"Блакітны аганёк": навагодні сюжэт

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Да Новага года — яшчэ амаль тры тыдні, а Маладзёжны тэатр эстрады дэманструе “гатоўнасць № 1”. Пазаўчора ў Палацы Рэспублікі быў зроблены тэлезапіс падрыхтаванага калектывам шоу “Навагодні Блакітны аганёк: Назад у будучыню”, якое можна будзе ўбачыць па СТБ. А праз некалькі дзён адразу на дзвюх пляцоўках: у самім тэатры і ў будынку БелЭкспа — стартуюць новыя святочныя спектаклі для дзяцей.

/i/content/pi/cult/828/17677/1.jpg— “Блакітны аганёк”, — расказала пра задуму і далейшыя планы мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады, рэжысёр святочнага шоў і яшчэ двух запланаваных прэм’ер Уладзіслава Арцюкоўская, — гэта ўжо даўно ўстояная традыцыя. І яна ахоплівае суцэльны космас успамінаў, а не толькі рэтра-песні (дарэчы, іх меладычнасці і запальнасці маглі б пазайздросціць многія сучаныя кампазіцыі). Але будуць і прэм’еры — без іх немагчыма!

Мы імкнемся стварыць і адпаведны антураж, і саму атмасферу, незабыўную для некалькіх пакаленняў. На сцэне расставілі столікі, пасадзілі за іх не толькі артыстаў і гасцей, але і комікаў. Гэта тры дзяўчыны і трое хлопцаў: яны знаёмяцца, паміж імі разыгрываюцца розныя смешныя сітуацыі. А ёсць і вядучыя — Руслан Чарнецкі і Каця Муратава, якія быццам пераносяць нас на машыне часу ў мінулыя дзесяцігоддзі, распавядаюць пра ранейшыя традыцыі, і гледачы паступова рухаюцца адтуль у сучаснасць. Усе гавораць тосты, з аптымізмам глядзяць у будучыню. А галоўны пасыл навагодняй начы — шчасце ствараецца ўласнымі рукамі. Ці ж гэта не так?

/i/content/pi/cult/828/17677/2.jpgАкрамя калектываў і салістаў нашага тэатра (а гэта “Верасы”, шоў “Алюр”, Жанэт, Вольга Вронская, Ганна Благава і многія-многія іншыя), удзел прымаюць запрошаныя артысты: Аляксандр Саладуха, гурт “Аўра”, Аляксандра Гайдук, Святлана Агарвал, Анжаліка Пушнова. Сумна не будзе!

На 16 снежня запланаваны новы мюзікл “Джэк-патрашыцель”. Музыку напісаў Аляксандр Сухараў, лібрэта і пастаноўка — мае. Гэта сапраўдны дэтэктыў, ніяк не звязаны з навагоднімі святамі, але, спадзяемся, гледачы ўспрымуць яго як падарунак: таямнічыя гісторыі, распутванне загадкавых падзей, ды яшчэ з інтэрактывам, любяць усе.

/i/content/pi/cult/828/17677/3.jpgДля дзяцей мы падрыхтавалі два спектаклі. У казцы “Чароўнае люстэрка” Баба Яга, якая просіць называць сябе на сучасны манер — Бабай Ёгай, захоча амаладзіцца. А для гэтага ёй трэба скрасці чужую маладосць — заморскай прынцэсы. Але Дамавёнак Кузя, што ў яе жыве, дапаможа ёй стаць добрай. Дзеці не застануцца проста гледачамі, ад якіх патрабуецца “захоўваць цішыню”. Перад пачаткам можна будзе зрабіць сэлфі, фота. Пасля спектакля — паскакаць на дыскатэцы. Дый у час сцэнічнай дзеі дзятва будзе адгадваць загадкі, кідаць шары — без інтэрактыву не абыйдзецца.

А “Прыгоды ў Снегавічнай краіне”, дзе рэжысёрам выступае Іван Клешчэнка, мы ўвогуле назвалі квэст-казкай. Супраць Снегавікоў выступіць Адліга. Але ў выніку абыйдзецца без ахвяраў: усе паладзяць між сабой. І дамовяцца, што Адліга прыйдзе ўвесну. Тут таксама будзе хапаць інтэрактыву. А галоўнае, добрага навагодняга настрою. З надыходзячымі святамі ўсіх чытачоў “К”!

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"