Краязнаўца, настаўнік, паэт

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Крупскі раён памятае пра Міхаіла Баравулю
У пачатку студзеня 2021 года споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння краязнаўца Міхаіла Баравулі. Гэта быў чалавек незвычайна шчодра адораны, з самымі рознымі талентамі. Некаторыя з іх ён спраўдзіў ледзь не на поўніцу, а некаторыя завяршыць так і не паспеў. Памёр ён 10 лістапада.

/i/content/pi/cult/829/17698/7.jpgАрганізатар і даследчык

Міхаіл Адамавіч нарадзіўся 8 студзеня 1951 года ў вёсцы Гумны Крупскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Змалку вучыўся любові да беларускай зямлі ў дзядулі, бабулі, бацькі, аднавяскоўцаў. Душой і сэрцам спасцігаў не толькі гісторыю роднага краю, але і гісторыю сваіх мясцін. Сярэднюю школу Міхась Баравуля скончыў са срэбным медалём. У 1967 годзе пачаў працаваць загадчыкам клуба ў вёсцы Нача Крупскага раёна. У 1970 — 1977-х вучыўся ў Магілеўскім педагагічным інстытуте, служыў у войску.

Працаваць настаўнікам пачаў у 1970 годзе ў Гумнаўскай школе. Потым стаў завучам Стараслабодскай школы, яе дырэктарам.

/i/content/pi/cult/829/17698/8.jpgЦікавы факт: многія знаёмыя Міхаіла Адамавіча былі ўпэўнены, што па прафесіі ён настаўнік гісторыі. У той час як ён выкладаў у школе рускую мову і літаратуру. І, дарэчы, рабіў гэта выдатна. Аднак менавіта пошукавая дзейнасць, даследаванне гісторыі роднага краю сталі той часткай яго жыцця, на якую ён не шкадаваў часу і якая прынесла яму вядомасць.

На пасадзе дырэктара школы Міхаіл Баравуля здолеў разгарнуцца як кіраўнік, педагог, арганізатар, даследчык і краязнаўца. Пад яго кіраўніцтвам школьнікі хадзілі ў паходы, вывучалі самабытную гісторыю навакольных мясцін. Разам са сваім настаўнікам дзеці прайшлі ладны адрэзак па цячэнні рэчкі Можа, выявілі яе прытокі, закартаграфавалі і пры гэтым занатавалі легенды, паданні, аповеды, звязаныя з Можай.

Рэкі і багі

Міхаіл Баравуля знаходзіўся ў няспынным пошуку. Ён цікавіўся не толькі гісторыяй сваіх мясцін. Кола яго інтарэсаў сягала значна далей. Ён вывучаў міфалогію і божствы Беларусі, свяцілішчы, капішчы, капцы і каменныя сведчанні старажытных эпох. У яго быў неардынарны погляд на гісторыю адносна многіх беларускіх мясцовасцяў. Чаго варта яго меркаванне адносна таго, што назвы беларускіх рэк — гэта назвы беларускіх багоў. Пры вывучэнні беларускай міфалогіі Баравуля з лёгкасцю і з навуковай дасведчанасцю аперыраваў прыкладамі з Упанішад і Рыгведы. А яго колішні артыкул пра беларускую міфалогію, які быў надрукаваны ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, атрымаў шырокі рэзананс. І гэта толькі некаторыя сведчанні пра навуковыя інтарэсы апантанага краязнаўцы.

Міхаіл Адамавіч з удзельнікамі краязнаўчага гуртка стварыў экалагічны маршрут, які ахопліваў значныя навакольныя мясціны. На працягу гэтага маршруту былі зладжаны некалькі альтанак, дзе можна было адпачыць, а таксама кладкі-пераходы праз балоцістыя мясціны. Пра гэту экалагічную сцежку вяскоўцы з цеплынёй згадвалі не адзін раз.

Пад яго кіраўніцтвам зацікаўленыя гурткоўцы праводзілі не толькі краязнаўчую, але і пошукаваю працу. Таксама займаліся выяўленнем і ўстанаўленнем прозвішчаў землякоў, расстраляных фашыстамі, а таксама загінулых у партызанах і на фронце.

Уся гэта праца мела не толькі адпаведны рэзананс, але і падтрымлівалася адпаведным чынам на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Удзельнікі школьнага краязнаўчага гуртка на чале з Міхаілам Баравулем неаднаразова ўдзельнічалі ў краязнаўчых канферэнцыях і злётах.

Школа набыла імя

Міхаіл Баравуля займаўся актыўнай пошукавай дзейнасцю не толькі з вучнямі Стараслабодскай школы, але і індывідуальна. Так пры будаўніцтве дарогі “Ухвала-Матошка” каля школы на старых могілках былі знойдзены парэшткі чырвонаармейца, і Міхаіл Адамавіч устанавіў імя загінуўшага воіна. Тут варта згадаць, што ў тым годзе ён таксама вызначыў прозвішча лётчыка, які загінуў у ваколіцах Ухвальскага сельскага савета. Па яго звестках, гэтым лётчыкам быў ураджэннец Бабруйска Дзігель (Дигель).

У сваёй пошукавай працы Баравуля цікавіўся не толькі далёкай мінуўшчынай, але і нядаўняй гісторыяй. Яго дапытлівы розум сягаў далёка за межы імёнаў і прозвішчаў насельнікаў навакольных мясцін, ён імкнуўся спасцігнуць падзеі, даты, акалічнасці, звязаныя з Крупшчынай. Пад яго кіраўніцтвам Стараслабодская васьмігадовая школа стала сярэдняй школай і атрымала імя 100-й стралковай гвардзейскай дывізіі. Міхаіл Адамавіч клапаціўся пра ўвекавечванне і ўсталяванне помнікаў абаронцам Айчыны. Яго намаганнямі на сцяне Стараслабодскай школы з’явіўся памятны знак, прысвечаны Герою Савецкага Саюза Якаву Дзмітравічу Бяляеву. Дзякуючы Баравулю ў 1981 годзе быў сфарміраваны і адкрыты адзін з першых школьных краязнаўчых музеяў у Крупскім раёне.

Міхаіл Баравуля шмат здзейсніў у вывучэнні партызанскага руху Крупшчыны і прылеглых раёнаў. У інтэрнэце змешчаны матэрыялы, падрыхтаваныя краязнаўцам, пра баявую дзейнасць лясных мсціўцаў.

Актыўна Міхаіл Баравуля цікавіўся жыццёвымі шляхамі землякоў, якія паволі лёсу перасяліліся ў далёкую і неабсяжную Сібір. Ён цікавіўся і знаходзіў у інтэрнэце такія сведчані, якія лучылі родныя гумнаўскія і далёкія сібірскія мясціны.

І вершы пісаў

Трэба сказать, што ў Міхаіла Адамавіча былі не толькі навуковыя інтарэсы, але і творчыя. Варта згадаць, што Баравуля шмат друкаваўся ў перыядычным друку, а таксама ў паэтычных зборніках. А яшчэ Міхаіл Адамавіч запісваў мясцовыя легенды і паданні, аповеды. Паводле аднаго такога запісу пра Каляды, фальклорны калектыў “Горын” пры студэнцкім этнаграфічным таварыстве ладзіць батлеечнае прадстаўленне “Дзве Каляды”. І прадстаўленне гэта ладзіцца гуртам на Каляды кожны год, а таксама ставіцца падчас культурных мерапрыемстваў на працягу года.

У пошуках неабходных звестак пра Старую Слабаду і навакольныя вёскі Міхаіл Баравуля звяртаўся да польскіх крыніц і яму не адмаўлялі ў неабходных звестках. Шмат матэрыялаў краязнаўчай і гістарычнай накіраванасці дадзенных мясцовасцяў, сабраных і выяўленых ім, змешчаны ў кнігах “Памяць. Крупскі раён”. Неабходна яшчэ дадаць, што шмат артыкулаў было надрукавана ці не ў кожным выпуску ў альманахах, якія выдаваліся мясцовым таварыствам “Малое Палессе”.

У сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Міхаіл Баравуля прыняў удзел у літатарурным конкурсе Мінскага абласнога Савета ветэранаў, у якім заняў першае месца.

Музейныя клопаты

Не менш важкім і грунтоўным клопатам Міхаіла Баравулі была музейная справа. І тут спадар Міхаіл актыўна працаваў да апошніх дзён жыцця. Яго запрасілі ва Ухвальскую сярэднюю школу з мэтай стварэння школьнага музея. Баравуля з галавой акунуўся і ў гэтую працу. Тыя дакументы, якія знаходзіліся ў Стараслабодскай школе, ён перадаў ва Ухвальскую сярэднюю школу і працаваў над стварэннем паўнавартаснага школьнага музея. Але праца засталася няскончаная. Вельмі хочацца спадзявацца, што паслядоўнікі краязнаўцы яе завершаць.

Міхаіл Баравуля аказаў істотны ўплыў на фарміраванне самасвядомасці сваіх вучняў, аднавяскоўцаў. Ён шчыра працаваў у народнай адукацыі, на культурна-асветніцкай, краязнаўчай і патрыятычнай ніве. Пра такіх кажуць, што яны пакінулі след на Зямлі.

Аляксандр ЦІТАВЕЦ