Пункцірны ўдзел

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

У Палацы мастацтва працягваецца доўгачаканы і шумны “Арт-Мінск 2020”. У гэтым годзе ён прыцягнуў асабліва шмат наведвальнікаў: выконваючы дыстанцыю, гледачы ідуць пастаянным патокам, і што вельмі важна для сучаснага мастацтва — прыходзяць на экскурсіі. Толькі за першы тыдзень экспазіцыю ўбачылі 3600 чалавек.А вось фатаграфіі сярод жывапісу, графікі, скульптуры і дызайну не вельмі шмат.

/i/content/pi/cult/830/17721/13.jpgГэта відавочна, асабліва з улікам той абставіны, што пад эгідай Саюза мастакоў аб’ядналіся 8 інстытуцій на 7 пляцоўках, а ўдзел у фэсту прынялі больш за 430 творцаў.

Не ведаю, ці будзе гэтая сітуацыя абмяркоўвацца ў прафесійнай супольнасці. Вядома, асноўная ўвага грамадства зараз прыкавана да працы фотарэпарцёраў. Але і мастацкая фатаграфія не губляе сваіх пазіцый: у фестывалі ўдала ўдзельнічаюць Марыя Банэ, Марына Бацюкова, Аляксандр Зазуля, Алена Данброва, Ірына Дайнакова, Вадзім Качан, Сяргей Кажамякін, Юлія Мацкевіч, Ганна Мельнікава, Ігар Ткачэнка, Наста Фаруновіч.

Хачу адзначыць, што ў арганізатараў значных падзей у Палацы мастацтва ёсць практыка, калі для фатаграфічных работ вылучалася асобная зала. І толькі дзве — тры серыі, з-за яе невялікага памеру, можна было паглядзець у агульнай экспазіцыі на першым паверсе. Іншая тэма — удзел Беларускага саюза фатографаў і галерэй з асобнымі стэндамі. Такі падыход таксама выкарыстоўваюць тутэйшыя менеджары, і, на жаль, пакуль ён не атрымаў развіцця. У гэтым кірунку патрэбна мэтанакіраваная і агульная праца ўсіх зацікаўленых, але ж дызайн экспазіцыі і гледачы пры гэтай структуры толькі выйгравалі.

Навошта гэта рабілася? Каб падтрымаць фатаграфію сярод традыцыйных відаў мастацтва, каб прыцягнуць увагу да яе асаблівасцяў, магчымасцяў, да вядомых імёнаў. А яны ёсць у беларускай фатаграфіі: аўтары, якія маюць вучняў, ладзяць персанальныя выставы і выдаюць альбомы, і нават мэтры, атрымаўшыя ўзнагароды на міжнародным узроўне.

Па словах Кацярыны Янкоўскай, каардынатара праекта, фатографы не вельмі актыўна адгукнуліся на прапанову ўдзельнічаць у “Арт-Мінску”. Некалькі чалавек не змаглі зрабіць гэта з-за пандэміі. Але сама тэндэнцыя — паказаць фотамастацтва, прыцягнуць і сталых, і маладых удзельнікаў — арганізатарам блізкая. Развіваецца яна не хутка, але пры адборы заявак вітаюцца менавіта вобразныя, метафарычныя выказванні, а не прамалінейная падача, уласцівая фотадакументам. З гэтага пункта гледжання для выставы адабралі разнастайныя і годныя фатаграфічныя серыі, якія будуць уключаны ў каталог “Арт-Мінск 2020”. У гэтым годзе зрабіць яго было складана як ніколі. Але планку, зададзеную буйнымі падзеямі, такімі як Восеньскі салон, як Нацыянальная прэмія, мастакі трымаюць.

Сярод удзельнікаў статусных выстаў, як правіла, ёсць Вадзім Качан, Марыя Банэ, Марына Бацюкова. У гэты раз Вадзім Качан прапанаваў здымкі, выкананыя ў 1980 — 2000-я гады, з серыі “Знікаючыя ўспаміны, альбо малюнкі часу і святла”. Гэта архіўны друк, з дакладнай кампазіцыйнай графікай, якая так добра атрымоўваецца ў фатографа. Марына Бацюкова паказала інсталяцыю “Каля нуля” (2020), адзначаную ва ўсіх фотасправаздачах аб “Арт-Мінску”: аўтарскія кветкі з будучыні растуць на праезных дарогах, у прамзонах сённяшняга дня. “Калі б вы ведалі, з якога смецця...” — свайго роду метафара гэтай серыі.

У выключна эстэтычнай, узнёслай манеры працуе Марыя Банэ, яе пяшчотная ракавіна на беразе мора напоўнена крывёй, і гэта моцны, нечаканы і запамінальны вобраз (Без назвы, 2020). Па-добраму верная сваёй тэме Алена Данброва — імглісты “Стары горад” (2019) адсылае гледача да савецкага часу, калі любавацца маскоўскім Крамлём і МДУ было звычайнай справай беларускага турыста. Пласт старажытнай гісторыі, амаж сярэдзіны мінулага стагоддзя і гады незалежнасці Беларусі даюць нам зусім іншы бэкграўнд да інтэрпрэтацыі гэтых здымкаў.

Сяргей Кажамякін зрабіў свайго роду анонс новай вялікай серыі “Мінскі палімпсэст” (2019). Гэта віды сучаснага праспекта Незалежнасці, злучаныя з гарадскімі краявідамі мінулага. Тэрмін “палімпсэст” у назве серыі — не проста прыгожае слова, але рэканструкцыя грамадскага месца, якім цэнтральны праспект горада застаецца ў свядомасці мінчан. Напластаванне гістарычных эпох, іх сімвалы злучаюцца вакол абрысаў знакамітых ваз на чыгуннай агароджы — іх рамонт і жоўты колер у свой час выклікалі шумныя спрэчкі знаўцаў гарадской архітэктурнай спадчыны. Грамадскі рэзананс заўсёды суправаджаў зменам культурнага ландшафту Мінска, і зварот да гісторыі ў гэтым выпадку натуральны і зразумелы. Адзінае, што не зразумела — гэта месца, не адпаведнае значнасці серыі, дзе яна літаральна прытулілася. Пяць адбіткаў у маленькім прасценку, на жаль, не даюць магчымасці паўнавартасна раскрыць іх патэнцыял.

У цэлым, адбор дробязяў, фактур, ракурсаў для мастацкай фатаграфіі — не тэхнічны прыём, не фармальная рыса. Яны дазваляюць, у нашым выпадку, Ігару Ткачэнку і Аляксандру Зазулі выказаць свае ідэі найбольш дакладна (“Дэталі”, 2019. “Два акна”, 2020). Дасведчаная Ірына Дайнакава ў “Штрыхахгісторыі” (2020) карыстаецца макраздымкай, ізноў жа ў тэме архітэктурнай спадчыны, хоць гэты падыход звычайна выкарыстоўваюць у фатаграфаванні жывой прыроды. Досвед вельмі ўдалы: кожная шчылінка і ледзь прыкметны цень на паверхні ствараюць неабходнае цяпло, тактыльнасць вобразаў, якія так добра ўспрымае глядач. Да альтэрнатыўных тэхнік друку звяртаецца заўсёды вытанчаная Ганна Мельнікава, і цыянатыпія дапамагае ёй максімальна наблізіцца да “Успамінаў аб страчанам” (2020), “Ідэальным людзям” (2019). Стагоддзю УНОВИСа прысвечана асобная праца Ганны “Фантом”, і гэта таксама складаны ручны друк. Бадай што адзіная Наста Фаруновіч крочыць мадэрнісцкім рухам: яе “Культ андэграўнда” (2019) паўтарае класічны сюжэт жывапісу, падкрэслівая часовы правал паміж эпохамі.

Ці ёсць планы прадстаўляць фатаграфію на рэспубліканскіх арт-форумах больш шырока? З такім пытаннем я звярнулася да новага старшыні Беларускага Саюза фатографаў Андрэя Дубініна.

— Пакуль я толькі ўнікаю ў дзейнасць Саюза. І ў далейшым хацеў бы пабудаваць яе з дапамогай працоўных груп, якія возьмуцца за вырашэнне канкрэтных задач. У тым ліку, за праблему супрацоўніцтва з іншымі творчымі саюзамі і ўдзел у агульных буйных выставах, канферэнцыях, нарадах.

У нас ёсць, што паказаць гледачам, і мы гатовыя планаваць такую кааперацыю загадзя, стратэгічна. Але ўжо цяпер ёсць прыклады, калі БСФ падключаецца да асобных акцый хутка, літаральна на працягу аднаго — двух месяцаў. Так што план наступнага года можам фармаваць ужо цяпер. Згодны, што прысутнасць фатаграфіі сярод іншых відаў мастацтва можа і павінна быць больш актыўнай і прыкметнай.

Любоў Гаўрылюк