Сустракаць — дык з музыкай!

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Новы 2021-шы ўсё бліжэй і бліжэй. Гэта відавочна і па музычна-тэатральнай афішы, якая сёлета, нягледзячы на ўсе катаклізмы, надзвычай багатая. Як бы тое ні было, але і ў складаных сітуацыях чалавеку патрэбны жывыя эмоцыі, якія і дае нам мастацтва. Прычым ва ўсіх выпадках жыцця: і каб перажыць драматычныя моманты, і каб настроіцца на пазітыў.

/i/content/pi/cult/830/17716/5.jpgУ Вялікім тэатры — бадай, самая вялікая колькасць разнастайных імпрэз. Прэм’еру мудрай казкі-оперы “Пінокіа”, што скарае неверагоднай прыгажосцю афармлення і прызначана для сямейнага прагляду, першыя наведвальнікі ўбачылі ўжо 19 і 20 снежня. За дні канікул пройдуць яшчэ шэсць паказаў гэтай оперы сучаснага нямецкага кампазітара Глорыі Бруні з рознымі складамі артыстаў. А перад спектаклем, што адбудзецца ў гэтую нядзелю, вырашыцца штогодняя конкурсная інтрыга: будуць названы і ўзнагароджаны пераможцы творчага спаборніцтва “Навагодняя тэатральная цацка”.

Конкурс праходзіць у 7-мы раз, сёлета на яго было даслана каля 70-ці цацак-лялек ручнога вырабу, над стварэннем якіх фантазіравалі ды працавалі ўдзельнікі ўсіх узростаў. Паводле традыцыі, пасля цырымоніі ўшанавання ўсе дасланыя шарыкі-фігуркі апынуцца на святочнай ялінцы ў фае. Ёсць сем’і, якія далучаюцца да ўпрыгожвання оперна-балетнай ёлачкі ледзь не штогод.

Але ж не думайце, што святочная афіша Вялікага абмежавана ранішнікамі, у тым ліку балетамі “Шчаўкунок” і “Тры парсючкі”, операй “Чароўная музыка”. Для дарослых, акрамя лепшых спектакляў бягучага рэпертуару, падрыхтаваны канцэртныя праграмы “Блакітны агеньчык” з папулярным песенным начыннем — і “Навагодні маскарад” з вельмі нечаканымі і практычна непазнавальнымі пераўвасабленнямі нашых артыстаў. Але галоўным і папраўдзе каралеўскім падарункам абяцае стаць доўгачаканы канцэрт трох сусветных оперных зорак: Аксаны Волкавай, Надзеі Кучар і Паўла Пятрова. Ён планаваўся амаль год таму, неаднаразова пераносіўся — і, нарэшце, 29 снежня мы насалодзімся боскімі спевамі. Ну, а 13 студзеня, у святочную ноч па старым календары, — традыцыйны Вялікі навагодні баль, дзе кожны раз публіку чакаюць усё новыя прыемныя сюрпрызы.

Пярэсціць падарункамі афіша Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Для дзятвы — па некалькі разоў на дзень будзе круціцца “Час навагодніх цудаў”. А па вечарах — адметныя канцэрты. На каталіцкае Раство — сімфанічная паэма “Стварэнне свету” сучаснага ізраільскага кампазітара Баруха Берлінера на тэксты Торы. У наступны вечар фальклорны гурт “Купалінка” справіць каляды па-беларуску — “Радуйся, зямля”. Дзяржаўны камерны хор на чале з Наталляй Міхайлавай 27 снежня далучыць да свайго складу некалькіх віртуозных інструменталістаў. А ўсё дзеля таго, каб пад назвай “Нова радасць” з’яднаць старадаўнюю заходнееўрапейскую класіку з яе апрацоўкамі на джазавы лад і сучаснай беларускай музыкай. Сярод іншых твораў адбудзецца прэм’ера “Калядных мініяцюр” Галіны Гарэлавай.

/i/content/pi/cult/830/17716/6.jpgМузычныя падарункі да святаў падрыхтавалі ўсе філарманічныя калектывы. І нават некалькі запрошаных! Тут што ні вечар — чарговы сюрпрыз: Арганны калядны канцэрт Кацярыны Нікалаевай, “Гісторыі кахання” ад Дзяржаўнага камернага аркестра, святочныя выступленні вакальнага ансамбля Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы — з джазавым каларытам, “Калядная фантазія” музычнай капэлы “Санорус”. А яшчэ — “Новы год па-галівудску” і традыцыйны “Новы год у філармоніі”. Абодва гэтыя канцэрты — з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, толькі з рознымі дырыжорамі: маладым Юрыем Караваевым і славутым маэстра Аляксандрам Анісімавым.

А вось Музычны тэатр, улічваючы нашу сёлетнюю немагчымасць правесці адпачынак у той жа Італіі, вырашыў зрабіць наадварот: перанесці Італію ў сваю залу. Ну, не ўсю цалкам, а толькі некалькі гарадоў: тую ж Верону з закаханымі, якія выжылі і ўзрасцілі дачку, і Сан-Рэма з яго знакамітым песенным фэстам. Усё менавіта так. Бо нядаўна ў нашым Музычным зладзілі прэм’еру мюзікла Аркадзя Укупніка “Рамэа vs Джульета. ХХ гадоў пазней” — чым не навагодні падарунак? Але ж ён не адзіны: акурат 31-га тут адбудзецца “Новы год у стылі Сан-Рэма”.

— Мы пераасэнсоўваем некаторыя песні, робім іх больш відовішчнымі, з удзелам артыстаў балета, — расказаў рэжысёр гэтага музычнага шоу Міхаіл Кавальчык. — Уся наша творчая каманда працуе апантана. Бо хочацца адцягнуць гледача ад жыццёвых праблем, паглыбіць яго ў свет цудоўных мелодый, італьянскага сонца і тэмпераменту. А яшчэ — выклікаць шчымлівую настальгію па рэтра, якая таксама можа лічыцца адной з прыкметаў навагодніх святаў. Бо перш чым зрабіць крок наперад, мы часцяком кідаем позірк назад, каб не забыцца на штосьці вельмі важнае.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

На здымку: Дзед Мароз завітаў і ў оперу “Пінокіа”

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"