Няма мастацтва без эротыкі...

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

У жыцці могуць здарацца сітуацыі, калі здаецца, што за інтым з каханай прадаў бы душу, і не палічыў бы гэту цану занадта высокай. Часцей такое ў маладыя гады. Бо з досведам, побытавым, сацыяльным і эмацыйным, гэткі радыкалізм кудысьці выветрываецца. Мудра заўважыў класік савецкай літаратуры “Все романы обычно на свадьбах кончают недаром: потому что не знают, что делать с героем потом”. Хтосьці, аднак, усё жыццё блукае “ў трох соснах” гендэрных нетраў — секс, каханне, шлюб, і ніяк не можа вызначыцца з прыярытэтам. А іншаму неверагодна шчасціць: за ўсё жыццё адна жанчына, а ў ёй Сусвет — ад ложка да Космасу. Гэта я кажу не пра выставу, што на тыдні адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на праспекце Незалежнасці). Я пра жыццё. Але тэма і змест выставы “Лінія любові” датычаць якраз найважнейшага чынніка паўнавартаснага жыцця.

/i/content/pi/cult/830/17722/14.jpgПоўная назва выставы — “ПаблаПікаса. АнрыМатыс. Эгон Шыле. Лінія любові. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў ХХ стагоддзя. Аўтарская літаграфія з прыватных еўрапейскіх калекцый”. Характарызаваць творчасць згаданых мастакоў у гэтых нататках сэнсу і патрэбы няма. Каштоўнасць зробленага імі выверана часам і незалежна ад густаў тых ці іншых арт-крытыкаў, гісторыкаў культуры і зменлівых прыхільнасцяўглядацкай аўдыторыі, з’яўляецца неадменнай часткай сусветнай культурніцкай прасторы. Адным словам, класіка, якую сорамна не ведаць.

Няма мастацтва без эротыкі. Але ў кожным часе свая агульнапрынятая мастацкая мова. Работы Пікаса, Маціса і Шыле былі выклікам усталяванай эстэтыцы, “наездам” на яе каноны. Непрыхаваная, часта даволі брутальнаяэратычнаць без звыклых спасылак на антычную міфалогію, пазбаўленая рамантычнага флёру і сентыментальнасці, адначасова шакіравала і прыцягвала. Гэта як праменад па кварталу “чырвоных ліхтароў” для мужчыны, які не ведаў іншых жанчын акрамя сваёй жонкі. Але паколькі чалавек — істота, якая да ўсяго прызвычайваецца, такая эстэтыка даволі хутка была прынята грамадой спачатку як дадзенасць, а потым і як новы канон. Каштоўнасць творчасці згаданых майстроў не ў тым, што яны яшчэ болей агалілі аголеных (хоць напачатку яно бачылася менавіта так), а ў тым, што ўмелі разгледзіць у аголенай мадэлі чалавека, асобу. Гэта якасць не толькі і не столькі ўласна мастакоўская, як чалавечая.

Работы Пікаса, Маціса і Шыле — стрыжань экспазіцыі, але не адзінае, што на ёй прадстаўлена. Тут яшчэ графіка заходнееўрапейскіх мастакоў, якія ў пэўным сэнсе з’яўляюцца паслядоўнікамі згаданых творцаў. Яны больш-менш паспяхова засвоілі дэкаратыўнасць выяўленчай мовы Маціса, брутальную вытанчанасць Шыле, разняволенасцьПікаса. І пры гэтым выпрацавалі ўласны почырк і сваё бачанне рэчаіснасці. Іх творчасць падаецца мне не пабудовай канцэпцыі, а якаснай распрацоўкай асабных элементаў канцэпцыі існуючай.

Выстава стала нагодай прадставіць на тле еўрапейскіх карыфеяў тое, што напрацавана па дадзенай тэме ў беларускім мастацтве за апошні час. Не скажу, што гэты сегмент выставы атрымаўся ўдалым. Як па мне, дык перш чым маляваць нешта датычнае інтымнай сферы трэба вызначыцца, наколькі ты можаш публічна “распрануцца” — у сэнсе, расказаць чужым людзям пра свае фантазіі, выставіць напаказ сваю падсвядомасць. Ці ёсць табе што ўвогуле сказаць людзям такога, што яны самі не ведаюць? Падыход да такой складанай тэмы мусіць быць канцэптуальным. Тут я гэтага не пабачыў. Ёсць работы цікавыя, але збольшага ў экспазіцыі выпадковыя. Не ўсе разумець, што калі гаворка ідзе пра творчасць, дык эротыка — гэта не аголенае цела, а сканцэнтраваная ў пэўным напрамку думка.

Між тым у нашым мастацтве ёсць асобы, творы якіх не згубіліся б побач з Пікаса, Мацісам, Шыле. Мо калі-небудзь і зладзім выставу, дзе нашы творцы будуць не “падвёрсткай” да еўрапейскіх карыфеяў, а асноўным тэкстам на паласе.

Ёсць меркаванне, што моцныя пачуцці — гэта нішто іншае як слабыя нервы, а любоў — біялагічная пастка дзеля таго, каб прымусіць чалавека, які сутнасна лайдак і эгаіст, доўжыць род і выконваць закладзеную самой прыродай дэмаграфічную праграму. Можа яно і так. Секс, каханне, шлюб… Гэта трыяда набывае сапраўдны сэнс, калі з’яўляецца чацвёрты, прыярытэтны чыннік — дзеці. Але гэта ўжо іншая тэма.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"