РАПСОДЫЯ Дня, які адзначаюць работнікі культуры краіны 12 кастрычніка

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Рапсодыя залатой лістоты ў скверы каля Беларускай дзяржаўнай філармоніі на бульвары Мулявіна нібы сплялася з россыпам іскрыстых нот, якія літаральна выпраменьваў баян Паўла Неўмяржыцкага. Ён, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, магістр мастацтваў, удзельнік канцэртаў акцыі “Мы -- беларусы!”, разам з журналістамі “К” ад усёй душы віншуе з Днём работнікаў культуры людзей, якія расквечваюць жыццё Прыгажосцю. Са святам, дарагія!

Паважаныя сябры!

Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры.

Сёння ад намаганняў работнікаў культуры і мастацтва залежаць аднаўленне і развіццё духоўных каштоўнасцей, закліканых выхоўваць пачуццё гонару і павагі да сваёй нацыянальнай культурнай спадчыны. Прыемна адзначыць, што працэсы духоўнага аднаўлення ў краіне набываюць вялікую значнасць і актуальнасць, а дзеячы культуры і мастацтва рэспублікі паспяхова ўдзельнічаюць у грамадска-культурных акцыях, прадстаўляюць беларускае мастацтва на прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах, выконваючы сваю пачэсную місію ў захаванні і развіцці лепшых традыцый беларускай культуры.

Дзякуючы вашай руплівай нястомнай працы ствараюцца новыя музейныя экспазіцыі. Сёлета гасцінна расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў Палац Радзівілаў у Нясвіжы. На чарзе адкрыццё абноўленага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Адбываецца мадэрнізацыя кінастудыі “Беларусьфільм”. Усё гэта сведчыць аб паслядоўнай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры.

Прыміце глыбокую ўдзячнасць за вашу плённую працу, за высакародныя ідэі прыгажосці, дабрыні і духоўнасці, якія вы даносіце да людзей.

Жадаю ўсім работнікам культуры здароўя, дабрабыту і поспехаў у вашай высакароднай працы па прапагандзе лепшых традыцый нацыянальнага і сусветнага мастацтва, выхаванні патрыятызму і павагі да нашай Айчыны.

Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь

А.М. КОСІНЕЦ

 

Дарагія калегі і сябры!

Віншую вас з цудоўным святам нацыянальнай Культуры, якая ўвабрала ў сябе шлях годнай, самаадданай працы музейнага работніка і артыста, бібліятэкара і мастака, музыканта і харэографа, рэстаўратара і кінавытворцы...

Гэты сімвалічны, юбілейны для нас, Дзень канцэнтруе выніковасць здзейсненага за дзесяць плённых гадоў ад часу заснавання свята ў нашай дзяржаве. Аказаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь павага і давер людзям, якія з’яўляюцца носьбітамі і захавальнікамі самага каштоўнага скарбу сённяшняй і папярэдніх эпох — духоўнай канстанты нацыі, — выяўляюцца ў штодзённай падтрымцы Таленту, лепшых узораў прафесійнай і аматарскай творчасці, у велізарных інвестыцыях на развіццё інтэлектуальнай прасторы Беларусі з яе сучаснымі музеямі і старажытнымі замкамі, бібліятэкамі і школамі мастацтваў, тэатрамі, цэнтрамі рамёстваў і клубнымі ўстановамі.

Сотні грандыёзных па сваіх маштабах знакавых акцый і фестываляў, конкурсаў і выставак, праектаў і праграм — гэта штодзённая рэальнасць стваральных клопатаў, будняў і святаў работнікаў культуры ў вялікіх і малых гарадах, у вёсках роднай Бацькаўшчыны, а таксама далёка за яе межамі.

«Мы — беларусы!» — з гонарам заяўляе кожны грамадзянін краіны разам з дзеячамі нацыянальнай культуры нашай моцнай і квітнеючай Зямлі. Гэтае гордае сцвярджэнне, якое з’яўляецца дзейсным імпульсам для нас, суайчыннікаў, на шляху будаўніцтва новай Незалежнай Рэспублікі, пачулі многія народы — і суседзі ў цэнтры Еўропы, і сябры на іншых кантынентах.

Сёння сярод уганараваных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі — людзі, якія звязалі свой лёс з адраджэннем высокай духоўнасці нацыі. Маладое пакаленне творцаў, абапіраючыся на высокія ідэалы маральнасці і патрыятызму, на ўсебаковую дзяржаўную падтрымку, на вопыт акадэмічных і універсітэцкіх педагогаў, ярка і ўпэўнена прэзентуе сябе на самых прэстыжных творчых форумах свету.

Шаноўныя сябры і паплечнікі! Ад ўсяго сэрца жадаю вам моцнага здароўя, натхнення, ажыццяўлення ўсіх вашых творчых задум і мар на карысць нашай цудоўнай Айчыны, яе вялікага і таленавітага народа!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь

Уладзімір МАТВЕЙЧУК

 
Паважаныя работнікі культуры!
Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоўчленаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе цёпла і сардэчна віншую вас з прафесійным святамДнём работнікаў культуры!

У апошняе дзесяцігоддзе роля культуры і звязанай з ёй дзейнасці апынулася ў цэнтры ўвагі дзяржавы і грамадства. Усё больш людзей у нашай краіне далучаецца да свету мастацтва, імкнецца да творчага самавыяўлення, у тым ліку ў сферы традыцыйнай культуры. Гэтаму садзейнічае паспяховая рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на новы якасны ўзровень развіцця культуры. Многія ўстановы, што працуюць па розных напрамках культурнай дзейнасці, кіруюцца творчым падыходам: у выніку дасягненні работнікаў культуры, дзеячаў мастацтва становяцца нацыянальным здабыткам, спрыяюць кансалідацыі грамадства, развіццю патрыятычнай свядомасці нашых грамадзян.

Шчырыя словы падзякі вам, паважаныя работнікі культуры, за вашу карпатлівую нястомную працу, за высакародныя ідэі дабра і духоўнасці, якія вы ўвасабляеце ў жыццё.

Жадаем вам моцнага здароўя, асабістага шчасця, далейшых творчых поспехаў на карысць нашай Бацькаўшчыны.

Уладзімір ЗДАНОВІЧ,

старшыня Камісіі

 
Паважаныя работнікі культуры!
Прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з прафесійным святамДнём работнікаў культуры!

Менавіта вы, работнікі сферы культуры, сваёй нялёгкай працай забяспечваеце пераемнасць культурных традыцый, духоўнае і маральнае станаўленне асобы.

Ад імя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры выказваю глыбокую ўдзячнасць усім работнікам культуры. Дзякуючы вашаму вопыту, таленту і бязмежнай адданасці справе культура Беларусі ў сваіх лепшых праявах служыць нашаму народу.

У гэты знамянальны дзень дазвольце пажадаць невычарпальнага натхнення, дасягнення новых творчых вяршынь, аптымізму, дабрыні і дабрабыту вам і вашым блізкім!

Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

М.М. ШАЎЦОЎ