Нядзельным ранкам жыхары Бярозы ўбачылі на цэнтральнай плошчы горада Яе Вялікасць Кнігу і ейную світу: падканцлера Казіміра Сапегу, заснавальніка кляштара картузаў у Бярозе-Картузскай; Азбуку і ейных сябровак-Літар; герояў беларускіх літаратурных твораў, вобразы якіх увасобілі актыўныя чытачы і супрацоўнікі бібліятэк РЦБС.
Старт урачыстаму шэсцю па вуліцах горада да старажытнага кляштара даў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Тарасюк. Менавіта тут, каля разбураных муроў помніка архітэктуры ХVII стагоддзя, працягвалася літаратурна-тэатралізаваная кампазіцыя. Яе ўдзельнікі ўзнёсла і шчыра перагарнулі старонкі Кнігі гісторыі ды культуры бярозаўскага краю. Гэтая духоўная спадчына жыве сёння ў сэрцах сучаснікаў барвовымі мурамі кляштара картузаў, разбуранымі сценамі Чырвоных казармаў, абеліскам вязням лагера “Бяроза-Картузская”, помнікамі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, крыжамі на купалах Свята-Петрапаўлаўскай царквы, памятным знакам з трыма гербамі на скрыжаванні галоўных вуліц горада...
Прыхільнікі і аматары чытання атрымалі асалоду ад гучання строгай музыкі вершаў славутых землякоў, што натхнёна ўвасобілі бібліятэкары-чытальнікі С.Гунік, Ж.Дырул, В.Віскова, Л.Юдчыц, А.Кумпель, Л.Севярын.
Увагу прыцягваў акцёр у вобразе Льва Сапегі і манахі, якія з гонарам паведамілі нашчадкам пра кляштарную бібліятэку, дзе ў свой час захоўваліся звыш 2 тысяч тамоў кніжнага збору на лацінскай, нямецкай, польскай, галандскай, французскай, чэшскай мовах.
У шафах кніжнай скарбніцы можна было знайсці не толькі Свяшчэннае Пісанне, літаратуру па гісторыі царквы, філасофіі: адукаваныя самотнікі карысталіся слоўнікамі, даведнікамі, навуковымі працамі вучоных-сучаснікаў па геаграфіі, астраноміі, батаніцы, медыцыне, праве. Яны перапісвалі і перапляталі кнігі...
Зерне ведаў, культуры, пасеянае картузамі на бярозаўскай зямлі, прарастае сёння добрымі ўсходамі: у бібліятэкі гарадоў і вёсак раёна штогод прыходзяць звыш 30 тысяч чытачоў.
2008-мы аб’яўлены Годам літаратуры і чытання ў краінах СНД. У бібліятэках Бярозаўскай ЦБС ён адзначаны раённым конкурсам на лепшую работу па папулярызацыі айчыннай літаратуры “Тэатр беларускай кнігі ў бібліятэцы”. На свяце былі падведзены яго вынікі. Дырэктар ЦБС І.Макарэвіч уручыла дыпломы і падарункі пераможцам: Бярозаўскай гарадской, Сакалоўскай, Марэвільскай сельскім, Белаазерскай дзіцячай бібліятэкам.
Свята ў райцэнтры “наведалі” купалаўская Паўлінка; коласаўскі Сымон-музыка; весялун Несцерка; прыгожая Чорная панна Нясвіжа — Барбара Радзівіл з каханым; жвавыя пастушкі Лявонка і Грышка з п’есы Міхася Чарота; каларытныя гаваруны Васіля Жуковіча; хлопчыкі Вася Вясёлкін і Антонік-Понік, якіх прыдумаў Уладзімір Ліпскі; героі твораў Аляксея Дударава, Валянціна Лукшы, Ніны Галіноўскай, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Ягоўдзіка...
Для тых, хто прыйшоў на свята, працавалі экспазіцыі “Старадрукі праз стагоддзі”, “Бярозаўшчына кніжная”, а таксама тэматычныя пляцоўкі: “Бібліятэчная”, “Музейная”, “Рамесніцкая”, “Кніжны базар”, “Мастацкая”. Разам з бібліятэкамі ў свяце прынялі ўдзел гісторыка-краязнаўчы музей, народны ансамбль народнай песні “Заранак” і самадзейныя артысты народнага тэатра гарадскога Дома культуры, фальклорны калектыў дзіцячай школы мастацтваў.
Ала ДРАГАН,
загадчык методыка-маркетынгавага аддзела
Бярозаўскай ЦРБ