УНОВИС на манетах

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь на самым пярэдадні новага, 2021 года, выпусціў у абарачэнне памятныя манеты “Выяўленчае мастацтва. Авангард. УНОВИС”.

/i/content/pi/cult/829/17703/14.jpgГэта незвычайная абрэвіятура наўпрост звязана з імем вядомага беларускага мастака-авангардыста Казіміра Малевіча. Менавіта ён у 1921 годзе апублікаваў у віцебскім часопісе «Мастацтва» маніфест аб’яднання, якое па-руску чыталася як УНОВИС («Утвердители нового искусства»). То-бок Нацбанк прысвяціў чарговые памятные манеты гэтай суполцы творцаў-авангардыстаў, арыгінальныя ідэі якіх пазней былі развіты і выкарыстаны ў розных галінах дзейнасці практычна ва ўсім свеце.

Манеты гэтыя і выглядаюць па-авангардысцку, бо маюць QR-код. Не лішне будзе дадаць, што выпушчана: срэбная манета — наміналам 20 рублёў, вагой 33,63 г, пробай сплаву 925, дыяметрам 38,61 мм, тыражом 999 штук; і медна-нікелевая — наміналам 1 рубель, вагой 20,00 г, дыяметрам 37,00 мм, тыражом 1 699 штук.

Сайт Нацбанка засяроджвае ўвагу на наступным:

Манеты маюць увагнута-выпуклую форму, з пярэдняга і адваротнага бакоў — кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Аверс: уверсе — відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры — стылізаваная кампазіцыя, якая ўключае QR-код, прозвішчы членаў авангарднага мастацкага аб’яднання УНОВИС, год і месца яго заснавання; па крузе надпісы: уверсе — РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, унізе: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), год чаканкі, проба сплаву (на срэбнай).

Рэверс: у цэнтры — знак УНОВИС —чырвоны квадрат у абрамленні стылізаванай кампазіцыі, якая складаецца з канцэнтрычных акружнасцяў і дуг.

Манеты адчаканены на РДП “Казахстанскі манетны двор Нацыянальнага Банка Рэспублікі Казахстан” якасцю: срэбныя — “пруф з лічбавым друкам”, медна-нікелевыя — “пруф-лайк з лічбавым друкам”.

Акрамя таго, з 15 снежня выпушчаныя памятныя манеты “Летнія віды спорту. Тэніс”, “Беларусь — Украіна. Духоўная спадчына. Ірмалагіён”, а таксама памятныя манеты серыі “Архітэктурная спадчына Беларусі”: “Чачэрская ратуша”, “Касцёл бернардзінцаў. Будслаў”, “Барысаглебская царква. Гродна”, “Касцёл Яна Хрысціцеля. Камаі”, “Косаўскі палац”, “Будынак гарадскога тэатра. Магілёў”.

Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.

Інфармацыя аб чакаемых паступленнях, адпускных цэнах і наяўнасці памятных манет у касе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, а таксама плануемых датах продажаў памятных манет размешчана на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў раздзеле “Банкноты і манеты”.