Чароўны крышталь натхнення

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Згадкі пра самую вядомую ў БССР самадзейную мастачку
Дзень ужо скончыўся. Белая ціхая ноч асцярожна зазірае ў акно. Раскрытае піяніна. На падваконне, падлогу і старэнькі інструмент кладуцца жоўтыя цені. Куток пакоя каля расчыненага акна. Постаць хлапчука ў начной сарочцы, які крадком выглядае з дзвярэй, адсунуўшы аксамітавую фіранку. Пачуўшы гукі музыкі, прыбег сюды — яму так захацелася памацаць клавішы… Падаецца, у гэтым хлопчыку, — сама мастачка Лілія Трохалева ў дзяцінстве. А яе карціна — успамін пра першае адкрыццё цудоўнага свету мастацтва.

/i/content/pi/cult/827/17660/08.jpgЛілея для жонкі

Лілія Уладзіміраўна Трохалева нарадзілася 15 жніўня 1925 года ў вёсцы Дабрынёва Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Гэта былі вельмі творчыя, інтэлігентныя і таленавітыя людзі. Любілі музыку, літаратуру, добра ведалі творчасць рускіх і замежных мастакоў, гралі на народных інструментах і захапляліся маляваннем. Малявалі дзед, бацька, маці. У Смаргоні мастачка захоўвала бацькаву работу “Партрэт дачкі”, напісаную на фанеры, і маміну — копію гравюры Макоўскага “Жняя”.

Дарэчы, імя будучай мастачкі бацькі выбралі творча. Аднойчы тата пайшоў на рэчку, сарваў прыгожую лілею і падарыў жонцы. Тая якраз чакала нараджэння дзіцяці. Дачку вырашылі назваць Ліліяй.

Пазней яе назавуць самай вядомай самадзейнай мастачкай БССР. Яе работы экспануюцца на выставах далёка за межамі Смаргоні. Прыватныя калекцыянеры з радасцю набываюць карціны Ліліі Трохалевай. Пра мастачку з беларускай правінцыі шмат пішуць газеты — раённая, абласная, рэспубліканскія і нават усесаюзныя. Яе творчасць палюбяць людзі рознага ўзросту і розных прафесій.

/i/content/pi/cult/827/17660/09.jpgРаспасцерці крылы

У 1941 годзе Ліля скончыла сем класаў. Сям’я ў гэты час жыла на Гомельшчыне ў вёсцы Цярэнічы. З 1943 па 1947 гады працавала піянерважатай у Цярэніцкай школе, пасля загадвала хатай-чытальняй. У 1948 годзе яна з’ехала далёка на Усход, на востраў Сахалін. Там выйшла замуж і разам з сям’ёй у 1953 годзе прыехала ў Смаргонь. З гэтага часу ўсё яе жыццё было звязана з нашым горадам.

Ад любой жанчыны сям’я патрабуе вялікага клопату і ўвагі. Да таго ж у Смаргоні трагічна загінуў муж, Лілія Уладзіміраўна засталася адна з трыма дзецьмі на руках. Часам здавалася, што турботам не будзе канца. А так хацелася зноў вярнуцца да любімага малявання… Ішоў час, дзеці падраслі, жыццё наладзілася. З’явілася крыху вольнага часу — і Лілія Трохалева стала паціху пісаць.

У 1962 годзе пачалася яе бесперапынная творчая праца самадзейнай мастачкі, вынікі якой аказаліся бліскучымі. Неўзабаве карціны пачаткоўкі, хоць і не вельмі юнай, заўважылі ў Смаргоні...

Убачыць вядомы свет па-новаму

На працягу многіх гадоў Лілія Уладзіміраўна супрацоўнічала з Гродзенскім абласным навукова-метадычным цэнтрам народнай творчасці. У 1967 годзе на абласной выставе ўпершыню экспанавалася яе карціна “Лес”, а ў 1970-м — на рэспубліканскай выставе было прадстаўлена ўжо сем работ.

Карціны Ліліі Трохалевай прываблівалі асаблівай тэхнікай і індывідуальным стыле, вылучаліся жыццярадаснасцю, глыбінёй пранікнення ў тонкія адценні прыгажосці прыроды. Мастацтвазнаўцы адзначалі, што ў карцінах Трохалевай кожная дэталь напісана старанна, выразна і складае частку агульнай панарамы пейзажаў. Іх параўноўвалі з вокнамі, шырока адчыненымі ў нашу цудоўную родную прыроду. “Чым мне лес мілы, тым я і грашу. І падрабязнасцю дэталяў, і моцным замілаваннем”, — словы Ліліі Трохалевай нібы рэхам ляцелі ў адказ.

У творчым працэсе яна літаральна па драбніцах збірала эцюдны матэрыял, рабіла шматлікія накіды, адмаўлялася ад неістотных элементаў у малюнку, агульнай кампазіцыі. І хоць землякі многае пазнавалі на карцінах, тым не менш на ўсіх палотнах адчувалася прысутнасць мастачкі, можна было з лёгкасцю паддацца ўплыву ейнага бачання — гэтага чароўнага крышталю творчасці.

“Ніколі не сачыняю сваіх карцін. Прырода настолькі багатая сюжэтамі, формамі, гульнёй святла, спалучэннямі колераў — толькі здолей адшукаць у ім сугучнае душы тваёй і перадаць гэта пэндзлем… — зазначала мастачка. — Для мяне заняткі жывапісам — духоўная патрэба, фарбы і палатно неабходны мне як хлеб надзённы”.

Паміж жыццём і яго асэнсаваннем

Трохалева стала вядомай не толькі як пейзажыст, значных поспехаў яна дасягнула і ў жанры партрэта. “Партрэт настаўніка фізікі”, “Партрэт маці”, “Успаміны”… Творчы вынік — не чыста механічнае капіраванне знешніх рысаў героя, але і моцнае паглыбленне ў яго душу. Да прыкладу, жанравае тлумачэнне нясе партрэтная работа “Успаміны”, правобразам якой паслужыла бабуля мастачкі. На зыходзе жыцця сівая, згорбленая жанчына раптам “вяртаецца” ў сваю маладосць, у цудоўнае мінулае. Вэлюм, беражліва пакладзены на крэсла, навяваў думкі пра мінулае шчасце, пра жыццё, якое блізіцца да завяршэння. Лілія Трохалева быццам правяла філасофскую лінію паміж жыццём і яго асэнсаваннем, разуменнем яго вечнасці, бясконцасці і незваротнасці.

У чым розніца паміж палотнамі прафесійных мастакоў і самадзейных? Гледзячы на карціны Ліліі Трохалевай пытанне напрошвалася само сабой. Мне падаецца, сапраўднае мастацтва сцірае гэту мяжу…

У сваёй творчасці Лілія Трохалева значнае месца адводзіла графіцы. Гэта работы, у асноўным, выкананы алоўкам. Тут мастачка шмат эксперыментавала, смела выкарыстоўвала магчымасці графічнай тэхнікі.

Карціна для каралевы

У 1972 годзе Лілія Уладзіміраўна ўдзельнічала ў выставе, прысвечанай 50-годдзю ўтварэння СССР, якая ладзілася ў Мінску. Потым яе работы экспанаваліся на Усесаюзнай выставе самадзейнай мастацкай творчасці “Слава працы” ў Маскве. Некаторыя пасля гэтага былі паказаны за мяжой. Карціна “Партрэт настаўніка фізікі” — на выставах у Чэхаславакіі, ФРГ, Польшчы. А карціна “Лён цвіце” — у ГДР. “Дарога на Вільнюс” атрымала дыплом І ступені Усесаюзнай выставы і пабывала амаль ва ўсіх саюзных рэспубліках, буйных прамысловых гарадах Урала, Сібіры, Далёкага Усходу.

Работа Трохалевай засталася ў Лондане, у Букінгемскім палацы. Пейзаж мастачкі ўпадабала сама каралева Вялікабрытаніі, калі ў 1977 годзе наведала выставу народных мастакоў, якую прывезлі з Савецкага Саюза. Саноўную асобу найбольш кранула сціплая прыгажосць беларускіх краявідаў і тая цеплыня, з якой намалявала іх мастачка. Карціну каралеве Елізавеце падарылі.

Карціна смаргонскай мастачкі ёсць і ў тэатры імя Вахтангава. Лілію Уладзіміраўну ў міжнародны год жанчыны запрасілі ў Маскву. Яна ўзяла тры свае работы. Дзве — “Асенняе поле” і “Лён цвіце” — падарыла Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі (павільёну “Праца і адпачынак”). Трэцюю работу “Захад у сасновым бары” перадала Васілю Ланавому падчас сустрэчы з артыстамі тэатра.

Пазнанне — бясконцае!

Было ў Ліліі Уладзіміраўны яшчэ адно захапленне — тэатр. Пэўны час у школе яна кіравала драматычным гуртком. Сама яна таксама іграла ў спектаклях. Сучаснікі ўспаміналі, як цудоўна выконвала ролю Кабаніхі ў драме Аляксандра Астроўскага “Гроза”. У спектаклі яна была жорсткая і дэспатычная, а ў жыцці — спакойная, разважлівая, памяркоўная. Невысокая ростам, даволі мажная, з гадамі стала хадзіць з палачкай, бо моцна кульгала.

Сярод значных узнагарод Ліліі Трохалевай — дыплом І ступені Усесаюзнага выстаўкама, дыплом лаўрэата І ступені Усесаюзнай выставы “Самадзейныя мастакі — Радзіме”. У 1985-м годзе яе імя занесена ў раённую Кнігу Працоўнай Славы. А ў 1993-м — за вялікі ўклад у развіццё і адраджэнне нацыянальнай культуры яна атрымала званне “Ганаровы грамадзянін горада Смаргоні”.

Нават пасля таго, як яе карціны пабылі ў Маскве і за межамі СССР, мастачка не дазваляла сабе спачываць на лаўрах. Магла нават шчыра прызнацца: “Гэта карціна не вельмі ўдалася. Трэба яшчэ шмат-шмат працаваць, удасканальваць сваё пісьмо, трэба вучыцца”.

І яна вучылася. Дома ў яе стаяла шмат кніг па мастацтве, захоўвалася вялікая колькасць рэпрадукцый (асабліва яе захапляла творчасць Івана Шышкіна). Яна імкнулася ездзіць па краіне, наведваць выставы, сустракацца з мастакамі.

Доўгі час у яе не было нават творчай майстэрні. Толькі напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя каля драўлянай хаты з’явілася невялікая цагляная прыбудова. Кажуць, радасць Ліліі Уладзіміраўны была бясконцай.

Анкалагічнае захворванне хутка падкасіла творцу. Яна памерла 2 снежня 1996 года. Лілі Трохалевай быў 71 год.

…Калі Лілію Уладзіміраўну прасілі назваць яе самую любімую карціну, яна адказвала: “Тая, што на мальберце”. Імкненне дасягнуць большага ў кожнай новай рабоце — галоўная мэта творчага чалавека. Пра гэта мастачка гаварыла школьнікам, якія прыходзілі да яе дадому ці ў майстэрню на вуліцы Піянерскай. З задавальненнем расказвала пра свае работы, адкрываючы падрастаючаму пакаленню фіранкі ў цудоўны свет мастацтва.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь