках. Тым больш — тэлевізійных. Тут жа можна гаварыць аб відавочнай прынцыповай удачы...

Пастаноўка і раман падобныя па духу, па душы. І гэта самае галоўнае. А духам рамана авеяна ўсё ў гэтым спектаклі. Ад пачатку да канца…

Рэжысёр, як і аўтар рамана, не спяшаецца паскараць падзеі, не надае ім знешне кінематаграфічны тэмп, а ўважліва прыглядаецца да кожнага душэўнага руху героя, да кожнай падзеі, якая ў той ці іншай ступені раскрываае чалавечыя характары. Раман І.Мележа — глыбокае даследаванне чалавека. І пастаноўка па ім развіваецца на экране ў тым жа рэчышчы…

Увогуле ж спектакль на рэдкасць ансамблевы…

“Людзі на балоце” на тэлеэкране  — не зусім спектакль. Гэта менш за ўсё спектакль. Гэта хутчэй — тэлефільм…

Галоўнае, што Беларускае тэлебачанне зрабіла добрую справу, экранізаваўшы адзін з лепшых твораў беларускай літаратуры” (Губарэвіч К. Вялікае жыццё праз маленькае аконца//Літаратура і мастацтва, 24 снежня 1965 г., с.2).

У 1981 годзе А.З.Гутковічу было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі”. Сярод узнагарод Аляксандра Захаравіча была Грамата Вярхоўнага Савета БССР.

За чатыры гады да смерці Аляксандра Захаравіча Гутковіча у другім томе “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” (Мн., 1985.С.263) аб ім была надрукавана кароткая біяграфічная даведка В.Нікіфаровіча. Аўтар гэтых радкоў лічыць, што ў таленавітага беларускага літараратуразнаўцы і тэатральнага крытыка Ванкарэма Нікіфаровіча былі ўсе падставы для наступнага заключэння:

“Гутковічу — рэжысёру ўласціва імкненне да найбольш дакладнага пераносу літаратурнай першакрыніцы на тэлеэкран, дэталёвая распрацоўка вобразаў, пошук тэлевізійнай спецыфікі ў спалучэнні мовы кіно і тэатра”.

Яго не стала 9 верасня 1989 года  — на 69-м годзе жыцця. А.З.Гутковіч пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.

У 2006 годзе ў Мінску выйшаў у свет трэці том сямітомнай энцыклапедыі “Республика Беларусь”. Вельмі шкада, што ў гэтым томе не знайшлося месца для кароткай біяграфічнай даведкі аб гонары беларускай культуры — заслужаным дзеячы мастацтваў Беларусі, лаўрэаце Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксандры Гутковічу. Гэта недапрацоўка і істотная памылка рэдакцыі дадзенага выдання, бо ўклад Аляксандра Захаравіча ў развіццё беларускай культуры другой паловы ХХ стагоддзя дастойны таго, каб яго імя назаўсёды заставалася ў мастацкай гісторыі краіны. На жаль, імя выдатнага чалавека і высокага прафесіянала ніяк не ўвекавечана і на ягонай малой радзіме. Сапраўды, як нам часам не хапае культуры памяці...

Эмануіл Іофе, прафесар, доктар гістарычных навук