Віцебшчына: рабочая паездка міністра

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г


/i/content/pi/cult/828/17678/4.jpgЛя муроў полацкага храма

Сімвалічна, што пачатковым пунктам візіту быў старажытны Полацк, колішняя сталіца аднаго з першых княстваў на тэрыторыі нашай краіны. Тут міністр наведаў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і азнаёміўся з ходам рэстаўрацыйных работ, што адбываюцца ў Спаса-Праабражэнскай царкве, пабудаванай у XII стагоддзі, дзе з тых часоў захаваліся ўнікальныя фрэскі. Гаспадары ўнікальных гістарычных аб’ектаў распавялі міністру пра рэстаўрацыйную працу, нюансы захавання каштоўных артэфактаў.

Напрыклад, у працэсе раскрыцця старажытных фрэсак ХІІ стагоддзя адбываецца адслаенне пазнейшага жывапісу і яго перанос на пастаянную аснову. Калі раней пазнейшы алейны роспіс пры адкрыцці першапачатковых фрэсак вымушана знішчаўся, то новая тэхналогія дазваляе захаваць слаі 1833 і 1885 гадоў, якія перадаюцца ў Нацыянальны полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Паралельна з рэстаўрацыяй ля муроў храма апошнім часам адбываюцца таксама археалагічныя даследаванні, якія дазволілі высветліць, які выгляд першапачаткова меў гэты сакральны будынак, а таксама вызначыць яго ранейшыя памеры, якія былі значна большымі за сучасныя. А ў 2018 годзе археолагі знайшлі на глыбіні каля трох метраў рэшткі крыпты, дзе, меркавана, мог быць пахаваны бацька Ефрасінні Полацкай.

Першыя рэстаўрацыйныя работы ў гэтым храме пачаліся яшчэ ў 1991 годзе, сёння яны ідуць у адпаведнасці з графікам і мусяць быць завершаныя ў 2024-м. У надыходзячым годзе на рэстаўрацыю храма з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў будуць накіраваныя сродкі агульным памерам у 1,2 мільёна рублёў.

/i/content/pi/cult/828/17678/8.jpgКантроль за сітуацыяй на месцах

Пасля рабочых сустрэч у Полацку міністр накіраваўся ў Віцебск, дзе наведаў Нацыянальны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Тут Анатолій Маркевіч звярнуў увагу на пытанні засваення сродкаў, якія былі выдаткаваныя на патрэбы капітальнага рамонту будынка тэатра. У час нарады з прадстаўнікамі падраднай ды праектнай арганізацый і заказчыкам ён выказаў пільную неабходнасць, каб паскорыць рух у гэтым напрамку.

Затым у Віцебскім абласным выканаўчым камітэце распачалася канферэнцыя з работнікамі культуры вобласці, якая, з увагі на эпідэміялагічную абстаноўку, часткова адбылася па відэасувязі.

З дакладамі аб стане спраў у розных галінах культурнага жыцця Віцебскай вобласці выступілі начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Удзел у сустрэчы бралі таксама памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатолій Ліневіч, намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Пенін і начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі.

У адпаведнасці з выклікамі часу

Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская, каментуючы развіццё бібліятэчнай справы на Віцебшчыне, адзначыла, што для вобласці характэрны найвышэйшы ў краіне ўзровень наведвальнасці бібліятэк. Таксама тутэйшыя бібліятэкары вызначаюцца актыўнай работай па фарміраванні краязнаўчых баз звестак.

Разам з тым была звернутая ўвага на тое, каб асцярожна падыходзіць да пытання аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры на месцах. І нават у выпадку скарачэння тых ці іншых устаноў у сувязі са змяншэннем колькасці жыхароў населеных пунктаў, варта прапаноўваць меры па захаванні абслугоўвання грамадзян, напрыклад, у нестацыянарнай форме. Таксама ўзнімалася пытанне аб поўнай камп’ютарызацыі ўстаноў культуры на месцах. Новыя рэаліі вымагаюць яшчэ і актывізацыі работы па алічбоўцы музейных фондаў.

Далучэнне да творчасці

Як паведаміла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Алена Каваленя, у вобласці дзейнічаюць пяцьдзясят дзевяць дзіцячых школ мастацтваў, з якіх шаснаццаць знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, агулам жа тут навучаюцца больш за пятнаццаць тысяч чалавек, а педагагічны склад налічвае больш за паўтысячы работнікаў.

Таксама дзейнічаюць тры ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі: Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя Івана Салярцінскага, Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў і Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж. Тут навучаюцца пяцьсот дзевяноста два чалавекі, а ўсе сто дваццаць дзевяць выпускнікоў былі размеркаваныя альбо працягнулі навучанне ў іншых установах.

Выхаванне павагі да спадчыны

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны міністэрства Наталля Хвір распавяла, што ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебская вобласць прадстаўленая 958 пазіцыямі. Згадваючы аб стане спраў па захаванні помнікаў, яна таксама адзначыла шэраг праблем — так, на жаль, дагэтуль не распрацаваны праект зон аховы гістарычнага цэнтра Полацка, патрабуецца інвентарызацыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебска.

На жаль, шэраг праблем быў выяўлены ў сферы захавання архітэктурнай спадчыны — так, цягам года ў вобласці былі зруйнаваныя тры аб’екты, што ўваходзілі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: гэта стайня колішняга маёнтка Камянполле Мёрскага раёна і два дамы ў Віцебску па вуліцах Чэхава і Путна, усе гэтыя будынкі адносіліся да канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Па гэтых выпадках упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны супрацоўнічае з Генеральнай пракуратурай, і, мяркуецца, што супраць парушальнікаў, вінаватых у руйнаванні аб’ектаў з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў, будуць узбуджаныя крымінальныя справы, што, безумоўна, зробіцца важным прэцэдэнтам і заахвоціць грамадзян больш паважліва ставіцца да пытання аховы помнікаў.

На непасрэднай сувязі з рэгіёнамі

Начальнік аддзела кадравай работы і дзяржаўных узнагарод міністэрства Аксана Лісянкова, падсумоўваючы, паведаміла, што штатная колькасць работнікаў арганізацый культуры ў вобласці складае больш за шэсць тысяч чалавек, работнікаў адукацыі ў сферы культуры — каля трох тысяч, каля сямідзясяці работнікаў культуры адзначаныя ўзнагародамі.

Разам з тым, Анатолій Маркевіч у час нарады падкрэсліў неабходнасць падтрымання працоўнай дысцыпліны работнікаў культуры і надання дадатковай увагі пытанням кадравай палітыкі з боку мясцовых адказных асоб.

На заканчэнне візіту міністр правёў прыём грамадзян і работнікаў культуры Віцебшчыны, якія атрымалі магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні развіцця культурнай сферы ў вобласці. Ён паведаміў, што практыка правядзення такіх выязных сустрэч будзе пашыраная і на іншыя рэгіёны краіны.

Таксама мяркуецца, што, дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам, прадстаўнікі абласцей і нават раёнаў здолеюць далучацца да штотыднёвых апаратных нарад з удзелам міністра, што дазволіць значна актывізаваць працу з рэгіёнамі і паскорыць вырашэнне найбольш актуальных пытанняў і праблем у галіне культурнага жыцця.