Пад супрэматычным небам Віцебска

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Спектакль “Уна дачка Казіміра” (адмыслова без коскі) віцебскага тэатра “Кола” адкрываў фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар, БДУ”, які прайшоў у Мінску на мінулым тыдні з прысвячэннем 100-годдзю авангарднага мастацкага аб’яднання УНОВИС. Да фестывалю спектакль паказваўся толькі аднойчы — у лютым гэтага года, у межах святочных мерапрыемстваў на радзіме УНОВИС як частка вялікай мастацкай акцыі “Supremшторм”. Менавіта сваімі перформансамі сярод іншага славіцца тэатр “Кола”, які за 15 гадоў дзейнасці стаў унікальнай з’явай у беларускай аматарскай тэатральнай прасторы.

/i/content/pi/cult/828/17684/15.jpgКалі ў лютым у Віцебску сабраліся госці з Беларусі і замежжа, у тым ліку і нашчадкі Казіміра Малевіча і іншых удзельнікаў УНОВИС, адным з самых яскравых сваіх уражанняў ад святкавання 100-гадовага юбілею аб’яднання яны называлі перформанс “Уна дачка Казіміра”. Івона Малевіч, унучатая пляменніца славутага мастака і захавальніца яго творчай спадчыны, казала: “Гэта было amazing! Ад захаплення ў мяне беглі слёзы!”. Таццяна Катовіч, доктар мастацтвазнаўства і знакамітая даследчыца творчасці УНОВИС, пацвярджае: “Здрыгануліся ўсе, настолькі гэта было моцна. Мы зведалі катарсіс”.

На жаль, сцэнічны лёс спектакля, які мог бы скласціся даволі ўдала ў юбілейны год УНОВИС, быў спынены пачаткам пандэміі, і вось толькі зараз, у фае мінскага ліцэя БДУ ў межах фестывалю “Тэатральны куфар” адбыўся другі паказ. Ацаніць яго змагла нешматлікая сталічная публіка, што складалася ў асноўным з саміх арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю. Нягледзячы на тое, што месца і ўмовы былі не самыя адпаведныя творчай задуме і частка дэкарацый не даехала ў Мінск, перформанс здолеў сапраўды ўзрушыць гледачоў. А далёка не ўсе з іх, верагодна, валодалі неабходнымі ведамі, каб пазнаць сімвалы і знакі пастаноўкі, захапіцца злучэннем творчасці Казіміра Малевіча з тэатральнымі прыёмамі, прызнаць, што адчулі менавіта моц антычнага тэатра і дух супрэматызму. Тым не менш, сама дзея, што скончылася прапановай да ўсіх гледачоў пахадзіць пад “супрэматычным небам Віцебска” (яго стваралі фігуры на хадулях, якія трымалі над сваімі галовамі планшэты з малюнкамі Малевіча з кнігі, выдадзенай ім у Віцебску 100 гадоў таму), закранала і зачароўвала эмацыйна — нават калі і была камусьці не да канца зразумелай. “Уна дачка Казіміра” не стала пераможцай “Тэатральнага куфра, БДУ — 2020” (Гран-пры атрымаў спектакль “Чэхантэ. Хірургія” тэатральнай майстэрні “Студыёзы” БДУКіМ, так прагаласавалі гледачы), але, несумненна, пра гэтую пастаноўку мы яшчэ пачуем, калі часы стануць больш спрыяльнымі і будзе магчымасць паездзіць па фестывалях.

Нас зразумеюць праз сто гадоў

/i/content/pi/cult/828/17684/16.jpgЦі трэба ведаць гісторыю Казіміра Малевіча, гісторыю УНОВИС і што такое супрэматызм, каб у поўнай меры ацаніць спектакль тэатра “Кола”? Як мінімум, пажадана. Уна — дачка Малевіча, народжаная ў Віцебску і названая так у гонар УНОВИС — аб’яднання “утвердителей нового искусства”, заява пра стварэнне якога прагучала на некалькі месяцаў раней, 14 лютага. А 6 лютага 1920 года ў Віцебску быў паказаны супрэматычны балет, які выглядаў як перасоўванне матэматычных фігур — планшэты з імі ўдзельнікі спектакля трымалі перад сабой у руках. І вось праз сто гадоў у Віцебску адбылася прэм’ера супрэматычнага неБалета “Уна дачка Казіміра”. І тут акцёры таксама трымаюць перад сабой, і над сабой, планшэты. Так, гэта не балет — гэта перформанс, які можна назваць прысвячэннем Казіміру Малевічу і УНОВИС.

— Тут ідзе дыялог цяперашніх маладых людзей з Малевічам і яго вучнямі, — кажа мастацтвазнаўца Таццяна Катовіч, якая была і кансультантам пастаноўкі. — У новай рэальнасці аднаўляюцца знаходкі, што былі зроблены ў Віцебску сто гадоў таму. Гэта творчая спроба наблізіцца да тагачасных адчуванняў і перажыванняў, да духу і вялікіх задум “уновистов”. Пры гэтым атрымаўся вельмі сучасны і актуальны спектакль, як і актуальны зараз зварот да антычнай тэатральнай традыцыі.

Рэжысёр і аўтар ідэі Уладзіслава Цвікі кажа, што для яе гэта — маніфест “утвердителей нового искусства”, маніфест новага тыпу мыслення, а апошні радок з верша Малевіча, які рэфрэнам гучыць на заканчэнне пастаноўкі, і ёсць канцэпцыя ўсёй дзеі — “Я” нематериально лишь материально его творчество”.

Артысты на хадулях як антычны хор — з вершамі Хармса і Малевіча, трансфармацыя ўмоўнага саркафага, які сто гадоў таму мастак сам прыдумаў як супрэматычную канструкцыю. І верш Данііла Хармса, напісаны на смерць мастака ды пакладзены ім у труну на рукі Малевіча, у вуснах Уны, якая адначасова разбірае розныя геаметрычныя, быццам дзіцячыя фігуркі — але ў той жа час гэта частка архітэктонаў Малевіча і архітэктуры Малевіча — Лісіцкага: кожная дэталь, кожны момант пастаноўкі невыпадковы і звязаны з агульнай тэмай і канцэпцыяй... І для гэтага вельмі творча папрацавалі мастак-пастаноўшчык Надзея Бараноўская і харэограф Алена Сцепанюк. Напрыканцы постаці на хадулях уздымаюць усю гэтую супрэматычную тэму ўверх — быццам на касмічную вышыню, і ствараюць такім чынам супрэматычнае неба Віцебска. Часта гавораць пра неба Шагала, а Таццяна Катовіч і Уладзіслава Цвікі лічаць, што ў Віцебску варта казаць і пра неба Малевіча.

Дарэчы, падрабязна прачытаць пра гісторыю віцебскага аб’яднання, у тым ліку і пра футурыстычную оперу “Перамога над Сонцам” і супрэматычны балет, можна ў новай вялікай кнізе Таццяны Катовіч “Утвердители нового искусства”, якая з’явілася на свет літаральна днямі.

— “Нас зразумеюць праз сто гадоў”, пісалі “уновисты” — а вось што мы павінны былі зразумець? — такое пытанне Таццяна Катовіч вызначае ў якасці галоўнага. — Ці гатовыя мы весці з імі дыялог на роўных? Нягледзячы на складанасць тэмы, юныя артысты змаглі ўвайсці ў яе нефармальна і дасягнулі натуральнага існавання ў гэтай мастацкай і філасофскай прасторы.

Наконт таго, што тэатр і акцёры непрафесійныя, а хадулі і касцюмы са звычайнай поліэтыленавай плёнкі зроблены саматужным чынам, — дык і сто гадоў таму ў супрэматычным балеце, што ставіла вучаніца Малевіча Ніна Коган, былі задзейнічаны школьнікі. Хаця, чаго хаваць, рэжысёр і кіраўнік тэатра “Кола” Уладзіслава Цвікі марыла б ажыццявіць перформанс у “дарагім” выглядзе. Але ж гэта аматарскі тэатр пры дзяржаўнай установе — Цэнтры культуры “Віцебск”, і атрымліваецца ўражваць талентам, крэатыўнасцю, самаадданасцю, а не багаццем фінансавых укладанняў. А вось менавіта ў крэатыўнасці тэатр “Кола” недахопу не мае.

“Кола” круціцца

У Беларусі нямала аматарскіх тэатраў, але, мабыць, другога такога не знойдзеш, які з аднолькавым поспехам ставіць класічныя драматычныя творы і п’есы сучасных аўтараў, — але ж стварае і мноства перформансаў. Які не проста выходзіць на вуліцы, а ўвогуле штогод праводзіць у рамках “Славянскага базара ў Віцебску” фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. І што такое форум-тэатр, і што такое музычны спектакль з жывой рок-групай на сцэне, тут таксама ведаюць не па чутках. А яшчэ ў гэтым тэатры ёсць свае фаершчыкі і барабанеры, а ў тэатральнай студыі займаюцца цалкам традыцыйнымі дысцыплінамі — сцэнічнай мовай, харэаграфіяй, эцюдамі і гэтак далей.

Такім чынам, маладзёжны тэатр “Кола” — гэта сапраўды вялікае прадпрыемства, няхай і з невялікімі сродкамі. Пры гэтым ён не проста адгукаецца на актуальны парадак дня ў віцебскай культуры, але і сам яго стварае. Віцебск, між іншага, горад мастакоў, і калабарацый менавіта з мастакамі і мастацкімі праектамі ў “Кола” вялікае мноства. І яшчэ да “Уны дачкі Казіміра” быў “Малевіч. Партрэт у двух вымярэннях”, які спачатку паказалі ў Маскве як перформанс, а потым ператварылі ў вялікі спектакль.

Кіруе тэатрам “Кола” рэжысёр Уладзіслава Цвікі. Якая, праўда, прызнаецца, што калісьці ўжо і не думала працаваць у галіне культуры, але знаёмства з будучым мужам — выдатным музыкантам, аўтарам-выканаўцам Уладзімірам Цвікі, які таксама з’яўляецца адной з яскравых фігур віцебскага культурнага асяроддзя, вярнула яе да таго, што ў выніку стала справай жыцця.

Спачатку ў 8-й гімназіі быў утвораны тэатр “Дарослыя дзеці”, які неўзабаве атрымаў званне ўзорнага, — дарэчы, ім Уладзіслава Цвікі кіруе і дагэтуль. Потым у педагагічным універсітэце з’явіўся тэатр “Адзіны варыянт”, і вось ужо адтуль рэжысёра запрасілі ў КДЦ “Віцебск” (праз некаторы час ён аб’яднаўся з Цэнтрам культуры “Віцебск”). Так 15 гадоў таму ўтварыўся тэатр “Кола”, які даволі хутка зацікавіўся не самымі традыцыйнымі і акадэмічнымі тэатральнымі формамі.

— Да нас займацца прыходзілі зусім маладыя людзі, і мне стала цікава тое, што цікава менавіта ім, — кажа Уладзіслава Цвікі. — Мы пачалі рабіць перформансы, мы навучыліся на спецыяльных майстар-класах форум-тэатру, мы абраслі самымі рознымі спецыялістамі — у нас вялікі тэатр, бо людзі прыходзяць і не сыходзяць. Толькі па спісе мы маем чалавек 50, але ёсць вялізная колькасць тых, хто задзейнічаны як сесійныя акцёры ці музыканты.

Дарэчы, тая юная артыстка, што выконвала ролю Уны — Ангеліна Градоўкіна — зараз яшчэ вучыцца ў 11-м класе, але ў тэатры займаецца ўжо чацвёрты год./i/content/pi/cult/828/17684/unovis.jpg

У сваім рэпертуары “Кола” мае да 30-ці форум-спектакляў: акцёры паказваюць нейкую гісторыю, у якой звычайна ёсць агрэсар і ахвяра, даводзяць яе да кульмінацыйнага моманту, а далей пачынаецца імправізацыя, калі акцёрамі становяцца і гледачы. Натуральна, не толькі на сцэнах выступае “Кола”, але і проста на вуліцах Віцебска, і не толькі пад час фестывалю “На сямі вятрах” — з надыходам вясны тэатр выходзіць на вольнае паветра з сапраўднымі перформанс-спектаклямі. А яшчэ ўпрыгожвае сабой многія значныя культурныя, найперш мастацкія падзеі. Уладзіслава Цвікі кажа:

— Я сапраўды лічу Віцебск унікальным месцам, я дагэтуль дзіўлюся, якім цудам у нас адбываецца так многа цікавых рэчаў. Хаця не, насамрэч усё проста — у людзей вялікая прага да сумленнай творчасці. І так можна сказаць як пра саміх творцаў, так і пра гледачоў. Памятаю, мы за два дні да падзеі проста далі абвестку ў інтэрнэт і сабралі на наш вулічны спектакль каля тысячы чалавек.

Сярод іншага раз на год тэатр выпускае вялікі дзіцячы спектакль, і 25 снежня на сцэне канцэртнай залы “Віцебск” адбудзецца прэм’ера пастаноўкі “13 дзён да Калядаў”, у якой “Кола” ўпершыню паспрабуе сябе як тэатр ценяў. А на наступны дзень, 26 снежня, на сцэне пакажуць містычную камедыю “Каваманія”. Заканчваецца праца над пастаноўкай паводле п’есы Шэкспіра “Кароль Лір” — гэта ўжо планы на будучы год. Тэатр “Кола” не спыняецца, круціцца.