Наш творца ў кантэксце сучаснасці

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Сусветная культурная прастора запоўнена так шчыльна, што прабіцца туды са сваімі брэндамі, асабліва пры наяўнасці жорсткай канкурэнцыі мноства краінаў, даволі складана. Мы можам быць абсалютна ўпэўненыя, што нейкі аб’ект нашай нацыянальнай спадчыны ці асоба нашай гісторыі вартыя сусветнага прызнання і прысутнасці ў Спісе сусветнай спадчыны UNESCO ці ў календары памятных дат гэтага “сусветнага міністэрства культуры”, але каб нас там згадалі, трэба добра парупіцца.

/i/content/pi/cult/828/17680/7.jpgФердынанд Рушчыц - безумоўна, геній. І тое, што ягонае імя трапіла ў згаданы вышэй прэстыжны календар, сведчыць пра тое, што сусветная культурніцкая супольнасць падзяляе нашу думку. Аднак, каб гэта стала магчымым, спатрэбіліся скаардынаваныя высілкі некалькіх краінаў, знітаваных праз жыццёвы і творчы шлях нашага Фердынанда. Беларусь выступіла ініцыятарам, а далучыліся да ініцыятывы Літва, Польшча, Расія.

Вось і навукова-практычная канферэнцыя “Творчасць Фердынанда Рушчыца ў кантэксце еўрапейскай мастацкай культуры”, прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння мастака, мела міжнародны чыннік праз удзел у ёй навукоўцаў з Расіі і Польшчы. Арганізатар канферэнцыі — Нацыянальны мастацкі музей. Яна праходзіла 9 — 10 снежня. З дакладам “Успаміны Фердынанда Рушчыца пра касцюміраваныя балы ў Санкт-Пецярбургу” выступіла мастацтвазнаўца, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Рускага музея спадарыня Гурэвіч. “Фердынанд Рушчыц: ад “МираИскусства” да Таварыства Польскіх Мастакоў “Sztuka” — тэма даклада мастацтвазнаўцы з польскага горада Любліна спадара Хвецковіча.

Ад Беларусі выступілі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.Суша, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея А. Мацюшонак, Н.Усава, Д.Бартошук, С.Пракоп’ева, Ю.Лісай, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў К.Касцючэнка, старшыня Беларускага саюза мастакоў Г.Отчык і іншыя. Былі прааналізаваныя розныя аспекты творчасці славутага мастака і ягоны ўплыў на сучаснае мастацтва.

Першы дзень канферэнцыя працавала ў Мінску, потым ўдзельнікі наведалі радзіму Рушчыца Багданава.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"