Унісон баяна і электрагітары

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Для некаторых дарослых успаміны пра колішнюю вучобу ў музычнай школе становяцца нечым накшталт начнога кашмару: дзіцячыя пакуты над чарговай санатай, якая ніяк не “ідзе”, раз-пораз прымусяць затрымцець сэрца. Магчыма, гэтым асобам проста не шанцавала на настаўнікаў, бо да ўлюбёных у сваю справу выкладчыкаў Поразаўскай дзіцячай музычнай школы Свіслацкага раёна дзеці ляцяць, бы на крылах.

Сакрэтаў тут ніякіх: культасветнікі Свіслаччыны не толькі вучаць, але і самі працягваюць вучыцца, спасцігаючы бясконцую навуку нотнага сугучча. Многія з настаўнікаў ДМШ граюць у народным ансамблі народных інструментаў “Вянок”, якім кіруе дырэктар установы Генадзь Бутор.

Ансамбль узнік у 1985 годзе. Першымі яго ўдзельнікамі, акрамя выкладчыкаў ДМШ, сталі работнікі Поразаўскага гарадскога дома культуры. Цягам часу калектыў папоўнілі аматары народнай музыкі з жыхароў пасёлка ды настаўнікаў сярэдняй школы. Натхненне і талент музыкаў былі ўшанаваны па заслугах: праз дзесяць гадоў ансамбль атрымаў званне народнага.

Сёння ў “Вянок” прыходзяць дзеці тых, хто стаяў ля вытокаў знакамітага на Свіслаччыне калектыву.

Напрыклад, таленавітая акардэаністка і салістка Ганна Паплаўская з’явілася на рэпетыцыях дзякуючы маці — выдатнай цымбалістцы Ірыне Іванаўне, якая дзяўчынкай вучылася ў Поразаўскай ДМШ, а сёння працуе харавіком у Доме культуры Гарнастаевічаў. Нягледзячы на адлегласць, пастаянна прыязджае на рэпетыцыі “Вянка”.

Калектыў яднае любоў да інструментальнай музыкі. Артысты шукаюць новыя песні і пастаянна абнаўляюць рэпертуар ансамбля. Галоўны ж крытэрый пад час работы — арыгінальнасць матэрыялу. У нотных папках суседнічаюць інструментальныя творы рускіх і ўкраінскіх кампазітараў, народныя песні і танцы, такія, як полька “Драбней за мак”, песня “Звіняць, звіняць званочкі”. І, канешне ж, не абыходзіцца без кампазіцый айчынных аўтараў: на канцэртах “Вянок” часта выконвае “Танец” Я.Глебава, “Ліст з 45-га” І.Лучанка, “Бацькаўшчыну” Л.Мурашкі, польку з оперы Я.Цікоцкага “Алеся”.

Незвычайны ў гэтага ансамбля і склад: тут балалайкі, цымбалы, акардэон, баяны і... электрагітара. Апрацоўкай і аранжыроўкай абраных твораў займаецца Генадзь Бутор. Напрыклад, ансамбль часта выконвае вальс “Зімачка” і беларускую народную песню “Ой, у лузе пры дарозе” ў апрацоўцы Генадзя Уладзіміравіча.

Але таленавітаму чалавеку цесна сярод песень, створаных іншымі аўтарамі, таму неўзабаве з’явілася аўтарская кампазіцыя мастацкага кіраўніка “Карагод”, якая сёння надзвычай папулярная на Свіслаччыне.

Самабытны калектыў стаў адной з творчых візітовак раёна. “Вянок” пастаянна ўдзельнічае ў абменных з суседнімі раёнамі канцэртах. Ансамбль запрашаюць на абласныя і рэспубліканскія святы. “Вянок” прадстаўляў нашу краіну ў польскай Гайнаўцы на фестывалі беларускай музыкі. Неаднойчы ансамбль адзначаўся дыпломамі.


Людміла МАКОЎСКАЯ
Фота аўтара