А вы зазіралі ў люстэрка?

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Некалькі гадоў запар дзятву збірае не толькі Галоўная Ёлка краіны ў Палацы Рэспублікі, але і, так бы мовіць, яе малодшая сястрычка — Галоўная Ёлачка ў Малой зале таго ж Палаца. З 19 снежня і да завяршэння калядных святаў на гэтай камернай утульнай сцэне будзе ісці спектакль “Дзед Мароз і люстэрка чараўніцтва”.

/i/content/pi/cult/830/17720/12.jpgГэты праект можна ў поўнай меры назваць міжнародным: увасобіць “ёлачку” была запрошана маладая расійская рэжысёр Таццяна Самбук. Толькі не думайце, што гэта яе першы спектакль з нашымі артыстамі ці першы Новы год у Беларусі. Летась у той жа Малой зале яна ажыццяўляла “Навагодні настрой”. А сёлета ўвосень тут адбылася прэм’ера яе “Трох сёстраў” паводле А.Чэхава — разам з музыкантамі Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, якія не сталі рабіць фанаграму, а ўвесь спектакль іграюць жыўцом. І гэта далёка не адзіная асабліваць пастаноўкі, дзе Барон цягам дзеі ажно тройчы падае пад дулам накіраванага на яго пісталета, што становіцца своеасаблівым лейтматывам. А колькі разоў Дзед Мароз і іншыя казачныя героі глядзяцца ў чароўнае люстэрка? Пра гэта мы вырашылі даведацца з первых вуснаў, таму звярнуліся непасрэдна да рэжысёра Таццяны Самбук.

— Таццяна, як вы казкі абіраеце? Ці ставіце тое, што вам прапануюць?

— Абіраем разам з артыстамі і вельмі задоўга да святаў.

— Рыхтуецеся з лета, як у вядомай прыказцы?

— Пара года не мае значэння. А вось настрой — так. Каб знайсці добрую “незашмальцаваную” казку, даводзіцца па бібліятэках пакорпацца, шмат розных тэкстаў перагартаць. Заўсёды ж хочацца знайсці нейкі нязвыклы сюжэт, цікавую нешараговую гісторыю.

— Леташні “Навагодні настрой” атрымаўся ў вас сцішана лірычным.

— Я вельмі люблю мульцік “Вожык у тумане”, і ў той п’есе Ганны Багачовай “Навагодні настрой”, што адразу мяне прыцягнула, таксама быў Вожык: ён не ведаў, як сустракаць Новы год. А яшчэ там была бадзяга Мыш, усім заўжды незадаволеная: мы ж тады Год Мышы сустракалі.

— Пэўна, сёлета штосьці з кароўкай ці бычком?

— А вось і не! Галоўныя героі — Дзед Мароз і Снягурка.

— Дык яны і так на кожным ранішніку. Што ж тут нязвыклага?

— Звычайна яны з’яўляюцца ў канцы спектакля. Ці ў пачатку і напрыканцы, бы гэткае святочнае абрамленне. Цэнтральнымі ж героямі становяцца іх памагатыя. А наша гісторыя — пра іх саміх. Казка паводле п'есы Юрыя Баганава атрымалася вясёлая, “забойная”, калі можна так сказаць. І разам з тым, філасофская. Бо зазірнуўшы ў чароўнае люстэрка, Дзед Мароз можа ператварыцца ў Лесуна ці нават Кікімару. Тое ж і ў Снягуркі. Знешне яны быццам застаюцца самі сабой, усё ў тых жа касцюмах. А ў душы — змяняюцца, становяцца іншымі, набываюць характар сваіх антыподаў. Тут ёсць што артыстам сыграць, каб дзеці зразумелі, што перад імі — ужо зусім іншы герой.

— Гледачам, мабыць, таксама ёсць над чым задумацца. Бо ў кожным з нас намяшаны супрацьлеглыя рысы, белае і чорнае. І важна, як гаварыў калісьці Шварц, перамагчы дракона ў сабе самім.

— Так, казка менавіта пра гэта. Алерасказана яна весела, нязмушана, без павучанняў і дыдактыкі. Усё ў эстрадным стылі, той жа Кашчэй Неўміручы паўстае гэткім рок-н-рольшчыкам. Сяргей Сухамлін напісаў цудоўную музыку, папраўдзе “завадную”, мастак Юрый Саламонаў стварыў прыцягальную “карцінку”. Дый усе занятыя ў спектаклі артысты — гэткія нястомныя энерджайзеры са сваёй харызмай, людзі таленавітыя, адданыя сваёй справе. Большасць з іх — з Тэатра-студыі кінаакцёра, усе — з выдатнай падрыхтоўкай, багатым вопытам, нягледзячы на маладосць. Раней у Расіі я працавала са студэнтамі, а тут — выдатныя прафесіяналы, штосьці ставіць для іх — адно задавальненне.

— Як вы ўвогуле прыйшлі ў тэатр? Гэта была мара дзяцінства?

— Я родам з Ціхвіна, гэта прыблізна 200 кіламетраў ад Санкт-Пецярбурга. І ў дзяцінстве кожная такая паездка ў “паўночную сталіцу” была за шчасце. Акрамя агульнаадукацыйнай, я скончыла яшчэ музычную школу. Але кім стаць, куды рухацца далей, спачатку не ведала. У старэйшых класах нам задалі напісаць эсе на самыя шырокія тэмы — каханне, чалавек. Мне спадабалася паразважаць над лістком паперы, і, што вельмі важна, мяне падтрымала настаўніца па літаратуры, якая і дала такое заданне. Я ёй так удзячна! Бо праз гэта я, нарэшце, вызначылася: пайду ў сцэнарысты ці рэжысёры.

— Гэтыя прафесіі папраўдзе звязаныя між сабой. Толькі раней драматург быў “крыху рэжысёрам” і “крыху сцэнографам”, выпісваючы ў п’есе элементы сцэнаграфіі і сцэнічных паводзін герояў, а цяпер — ледзь не кожны рэжысёр выступае “крыху драматургам”, бо ўносіць у тэкст скарачэнні ці, наадварот, дадаткі, не гаворачы пра стварэнне ўласных інсцэніровак паводле прозы і паэзіі.

— Галоўнае — творчы падыход. Каб набыць прафесію, я скончыла Санкт-Пецярбургскі інстытут культуры як рэжысёр тэатралізаваных прадстаўленняў і святаў (на сучасны манер, шоу-праграм), а потым пяць гадоў была вольнаслухачом Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, удзельнікам рэжысёрскай майстэрні народнага артыста Расіі Сяргея Салаўёва. Я вельмі ўдзячна яму, бо за той час паставіла ў яго Аб’яднанай акцёрска-рэжысёрскай майстэрні тры спектаклі, яны паказваліся ў ВДТ, у тэатры Вахтангава, у Ханты-Мансійску. Адным з іх Сяргей Аляксандравіч адкрываў летась свой тэатр-студыю САС. А ў час паказаў у Мінску, на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра, я пазнаёмілася з вашымі артыстамі. І Вера Палякова, якая адначасова ўдзельнічае ў праекце “ТрыТфармаТ”, запрасіла мяне паставіць штосьці для іх. Таму цяперашняя ёлачка — ужо трэці мой беларускі спектакль.

— Не збіраецеся назаўжды ў нас застацца?

— З Беларусі — мой муж, і апошнім часам я жыву на два гарады, дзве краіны. Глядзела розныя вашы спектаклі — вельмі ўзрушыў мяне “Шлюб з ветрам” у РТБД, у вас увогуле шмат цікавых пастаноўшчыкаў і артыстаў.

— А хто ўдзельнічае ў “...Люстэрку чараўніцтва”?

— Вера Палякова, Алеся Пухавая, Арцём Давідовіч, Уладзімір Іваноў, Дзмітрый Клімовіч, Юрый Баранаў і іншыя. Прыходзьце і паглядзіце!

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"