Чароўны свет казкі

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

“Чароўны свет” — так называецца сёлета навагодні спектакль Галоўнай ёлкі краіны ў Палацы Рэспублікі. Менавіта на яго, паводле традыцыі, патрапяць не толькі ўсе жадаючыя, прыдбаўшы квіткі, але і юныя гледачы ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Якім жа паўстане для ўсіх іх “Чароўны свет”? Пра гэта мы даведаліся ў рэжысёра Аляксандра Вавілава, які выступіў таксама адным з аўтараў сцэнарыя святочнага прадстаўлення.

/i/content/pi/cult/829/17695/1.jpg— Вядома, будзе казка. Але любыя казачныя фантазіі, як вядома, у той ці іншай ступені звязаны з паўсядзённым жыццём. Так і тут. Бо ў “Чароўным свеце” закранута тэма глабальнага пацяплення, якая апошнім часам усё больш хвалюе чалавецтва, вымушае даволі шырока звяртацца да грамадскасці і ўголас абмяркоўваць экалагічную праблематыку. Дзеці не застаюцца ў баку, але як патлумачыць ім гэтыя і многія іншыя працэсы, што адбываюцца ў прыродзе? Канешне, праз добрую казку. Невыпадкова ў нашым спектаклі ёсць песня з такімі словамі: “Казка — радасць, казка — праўда, казка — мудрасць для дзяцей”. У надвор’і — пацяпленне. І дзеці, каб дапамагчы Дзеду Марозу, звязваюцца з яго сябрамі і калегамі з іншых краін. Яны падарожнічаюць у Аўстралію, Антарктыду, пустыню Гобі.

Спектакль вельмі музычны, прыгожы, яркі. Музыку напісаў Зміцер Парфёнаў. Яго параіў нам прадзюсар Юрый Саваш — і не памыліўся: той напісаў для навагодняй казкі 13 песень і 9 інструментальных кампазіцый. А цудоўны гукарэжысёр Яўген Купрыянаў робіць усё, каб у няпростай па акустыцы зале было пачута кожнае слоўца, кожная нотка, усе фарбы аранжыроўкі. Яркімі колерамі, казачнай прыгажосцю зіхаціць сцэнічная прастора, убранне якой прыдумляла мастачка Галіна Холад. Яна захварэла, але працягвала працаваць анлайн. Юрый Барысевіч стварыў касцюмы — сакавітыя па фарбах, свежыя па вобразах і ідэях. Вельмі нечаканымі атрымаліся пінгвіны. Снежная Каралева ў нас — увогуле гэткая бізнес-ледзі. І, вядома, у спектаклі многа рухаў, удзельнічае Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца. А яго кіраўнік Валянцін Дудкевіч стаў маім творчым сааўтарам. Мы імкнуліся зрабіць усё не проста добра, а, як кажуць, лепей, чым для дарослых.

Нам усім сёння не хапае цуда. Але яно ёсць, трэба толькі верыць у яго. Верыць у будучыню, ва ўсё добрае і светлае — і менавіта казкі нам ва ўсім гэтым дапамагаюць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"