Даўно вядомыя ісціны трэба наноў адкрываць для сябе

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

“Паказ індывідуальнасці, адшліфаванай стагоддзямі”, “Экспарт нашай культуры”, “Стварэнне прэстыжу краіны” — так дзеячы беларускага мастацтва ацэньваюць вынікі замежных гастролей пад час Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Больш як паўгода гэтыя канцэрты выконвалі сапраўды іміджавую функцыю для нашай дзяржавы, узнімаючы праз прэстыж нашага мастацтва ў свеце прэстыж самой Беларусі.

На старонках “К” вядомыя артысты падводзяць першыя творчыя вынікі канцэртам, што прайшлі ў многіх краінах блізкага і далёкага замежжа пад годна прамоўленым дэвізам “Мы — беларусы!”.

 
Музычны кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля ПеснярыВячаслаў ШАРАПАЎ:

— Наш ансамбль удзельнічаў ледзь не ва ўсіх канцэртах Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” за мяжой. Мы былі і ў Расіі, і ў Латвіі, і ў Ізраілі.

У той жа Маскве, да прыкладу, мы зразумелі, што падобны “экспарт” нашай культуры проста неабходны. І не толькі нам! Для многіх нашых артыстаў Масква заўсёды была і, будзем шчырымі, па-ранейшаму застаецца адной з асноўных мэт канцэртнай дзейнасці.

Усе добра разумеюць, што гэта магчымасці “раскруткі”, павелічэння папулярнасці. Але ж і расійская публіка сёння (як, мабыць, ніколі раней) зацікаўлена ў падобным “супрацоўніцтве”. Яна адзначае трапятлівасць, пяшчоту, сардэчнасць нашых песень — усё тое, чаго апошнім часам так бракуе расійскаму шоу-бізнесу. А між тым, менавіта гэтымі якасцямі наскрозь прасякнута цяперашняя беларуская эстрада, бо ў іх — нашы ментальныя рысы, выяўленне сваёй нацыянальнай індывідуальнасці. Дык чаму б не прадэманстраваць гэта свету? Напоўніцу!

 /i/content/pi/cult/179/1772/My-belarusy1.jpg
У Рызе — крыху іншая сітуацыя. Там і зараз многа слухачоў, для якіх лепшыя песні мінулых гадоў застаюцца часткай іх жыцця. Многія зразумелі, што не трэба было парушаць сяброўства народаў Савецкага Саюза. Што, мабыць, варта праводзіць найперш эканамічныя змены, якія не пахіснулі б наладжаных культурных і вытворчых сувязей.

Сёння ўсё гэта пачынае наладжвацца, і культура часта ідзе наперадзе, пракладаючы шляхі для далейшага ўзаемаразумення ў іншых сферах. І гэта тычыцца не толькі Латвіі — мы павінны часцей бываць у іншых краінах СНД, прымаць у сябе прадстаўнікоў іх культуры.

Але ж асабліва запомнілася паездка ў Ізраіль. Мы наведалі, здавалася б, далёкую краіну, а было адчуванне — быццам прыехалі да добрых сяброў. У зале панаваў настальгічны настрой, на вачах у слухачоў — слёзы.

Першы выхад на новую сцэну заўсёды найбольш эмацыйны. Мы толькі выйшлі — сярод публікі быццам агеньчыкі запаліліся: у кагосьці — трапяткія пачуцці, бы подых свечкі, а ў кагосьці — шквал эмоцый, падобны да факела. І ўсё гэта — не на хвіліну ці дзве, а на ўвесь канцэрт. Таму на свой другі выхад у тым жа канцэрце мы ўжо нават не ішлі, а літаральна ляцелі, бы на крылах.

Нас акружалі ўвагай не толькі на сцэне. Усім запомнілася прапанаваная культурна-асветніцкая праграма, паездка па святых мясцінах.

Можна з упэўненасцю сказаць, што акцыя “Мы — беларусы!” дазволіла згуртавацца нашым суайчыннікам за мяжой, адчуць ім моцныя нітачкі сувязей з радзімай — і гэта галоўнае.

Дык чаму б і надалей не працягваць гэтак жа планамерна “экспартаваць” нашу культуру? Яна таго вартая!

 
Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, народны артыст краіны, прафесар Міхась ДРЫНЕЎСКІ:

— Нашаму калектыву давялося пабываць у Польшчы і на свае вочы пераканацца, з якой цікавасцю ставяцца да нас не толькі суайчыннікі за мяжой, але і суседзі па Еўропе. Звычайны будні дзень, а народ ідзе ды ідзе, як на свята. Прыйшло столькі, што не ўсе нават змаглі трапіць на канцэрт! А колькі было авацый!

Ды ўсё ж паўнюткая зала, шчырая рэакцыя на наша нацыянальнае мастацтва — гэта толькі частка поспеху. Галоўны прыбытак ад падобных паездак папраўдзе дзяржаўны! У выйгрышы — усе: і мы, і яны. Замежнікі спасцігаюць штосьці для сябе новае, атрымліваюць не толькі эмацыйны зарад, але і дадатковы штуршок да развіцця ўласнага мастацтва. А ў нас, беларусаў, фарміруецца гонар за сваю краіну, за сваю культуру (гэтыя пачуцці таксама трэба выхоўваць і падтрымліваць, бо надта ж мы “сціплыя” — так і намагаемся “паменшыць” уласныя дасягненні і “павялічыць” якія заўгодна замежныя). Але калі цябе не адпускаюць са сцэны, калі ты бачыш захопленае ўспрыманне разборлівага замежнага гледача, гэта не можа не радаваць. У цябе нараджаецца гонар — не толькі ўласна за выканальніцкае майстэрства, але і за ўсю нацыянальную культуру, за тое, што мы — беларусы!

Нацыянальнае мастацтва — гэта наша адметнасць у свеце. Яно не можа быць не запатрабаваным, бо неабходнасць у ім — гэта патрэба ў індывідуальнасці, попыт на якую ва ўсім свеце з гадамі толькі ўзрастае. Любая культура запатрабавана, калі гэта — культура, а не танная падробка пад яе. А нацыянальная культура — гэта індывідуальнасць, адшліфаваная стагоддзямі, даведзеная да ідэалу. Што можа быць лепей!

Усё гэта, пэўна, даўно вядомыя ісціны, але трэба ўвесь час наноў адкрываць іх для сябе. Можна толькі шкадаваць, што наш калектыў гастралюе, на жаль, не так часта, як мог бы. Так, вялікая колькасць удзельнікаў — гэта дадатковыя грошы. Зразумела, што і ў Варшаву, і пазней — у Кітай, на Дні культуры Беларусі, мы ездзілі не ўсім калектывам, а толькі часткай: у першым выпадку — 60 чалавек, у другім— 55. Але прадставілі ўсе свае групы: харавую, аркестравую, харэаграфічную. Лічу: калі паказваць сваё мастацтва — дык у цэласным выглядзе. Тым больш, што фальклор — гэта сінтэтычнае мастацтва ўжо паводле сваёй сутнасці.

Трэба разумець і тое, што так званай маскультуры за мяжой і без нас стае. А вось нашу нацыянальную — можам прапанаваць толькі мы, і больш ніхто. Дык давайце ж гэта выкарыстоўваць! Тым больш, што культура, як гэта даўно заўважана, — лепшы дыпламат.

 
Мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры”, народны артыст Беларусі Анатоль ЯРМОЛЕНКА:

— Грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы!” была неабходна нам даўно. Бо прэстыж нацыянальнай культуры і, разам з ёй, прэстыж краіны ствараецца, а не з’яўляецца сам па сабе. І ствараць яго трэба ўласнымі магчымасцямі, як мага шырэй прапаноўваючы замежжу выступленні нашых лепшых артыстаў. Дарэчы, чаму толькі “папсой”? Няма чаго “саромецца” сваіх дасягненняў у розных сферах мастацтва — трэба, наадварот, як мага шырэй папулярызаваць іх! І не шкадаваць на гэта грошай! Так, у нас ёсць адметны, самабытны “прадукт”. Але ж яго трэба яшчэ “ўпакаваць” належным чынам! Трэба ўмець прадэманстраваць і сваё майстэрства, і свой гонар. Тут не бывае дробязей: за мяжой звяртаюць увагу не толькі на тое, якія мы на сцэне, але і на наша стаўленне да саміх сябе. Калі, здараецца, на якіх-небудзь гастролях артысты з-за эканоміі грошай і часу ледзь толькі выходзяць з аўтобуса — і адразу на сцэну, гэта не можа не псаваць іх імідж (і, адначасова, імідж краіны). Таму галоўны вынік гэтай акцыі не толькі ў тым, што мы годна паказалі сябе ў свеце, але і ў тым, што сталі з большым гонарам ставіцца да сябе саміх.

 
Народныя артысты Беларусі Ядвіга ПАПЛАЎСКАЯ і Аляксандр ЦІХАНОВІЧ:

— Акцыя “Мы — беларусы!”, рушыўшы ў замежжа, мела ашаламляльны поспех. Нельга сказаць, што беларускія артысты пазбаўлены гастролей: усе мы ездзім, выступаем, адчуваем сваю запатрабаванасць. Але такія мэтанакіраваныя канцэрты з’ядноўвалі і нас, і публіку неяк асабліва. Яны падкрэслівалі высокі ўзровень нашага нацыянальнага мастацтва, густоўнасць рэпертуару, сур’ёзнае стаўленне да сваёй прафесіі. Кожнае такое выступленне станавілася святам музыкі, гучала слаўленнем нашай краіны.

Падобныя творчыя “дэсанты” неабходна ладзіць і надалей. Наша культура вартая таго, каб заяўляць пра сябе!

 
Заслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ірына ДАРАФЕЕВА:

— Артыстам вельмі важна адчуваць дзяржаўную падтрымку. Таму ў правядзенні грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” звярну ўвагу найперш на ролю Міністэрства культуры нашай краіны. Ну, а тое, што нашы выступленні выклікалі цікавасць замежнай публікі, стала толькі дадатковым паказальнікам запатрабаванасці нашага мастацтва. Прычым, заўважу, у той жа Маскве мае беларускамоўныя кампазіцыі выклікалі нават большы фурор, чым, здавалася б, вельмі папулярная ў Расіі, мяркуючы па хіт-парадах, песня “Дзяўчына на беразе”. І гэта не парадокс, а сведчанне таго, што нацыянальная адметнасць заўсёды віталася і будзе вітацца. Бо гэта — рэч эксклюзіўная.

Правядзенне акцыі ў замежжы паказала свету, што наша краіна — гэта сучасная дзяржава, адкрытая для кантактаў.

 

Занатавала Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: артысты-ўдзельнікі
акцыі “Мы — беларусы!”