Аматарскія тэатры Брэстчыны спаборнічаюць анлайн

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Абласны фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе - 2020” сёлета праходзіць у анлайн-фармаце, такім чынам далучыцца да яго могуць жыхары не толькі Брэстчыны, але і ўсёй Беларусі і нават свету. Адкрыўся фестываль 30 лістапада спектаклем “Віхравы падарункі” ўзорнага лялечнага калектыву “Залаты ключык” Аснежыцкага раённага Цэнтра культуры і вольнага часу з Пінскага раёна. Да 11 снежня будзе паказана каля 30 пастановак. Пераможцаў абласнога конкурсу вызначыць прафесійнае журы.

/i/content/pi/cult/827/17672/026.jpgФестываль “Тэатральнае Палессе” пачынаючы з сярэдзіны 90-х гадоў традыцыйна адбываецца раз на тры гады. Звычайна ў ім удзельнічалі спектаклі толькі ўзорных і народных калектываў. Вымушаны з-за эпідэміялагічнай сітуацыі анлайн-фармат у гэтым годзе дазволіў пашырыць кола і дапусціць да ўдзелу ў конкурсе тэатральныя калектывы, якія пакуль не маюць званняў.

У праграме прадстаўлены пастаноўкі з самых розных куткоў рэгіёна і самых розных жанраў — ёсць народныя казкі і ваенныя драмы, ёсць камедыі і вадэвілі, а ёсць проста літаратурныя кампазіцыі — як, напрыклад, у Дзіцячага драматычнага тэатра “Гратэск” Ганцавіцкага гарадскога Дома культуры, і нават эстрадныя мініацюры ☺— як у аматарскага аб’яднання “Мініяцюра” Любішчыцкага сельскага Дома культуры з Івацэвіцкага раёна. Упершыню ў “Тэатральным Палессі” ўдзельнічае батлеечны спектакль — яго прадстаўляе лялечная студыя “Чароўная краіна” Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры. Узорная тэатральная студыя “Рытм” з Кобрынскага Палаца культуры пакажа спектакль “Казкі Дзеда-Барадзеда” паводле беларускіх народных казак, Маларыцкая дзяржаўная дзіцячая школа мастацтваў прапануе інсцэніроўку “Пяць жыццяў” паводле аповесці Барыса Васільева “А зори здесь тихие”, ўзорны тэатральны калектыў “Смарт” Мірскага сельскага Дома культуры з Баранавіцкага раёна прадэманструе дзіцячы спектакль па п’есе Алжаса Жанайдарава “Душа падушкі”, народны драматычны калектыў AURA з Драгічынскага гарадскога Дома культуры выносіць на суд гледачоў і журы фантасмагорыю “Стомлены д’ябал” паводле твора Сяргея Кавалёва, народны драматычны тэатр “Сейбіты” Пружанскага гарадскога Палаца культуры будзе забаўляць публіку лірычнай камедыяй Фларыда Булякова “Выходзілі бабкі замуж”… Усяго да 30 спектакляў прэтэндуе на ўзнагароды “Тэатральнага Палесся”, якое завершыцца 11 снежня драматычным спектаклем “Чайка па імені Джонатан Лівінгстан” паводле аповесці Рычарда Баха — яго пакажа народны эксперыментальны тэатр-студыя “Пілігрым” Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Можна пераканацца, што інтарэсы самадзейных тэатральных калектываў надзвычай разнастайныя.

Усе прадстаўленыя работы ацэньвае прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі рэжысёры і акцёры Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і Палескага драматычнага тэатра з Пінска, спецыялісты Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра і абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. Пераможцы вызначацца больш чым у 10 намінацыях — упершыню з’явілася намінацыя “Лепшы музычны спектакль”. Непасрэдна выказаць сваё меркаванне змогуць сёлета і гледачы, калі пакінуць каментарыі і адзнакі проста пад прагледжаным творам у інтэрнэце — а ўсе паказы адбываюцца на афіцыйным Youtube-канале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, які і ладзіць фестываль “Тэатральнае Палассе” сумесна з Брэсцкім аблвыканкамам. Пераможцы атрымаюць дыпломы і спецыяльныя прызы.