Больш жывы за ўсіх жывых? або хаджэнне векавога брэнда

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Пачатак у №№ 48 — 50

/i/content/pi/cult/829/17696/4.jpgАле знакамітая ленінская фраза пра кіно гучала так: “Пока народ безграмотен, из всех искусств важнейшими для нас являются кино и цирк”. І разумеючы гэта, Ленін 27 жніўня 1919 года падпісаў дэкрэт Саўнаркама РСФСР аб нацыяналізацыі кіно. Трэба прызнаць, што аснову савецкаму кінематографу заклала хроніка. У 1921 годзе Ленін гаварыў Луначарскаму: “Если вы будете иметь хорошую хронику, серьезные и просветительные картины, то не важно, что для привлечения публики пойдет при этом какая-нибудь бесполезная лента, более или менее обычного типа. Конечно, цензура все-таки нужна. Ленты контрреволюционные и безнравственные не должны иметь место...”

А якія фільмы Ленін асабіста глядзеў? На гэты конт амаль нічога не гаворыцца — біёграфы правадыра маўчаць, а толькі без усялякага сораму “рэдагуюць” спрадвечны ленінскі тэкст пра “важнейшее из всех искусств”, выкідаючы слова “цырк”. Яны пішуць, што “гэтым тэарэтычным палажэннем Ленін... унёс выдатны ўклад у азначэнне ўсяго сучаснага мастацтва”.

Кажуць леніназнаўцы, што Ільіч быў вельмі патрабавальным кінагледачом, часта наведваў кінасеансы. Але сучасныя яму фільмы быццам бы толькі ў малой ступені задавальнялі яго густ. І атрымала станоўчы водгук хіба што антырэлігійная стужка “Чудотворец” рэжысёра Аляксандра Панцялеева. Больш ніякіх канкрэтных прыкладаў пра тое, што глядзеў правадыр, я не знайшоў. Ленін і кіно — тэма вельмі разнастайная, якая патрабуе асаблівага даследавання. Адно скажу: самому Леніну і ў савецкім кінематографе з уласным брэндам пашанцавала. Мастацкіх фільмаў пра яго, пачынаючы ад маладога ўзросту і да апошніх дзён жыцця, было пастаўлена каля шасцідзесяці. Значна больш, чым пра іншых гістарычных асоб, выключаючы, зразумела, фільмы з фігурай Сталіна: іх прыкладна каля двухсот мастацкіх і больш за тузін дакументальных.

Як пачыналася “вялікая культурная рэвалюцыя”?

Пасля Кастрычніка ўсе ленінскія тэзісы зводзіліся да аднаго: да класавай барацьбы, да кіруючай ролі партыі, да ролі мастацтва “як агітацыйнага сродку”, да яго выкарыстання для ідэйнай работы ў духу сацыялізму — і не болей за тое. Менавіта адсюль і нарадзіўся гістарычны дэкрэт “О памятниках республики”, які падпісаў Ленін з паплечнікамі Сталіным і Луначарскім 12 красавіка 1918 года. Хутчэй за ўсё гэтая думка прыйшла да Леніна пасля таго, як ён уважліва вывучыў знакаміты ўтапічны трактат італьянскага філосафа-мысліцеля эпохі Адраджэння Тамаза Кампанэлы “Город солнца”. Ільіч палічыў, што ідэі трактата вельмі прымальныя для палітычнай практыкі новай савецкай улады. У яго крамлёўскай бібліятэцы гэтая кніга стаяла на кніжнай паліцы на вельмі ганаровым месцы...

У дэкрэце было сказана, што “в ознаменование великого переворота, преобразившего Россию”, ліквідаваць помнікі царскага рэжыму і стварыць “памятники, долженствующие ознаменовать великие дни Российской социалистической революции”. У гэты кантэкст упісалася самая першая пастанова Саўнаркама: аб асігнаванні мільёна рублёў на збудаванне першага ў свеце помніка Карлу Марксу... на месцы яго пахавання на Хайгейцкіх могілках у Лондане. Ну а потым усё пайшло, як было запланавана ў спісе тых помнікоў, якія павінны быць перш за ўсё ў Маскве і Петраградзе.

Ужо да першай гадавіны “вялікага перавароту” (7 лістапада 1918 года) на вуліцах і плошчах Масквы было адкрыта 12 манументаў. Найбольш значны сярод іх — абеліск, прысвечаны першай Савецкай Канстытуцыі, праз паўгода дапоўнены статуяй Свабоды. Аднак цагляны абеліск з бетоннай фігурай паступова струхлеў, і ў 1941 годзе яго знеслі (зараз на тым месцы — помнік Юрыю Даўгарукаму). Усяго за час з 1918 па 1921 год Масква атрымала каля трыццаці помнікаў, Петраград — каля дваццаці.

Мемарыяльная дошка “Павшим в борьбе за мир и братство народов” работы Сяргея Канёнкава, устаноўленая на сцяне Сянацкай вежы Крамля, была адкрыта 7 лістапада 1918 года. На цырымоніі з прамовай выступіў Ленін. Крытычныя адносіны правадыра да твора Канёнкава вытлумачваюцца тым, што дошка была выканана ў духу абстрактнай сімволікі: алегарычны сэнс фантастычнай фігуры ў цэнтры кампазіцыі, не зразумелы Леніну, мог быць, на думку правадыра, незразумелым і шырокім масам.

А 1 мая 1920 года Ільіч наведаў выставу эскізаў помніка “Освобожденному труду” таго ж Канёнкава на Прычысценскай набярэжнай, дзе планавалася яго ўстаноўка. Аднак Ленін, як мне расказваў сам Сяргей Цімафеевіч Канёнкаў, калі пашчасціла пабываць у ягонай маскоўскай майстэрні, не адобрыў эскізы з-за іх “футурыстычнага” характару, дзе нібы занадта многа было “геаметрычных форм”.

“Коммуной вздыбленная Русь...”

Ці не пра гэта думаў Сяргей Ясенін, выступаючы на адкрыцці гіпсавага помніка паэту Аляксею Кальцову 3 лістапада 1918 года на Тэатральнай плошчы ў Маскве. Ён там чытаў свой верш “О Русь, взмахни крылами…”

А пачыналася нараджэнне гэтых “крылаў” з таго, што сталі знішчацца помнікі “царам і іх слугам” не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне, прычым зносіліся любыя манументы, прысвечаныя падзеям дарэвалюцыйнай эпохі, а не толькі “царскія”, як, напрыклад, Аляксандра-Неўская царква ў скверы на Георгіеўскім праспекце тагачаснага старажытнага беларускага горада Вільні (зараз Вільнюс, праспект Гедыміна), пабудаваная ў памяць салдат, загінуўшых у час паўстання 1863 года ў Беларусі.

А вось як быў перароблены абеліск у памяць трохсотгоддзя дынастыі Раманавых у маскоўскім Аляксандраўскім садзе. Па-першае, імёны цароў былі ссечаны; па-другое, на адной з граней абеліска хутка выбілі імёны рэвалюцыянераў. І ў пахмурную раніцу 1 мая 1918 года адбылася значная падзея: Ленін асабіста прымаў удзел у нізвяржэнні помніка, узведзенага на месцы забойства вялікага князя Сяргея Аляксандравіча ў Крамлі. Камендант Маскоўскага Крамля Павел Малькоў (дарэчы, той самы, які 3 верасня 1918 года асабіста расстраляў Фані Каплан, а сам пры Сталіне каля 15 гадоў правёў у ГУЛАГу) успамінае, як Ленін патрабаваў “убрать” гэтае “безобразие” і прынесці вяроўкі. “Я імгненна пабег у камендатуру і прынёс вяроўкі. Уладзімір Ільіч спрытна зрабіў пятлю і накінуў на помнік. Узяліся за справу ўсе, і хутка помнік быў ахутаны вяроўкамі з усіх бакоў. “А ну, дружна!” — задорна камандаваў Уладзімір Ільіч. Ленін, Свярдлоў, Аванесаў, Смідовіч, іншыя члены ВЦИК і Саўнаркама... упрэгліся ў вяроўкі, налеглі, дзерганулі, і помнік абваліўся на брук”.

Так, з лёгкай рукі Ільіча ў прамым і пераносным сэнсе ў першай краіне перамогшага сацыялізму пачыналася вялікая культурная рэвалюцыя, водгулле якой адчуваецца і ў сучасным свеце. У 1990 годзе, адпачываючы ў Трускаўцы, я бачыў амаль такую ж карціну: як знеслі і адцягнулі на вяроўках кудысьці на ўскраіну горада помнік самому Леніну — “лепшаму сябру ўкраінскага народа”.

З ведама Ільіча былі разбураны маскоўскія помнікі Аляксандру III і Аляксандру II, герою Расіі і Балгарыі генералу Міхаілу Скобелеву, у Кастраме разбурылі помнік цару Міхаілу Фёдаравічу і Івану Сусаніну, а пад Масквой, у г. Вярэя — герою 1812 года генералу Івану Дорахаву, у Навачаркаску — таксама герою вайны з Напалеонам атаману Мацвею Платаву. Такіх прыкладаў разбураных паводле знакамітага Ленінскага дэкрэта помнікоў можна прывесці дзясяткі. Словам, умоўна кажучы, па сваёй сутнасці Ленінскі план манументальнай прапаганды — у пункце знішчэння былых помнікаў — жорстка працуе і ў найноўшы час: у асноўным, у былых савецкіх саюзных рэспубліках і ў былых краінах народнай дэмакратыі...

З футурызмам — “напряжёнка”?

З розных прычын ленінскі план так і не быў рэалізаваны, і, за вельмі рэдкім выключэннем, ніводны з тых помнікоў не захаваўся. І тут вінаватыя не толькі такія матэрыялы, як бетон, гіпс ці дрэва. Многія творы былі проста знішчаны прыроднымі катаклізмамі, некаторыя разбураны злачынцамі ці знятыя па патрабаванні пралетарскага люду з-за іх фармалістычных выкрунтасаў.

Барыс Крэпак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"