Вяселле з пудрай і без

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Тэатральныя фестывалі, што праходзяць у Беларусі, вабяць ужо тым, што сярод самых размаітых прац дэманструюць усё лепшае, што створана на айчыннай сцэне. Тым больш прыемна, калі некаторыя спектаклі, створаныя “па-за межамі МКАД”, патрапілі ў праграму адразу двух буйных фэстаў: былі вылучаны не толькі самім творчым калектывам, але і прадстаўнічым журы ў лік прэтэндэнтаў на Нацыянальную тэатральную прэмію, а таксама ўвайшлі ў склад Belarus open нядаўняга Х Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва TEART. Сярод іх — “Мяшчанскае вяселле” паводле аднайменнай п’есы Б.Брэхта, пастаўленай у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, і аўтарскі монаспектакль “Без пудры” рэжысёра Кацярыны Аверкінай, вырашаны як “урачыстая кантата” да юбілею адной з вядучых актрыс Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Галіны Лабанок.

/i/content/pi/cult/827/17665/013.jpgАле ж чаму здзіўляцца? Абодва тэатры маюць свае ўласныя міжнародныя фестывалі, праз якія і мастацтва абласных цэнтраў, і тамтэйшая публіка былі ўзрошчаны, выпеставаны і могуць на роўных канкурыраваць не адно з беларускай сталіцай, але і з лепшымі замежнымі праявамі тэатра як жыцця.

Смех-смеласць-свята

П’еса Б.Брэхта стогадовай даўніны як нельга лепей адпавядае тагачасным памкненням узвесці на сцэну нацыянальныя абрадавыя дзеянні — і адначасова развенчвае побытавы “мяшчанскі” ўхіл, даходзіць да глыбіннай філасофіі сэнсу чалавечага існавання. У іншых краінах на пачатку ХХ стагоддзя побытава-жанравыя дэталі паэтызуюцца, дасягаючы піку рамантызму. Дзесьці — супрацьпастаўляюцца жорсткай прозе рэчаіснасці. Ці атрымліваюць злёгку паблажлівае стаўленне: маўляў, гэткія “дзіцячыя захапленні” на фоне экспрэсіянізму пачуццёвых жарсцяў і сягання авангарду ў паднябесныя вяршыні. Рэжысёр Ігар Казакоў, вядомы смеласцю свайго творчага почырку, абірае для гэтай іранічнай прыпавесці пра зламаную мэблю як сімвал разлому свету — фарс і клаўнаду. Акурат тыя жанравыя фарбы, што часцей за іншыя вядуць да жудаснага фіяска. Але, да гонару пастаноўшчыкаў і артыстаў, спектакль і па зададзеным тэмпарытме, і па сваіх прыдумках, часам вельмі рызыкоўных, што знаходзяцца літаральна на мяжы добрага густу, “на вастрыні ляза”, нагадвае бліскучы феерверк. І нідзе, ні ў якой дробязі не выклікае глядацкай няёмкасці.

Чорна-белая палітра, знарок плоскасныя “мульцяшныя” выявы, як на малюнках-карыкатурах, перакошаныя лініі, але з адметнымі аўтарскімі пазнакамі (мастак-пастаноўшчык — Міхаіл Лашыцкі, вядомы сваімі шматлікімі рэжысёрскімі працамі). У такім атачэнні яшчэ больш яркімі становяцца рэжысёрскія здабыткі, памножаныя на пластычныя прапановы Рамана Кагановіча ў бездакорным акцёрскім увасабленні. Тое, што быццам з нязмушанай дзіцячай гульнёвасцю вырабляюць брэсцкія артысты, у кіно здзяйсняла б група запрошаных каскадзёраў. Знакамітыя “Маскі-шоу” ды іншыя замежныя забаўлянкі, таксама шчодра расквечаныя гэгамі, тут і побач “не стаялі”: нашы знаходкі на парадак цікавейшыя, без ценю наўмыснага пасылу “абавязкова”, быццам па загаду — рассмяшыць. Прадуманы ўсе дэталі, дзе кожная абрастае шматлікімі асацыятыўнымі спасылкамі, уласцівымі постмадэрну. Тут і сінхроннае ўзняцце-перакульванне келіхаў, і клоўнскі чырвоны нос Бацькі Нявесты (Сяргей Пяткевіч), і вынас папяровай рыбы, памерам большай за Маці Жаніха (Тамара Маісеенка), і далейшая імгненная “расправа” з гэтай выкшталцонай стравай, і пастаянны фальцэт Маладога чалавека (Генадзь Чурыкаў), і ненатуральныя “лялечныя” галасы, запудраныя твары-маскі іншых персанажаў, і каларытныя пары Жонкі і Мужа (Наталля Лабко, Аляксей Шчарбакоў), Сястры Нявесты (Вольга Жук) і Сябра Жаніха (Алег Бузук). І, вядома, надзвычай трапная, ва ўсіх сэнсах завадная музыка Леаніда Паўлёнка, што адразу задае тэмп, характар і асноўную “танальнасць”. Але не думайце, што абыйдзецца без мадуляцыі. Калі высвятляецца, што Нявеста (Кацярына Яцкавец) цяжарная, калі яна без аніякага прытворства ці крыўляння плача, дзеянне, бы па пстрычцы пальцаў, даходзіць да трагедыі. І апафеоз святкавання — зухаватыя катанні з горкі, створанай з разламанага стала, выглядае настолькі “страшна смешна”, што пасярод гэткага разгулу ў цяпер ужо сапраўдным свінарніку ахоплівае непадробны жах: куды ж мы кацімся, панове? Апошнімі становяцца словы Жаніха (Міхаіл Ільіч): “Мы павінны заняцца папаўненнем роду чалавечага”. І будзённая гісторыя з мноствам пазнавальных адценняў набывае ўсеахопны сусветны разгорт, вымушае задумацца не над мінулым — над сучаснасцю і будучыняй.

Нас не запудрыць!

Тое ж і з магілёўскім спектаклем “Без пудры”: маналогі-разважанні адной асобна ўзятай жанчыны не абмяжоўваюцца гендарнай праблематыкай пра месца слабага полу і адначасова лепшай паловы чалавецтва “пад сонцам”, а ахопліваюць самыя розныя сферы быцця: ад 15-ці правілаў-парад паспяховасці да пытання — “хто я і ўсе мы”.

Пабачыўшы за свой век безліч монаспектакляў, у тым ліку вельмі і вельмі добрых, ніколі не думала, што гэты жанр можа быць настолькі цікавым, непрадказальным, усеахопным. Звычайна ў ім усё трымаецца на майстэрстве артыста, якое і павінна выявіць ды падкрэсліць рэжысура, прадаставіўшы салісту пачэснае “троннае месца”. А гэты спектакль — без аніякага трону (маўляў, глядзіце, гэта я!), хаця прызначаўся для юбілейнага ўшанавання артысткі. Галіна Лабанок папраўдзе выклікае захапленне — прыгажосцю, смеласцю, майстэрствам. Але не гэта ў спектаклі галоўнае. Бо ў цэнтры апынаецца асоба, якой патрэбны не толькі ўвесь навакольны свет, але і ўсё бязмежжа сусвету. Кацярына Аверкава выступіла тут не адно рэжысёрам, але і стварыла літаратурную аснову, сцэнаграфію, дзе вялікую ролю адыгрывае відэакантэнт, музыку — цалкам усе складнікі папраўдзе аўтарскага спектакля. І закранае самыя розныя тэмы, увесь час разварочваючы побытавы, на першы погляд, ухіл у бок філасофскага разгорту. Прыпавесць? А яшчэ неверагодны зарад аптымізму: невыпадкова строгі чорна-белы каларыт у фінале расквечваецца шыкоўнай чырвонай сукенкай гераіні. Такія вось варыяцыі на тэму жыцця — з неверагодным жыццесцвярджальным фіналам.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"