Трыумфальнае шэсце сінема

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Дзве кінематаграфічныя даты напярэдадні святаў
17 снежня 2020 года споўнілася 96 гадоў з дня заснавання Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Менавіта ў гэты дзень у 1924 годзе гісторыя нашай краіны ў сваім календары пазначыла чарговую падзею: выйшла пастанова Савета народных камісараў “Аб кінавытворчасці ў БССР”. Тады ж пры Наркамасветы было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі “Белдзяржкіно”, а потым зняты і першыя дакументальныя фільмы пра падзеі тых гадоў.

/i/content/pi/cult/829/17711/25.jpgТак беларускі кінематограф паступова пачаў свой самастойны рух.

Трэба зазначыць і яшчэ адну цікавую кінаакалічнасць адыходзячага года. Справа ў тым, што да 96-гадовай працы “Беларусьфільма” снежань дадаў і 125-годдзе з дня нараджэння самога кіно.

З гэтай нагоды Музей гісторыі беларускага кіно 28 снежня запрашае прыняць удзел у праекце “Першы сеанс”. Наведвальнікам пакажуць адзіны на тэрыторыі Беларусі музейны прадмет-аналаг кінакамеры Cinematographe — той вынаходкі, дзякуючы якой браты і бацька Люм’ер стварылі свае першыя карціны ў 1895 годзе.

Акрамя таго 19 і 26 снежня ў Музеі працягнуць дэманстраваць фільмы, прысвечаныя родапачынальнікам сусветнага кінематографа.

Адзін з іх — фільм “Гісторыя адной вынаходкі” — распавядае пра тое, як Луі Люм’ер прыдумаў рухомыя фота — кіно ўсяго за адну зімовую ноч, пра сутнасць вынаходкі, якая атрымала сусветна-гістарычнае значэнне.

Другі фільм — “Свет вачыма Люм’ераў” — робіць акцэнт для гледачоў на іншым. Падзеі пачынаюць адбывацца 6 студзеня 1896 года — усяго праз тыдзень пасля пачатку трыумфальных публічных кінапаказаў на бульвары Капуцынак у Парыжы. Тады іх наведвала па 2 тысячы гледачоў у дзень, а паток жадаючых вымушана была рэгуляваць паліцыя, Луі Люм’ер замовіў свайму дзелавому партнёру выраб 200 кінакамер “Cinematographe”, раздаў іх такой жа колькасці нанятых кінааператараў і разаслаў па ўсім свеце з заданнем зняць на плёнку, як жывуць людзі за мяжой. Гэтыя здымкі ўшчэнт перавярнулі грамадскую свядомасць, тады спрэс пазбаўленай звыклых сёння крыніц інфармацыі.

Кіно набывала моц і пачынала станавіцца ўплывовай з’явай ва усім свеце.