Тэатральныя Капаткевічы: ад “Трыбунала” да “Кіма”

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

1970-х гадах у Капаткевіцкай бібліятэцы, што ў Петрыкаўскім раёне, працавала Ніна Басалыга. Усё наваколле ведала, што бібліятэкар апантаны тэатральным мастацтвам. Неўзабаве Ніна Піліпаўна знайшла сярод чытачоў аднадумцаў і прапанавала ім стварыць у родных Капаткевічах драматычную трупу. Летась усёй грамадой адзначылі 30-годдзе народнага тэатра.

А пачыналася ўсё з рэпетыцый у актавай зале школы, у бібліятэцы. З першага набору аказаўся Анатоль Суботка, які і сёння на капаткевіцкай сцэне.

— Першай нашай пастаноўкай стаў “Трыбунал” Андрэя Макаёнка, — узгадвае артыст. — Мы шмат рэпеціравалі, бо Ніна Піліпаўна адразу зазначыла, што вясковы жыхар асабліва рэагуе на тое, што адбываецца на сцэне, і любы фальш адчуе вокамгненна. І хоць я да гэтага займаўся ў тэатральным гуртку Палаца культуры “Гомсельмаша”, але роля Цярэшкі давалася вельмі цяжка: Ніна Піліпаўна патрабавала прафесійнага майстэрства.

Рэпетыцыі далі доўгачаканы плён: прэм’ера прайшла з вялікім поспехам пры паўнюткай зале на 250 месцаў.

Але жадаючых пабачыць першую пастаноўку было настолькі шмат, што ў новаспечаных акцёраў не было іншага выйсця: прыйшлося адыграць другі спектакль запар!

За дзесяцігоддзі, што мінулі з тае пары, народны тэатр выхаваў некалькі пакаленняў сапраўдных аматараў сцэнічнага мастацтва. Мясцовыя жыхары не прапускалі ніводнай прэм’еры, некаторыя прыходзілі нават на рэпетыцыі. Для самадзейнай трупы стала звычайным, калі на вуліцы каго-небудзь з артыстаў ці рэжысёра спынялі і пыталіся: а калі ж чарговая пастаноўка адбудзецца? І прэм’еры ішлі адна за адной. Штогод ставіліся п’есы беларускіх драматургаў: на афішы часцяком з’яўляліся імёны Янкі Купалы, Андрэя Макаёнка, Георгія Марчука, Аляксея Дударава.

У 1988 годзе тэатр атрымаў званне народнага. Прафесійныя рэжысёры і крытыкі асабліва адзначалі акцёрскую ігру Анатоля Суботкі. Яго нават запрашалі перайсці ў трупу Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, аднак Анатоль адмовіўся: родны пасёлак бліжэй да сэрца.

Трупа пастаянна наведвала са спектаклямі суседнія вёскі, удзельнічала ў абласным тэатральным фестывалі ў Мазыры. З абласных і рэспубліканскіх аглядаў і конкурсаў абавязкова вярталася дадому з дыпломамі і ўзнагародамі.

Петрыкаўскі райвыканкам вырашыў аддзячыць цудоўнаму калектыву шыкоўным падарункам: народнаму тэатру ўзвялі будынак у цэнтры пасёлка.

Трупа нарэшце атрымала ўласнае памяшканне для рэпетыцый, пакой для захоўвання касцюмаў і дэкарацый. Тэатралы запрашаюць на сваю сцэну і іншых культасветнікаў Капаткевічаў: прыкладам, тут часцяком праводзяць свае мерапрыемствы бібліятэкары...

Ніна Піліпаўна за гады свайго кіравання выхавала 80 цудоўных артыстаў. Тры гады таму яна выйшла на пенсію і пакінула Капаткевічы, перадаўшы справу Надзеі Якімавай. Надзея скончыла ў свой час Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці “Рэжысура самадзейнага тэатральнага калектыву”, таму смела ўзялася за справу. Штогод у Капаткевічах — прэм’ера.

Апошнім часам у рэпертуары з’явіліся казкі, з якімі тэатр выступае ў дзіцячых садках і школах Петрыкаўшчыны.

— Галоўнай цяжкасцю ў рабоце становіцца пошук п’ес, — распавядае аб рэжысёрскіх праблемах Надзея Якімава. — Вяскоўцы хочуць чуць гісторыі на сельскую тэматыку, а такіх п’ес няшмат.

Да таго ж, большасць драматургічных твораў разлічана на вялікую колькасць акцёраў, маштабныя дэкарацыі, павароты сцэны, шыкоўныя касцюмы. Мы ж сцэнаграфію ствараем уласнымі сіламі, строі збіраем па вёсках з бабуліных куфраў, дый заняць у пастаноўцы я магу чалавек восем-дзесяць...

Аднак любоў да тэатральнага мастацтва перамагае ўсё. Летась уся Петрыкаўшчына гаварыла пра капаткевіцкі спектакль “Кім” паводле Аляксея Дударава, цяпер з нецярпеннем чакае новай прэм’еры.

А Надзея Якімава ўкараняе новыя тэатральныя традыцыі. Адкрыла ў школе-інтэрнаце факультатыў “Школа юнага акцёра”. Лепшых вучняў запрашае да ўдзелу ў спектаклях народнага тэатра.

На рэпетыцыі прыходзяць і навучэнцы старэйшых класаў сярэдняй школы. І няма лепшай узнагароды для падлеткаў, чым пачуць, як на выпускным балі іх абвяшчаюць самадзейнымі артыстамі.


Соф’я БАРДЖЭЕВА
Фота аўтара