Невядомае віншаванне Багдановіча

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Дзякуючы намаганням Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, нашы землякі-бежанцы атрымлівалі фінансавую дапамогу, праходзілі курсы перападрыхтоўкі і знаходзілі годную працу пад час Першай сусветнай вайны. Да гэтай арганізацыі мелі дачыненне такія вядомыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы, як Максім Багдановіч, Зоська Верас, Аркадзь Смоліч, Зміцер Жылуновіч, Уладзіслаў Галубок, Ядвігін Ш. і многія іншыя.

Ці шмат вядома пра таварыства і ягоных удзельнікаў тым, хто жыве ў ХХІ стагоддзі? Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія сумесна з расійскім Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архівам Санкт-Пецярбурга выдалі кнігу “Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны.

1916 — 1918 гг.”, звестак, даступных шырокаму колу цікаўных, значна пабольшала. Менавіта ў гэтых установах захоўваюцца дакументы арганізацыі.

Як адзначыў адзін са складальнікаў кнігі, кандыдат гістарычных навук Віталь Скалабан, ён збіраў матэрыялы па названай праблеме цягам 40 гадоў. Міжархіўны даведнік, на яго думку, будзе запатрабаваны вучонымі розных галін навукі. У кнізе, багата праілюстраванай факсімільнымі копіямі пратаколаў пасяджэнняў, рахункаў, пісьмаў і тэлеграм ад арганізацый з Мінска, заяў і анкет бежанцаў, можна знайсці інфармацыю пра дапамагу таварыства беларускім студэнтам, якія вучыліся ў Петраградзе, прасачыць сувязь з аналагічнымі ўстановамі ў Мінску. Упершыню надрукаваны таксама поўны тэкст віншавання ўдзельнікам святкавання 10-годдзя газеты “Наша Ніва” ў Мінску за подпісамі Змітрака Бядулі, Максіма Багдановіча ды іншых. Апрача таго, у дадатку змешчаны кароткія біяграфіі асоб, непасрэдна звязаных з таварыствам.

Пад час Першай сусветнай вайны, калі былі зачынены рэдакцыі газет, прыпынілі сваю дзейнасць творчыя гурткі, інтэлігенцыя канцэнтравалася менавіта ў беларускіх бежанскіх камітэтах: напачатку ў Вільні, потым — у Мінску і Пецярбургу. Дарэчы, нават удалечыні ад Радзімы справаводства і асабліва перапіска вяліся пераважна на беларускай мове, што была своеасаблівым фактарам яднання інтэлігентаў.

Па словах Віталя Скалабана, сумесныя выданні беларускіх і расійскіх архівістаў будуць працягнуты. У прыватнасці, плануецца ажыццявіць публікацыю дакументаў, прысвечаных Беларускаму нацыянальнаму камісарыяту і яго аддзяленням, беларускім секцыям РКП(б) і іншых айчынных арганізацый, што дзейнічалі ў пачатку мінулага стагоддзя.

Варта адзначыць, што Нацыянальным архівам рэспублікі плануецца ў перспектыве размясціць электронны варыянт кнігі ў Інтэрнеце, тым самым зрабіўшы важную гістарычную інфармацыю даступнай для шырокай грамадскасці.

Канстанцін АНТАНОВІЧ