Паміж Венецыяй і Анапай

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Кожны год у свеце выпускаецца каля 7 тысяч поўнаметражных фільмаў. У шырокі пракат з іх трапляе вельмі малая доля— усяго каля паўтысячы. Лёс жа астатніх— удзел у разнастайных міжнародных кінафестывалях. Не дзіва, што апошнія і становяцца ўсё больш важным складнікам сусветнага кінапрацэсу. Не выключэнне і прастора СНД, дзе таксама маюцца свае фестывальныя кінаарыенціры. Сярод іх— Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, які ўжо трывала замацаваўся на фестывальнай карце свету і пройдзе ў гэтым годзе ў беларускай сталіцы вось ужо шаснаццаты раз. У адрозненне ад яго, V Міжнародны кінафестываль “Еўразія”, які з 7 па 13 верасня прайшоў у сталіцы Казахстана, яшчэ толькі шукае свае змест і форму.

Зрэшты, для самой Астаны гэты кінафорум аказаўся першым — да гэтага “Еўразію” традыцыйна прымала Алма-Аты, але з нагоды дзесяцігадовага юбілею маладой казахстанскай сталіцы было вырашана перавесці сюды, у сэрца былога Цаліннага краю, і галоўны кінафестываль Цэнтральнай Азіі. Разам з тым, змянілася і канцэпцыя самога форуму. Геаграфія конкурсных фільмаў-удзельнікаў перастала прэтэндаваць на сусветны ахоп і звузілася, засяродзіўшыся на цэнтральнаазіяцкім рэгіёне, а менавіта — на кіно Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. У фестывальным каталогу была заяўлена нават адна стужка з Туркменістана, але кінематаграфісты з гэтай краіны ў Астане так і не з’явіліся. Сам конкурс “Еўразіі” складаўся з дзвюх частак — поўнаметражнай і кароткаметражнай, кожную з якіх судзіла асобнае міжнароднае журы. “Поўны метр” ацэньвала калегія на чале з амерыканскім прадзюсерам Майклам Фіцжэральдам, а журы кароткаметражак узначаліў расійскі культуролаг і кіназнаўца Кірыл Разлогаў.

Да таго ж, акрамя двух самастойных конкурсаў, “Еўразію” ўпрыгожылі яшчэ шэсць паралельных праграм.

“Цэнтральнаазіяцкія прэм’еры” прэзентавалі стужкі адпаведнага рэгіёна, што выходзяць ці ўжо выйшлі на экраны ў бягучым годзе. “Цэнтральная Азія: погляд звонку” складалася з фільмаў, знятых у гэтай частцы свету іншаземнымі рэжысёрамі. Дваццацігоддзе нашумелага фільма “Игла” Рашыда Нугманава было адзначана спецыяльнай рэтраспектывай “Класікі “Казахскай Новай хвалі”. “Расійскія прэм’еры” склалі свежыя стужкі Міхаіла Парэчанкава, Аляксея Учыцеля і Бакура Бакурадзэ. А яшчэ больш геаграфію паказаў пашырылі праграмы “Прызёры міжнародных кінафестываляў” і “Усход — Захад”. Апошняя была падвоенай: у яе ўваходзілі стужкі з Паўднёвай Карэі і ЗША.

На фоне такой размаітай палітры дадатковых праграм звужэнне геаграфіі самога фестывальнага конкурсу станоўча адбілася на зацікаўленасці “Еўразіяй” з боку сусветнай кінаграмадскасці. У Астану з’ехаліся адборшчыкі шэрагу прэстыжных фестываляў, уплывовыя крытыкі і журналісты з Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Азіі і Аўстраліі. Безумоўна, самым шматлікім быў “дэсант” маскоўскай прэсы.

Дый час для “Еўразіі-2008” быў абраны вельмі ўдала — фестываль у Астане патрапіў у паўзу паміж Венецыянскім фестывалем і анапскім “Кінашокам”.

Аднак інтарэс да кінафестывалю ў Астане быў выкліканы не толькі новым месцам правядзення. У апошнія гады кінематограф Цэнтральнай Азіі перажывае сапраўдны бум: толькі ў адным Казахстане выпускаецца па 20 новых стужак у год. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае і актыўнае эканамічнае развіццё самой краіны, за што Казахстан называюць “цэнтральнаазіяцкім барсам”. Буйныя радовішчы карысных выкапняў, развітая металургія, банкаўскі бізнес прыцягваюць увагу ў свеце да ўсяго казахстанскага і, наогул, цэнтральнаазіяцкага, чым актыўна карыстаюцца мясцовыя кінадзеячы. Ды і тамтэйшы бізнес актыўна падтрымлівае свой кінематограф: галоўным спонсарам сёлетняй “Еўразіі” стала нацыянальная нафтагазавая кампанія.

Але і ў тых краінах Цэнтральнай Азіі, дзе хуткага росквіту эканомікі не назіраецца, таксама здымаюць кіно, якое стабільна трапляе на міжнародны ўзровень. І, што самае цікавае, — карыстаецца велізарным поспехам у сябе на радзіме.

Трэба сказаць, што пэўнай вядомасці цэнтральнаазіяцкія краіны як удалыя кінавытворцы дасягнулі яшчэ некалькі гадоў таму, і, зноў жа, у першую чаргу гэта тычыцца Казахстана.

Фестывальныя прарывы з казахстанскім кіно здараліся яшчэ ў часы СССР, а вось удзельнічаць у сістэме сур’ёзнай міжнароднай кінапрадукцыі Казахстан пачаў толькі ў гады незалежнасці. Самыя вядомыя казахстанскія праекты апошніх часоў — “Качэўнік” і “Мангол”. Гэтыя стужкі трапілі ў шырокі пракат па ўсім свеце і зрабілі казахстанскаму кіно добрую рэкламу. Прадзюсеры з Захаду і Усходу атрымалі пацвярджэнне, што гэтая буйная краіна — самастойная дзяржава з вялікімі кінаамбіцыямі, у якой можна зручна працаваць і нават знаходзіць грошы на сумесныя пастаноўкі. Гэты станоўчы імідж яшчэ больш замацавала сёлетняя перамога ў канскай праграме “Асобны погляд” стужкі “Цюльпан” расійскага рэжысёра Сяргея Дварцавога, якая здымалася ў Казахстане пад кіраўніцтвам мясцовага прадзюсера Гульнары Сарсэнавай — генеральнага дырэктара “Еўразіі”. Не дзіўна, што менавіта “Цюльпан” быў абраны для адкрыцця фестывалю.

Якім бы дзіўным гэта ні падавалася, але многія іншаземцы шукалі на “Еўразіі” не толькі новыя імёны ў рэжысуры, але і грошы. Цяжка сказаць, колькі атрымалі за сваё з’яўленне на сцэне Палаца Міру і Згоды ў Астане брытанец Джэрэмі Айранс, францужанка Ізабэль Аджані, расіяне Рэната Літвінава і Цімур Бекмамбетаў, але тое, што іх цікавіла не толькі суперсучасная архітэктура маладой казахстанскай сталіцы,— факт.

Аднак больш за “зорак” сучаснага кіно на фестывалі ўразілі гледачы. Найперш тыя, хто на халодным казахстанскім ветры “абрамлялі” сабой традыцыйную чырвоную дарожку і вельмі эмацыянальна сустракалі кожнага ўдзельніка цырымоніі адкрыцця. Прыемна радавала і актыўнае наведванне казахстанскімі гледачамі паказаў менавіта сваіх нацыянальных фільмаў. На некаторыя сеансы конкурснай і пазаконкурснай праграм было вельмі складана трапіць нават па акрэдытацыі.

Асобную ўвагу публікі выклікала прэм’ера галоўнай дзяржаўнай кінастудыі “Казахфільм”— “Мустафа Шокай”.

Фільм Сатыбалды Нарымбетава расказвае пра жыццё вядомага палітыка першай паловы ХХ стагоддзя. Доўгія гады Мустафу Шокая лічылі здраднікам радзімы і буржуазным нацыяналістам, але часы змяніліся, і першы паказ стужкі, прысвечанай забароненай раней асобе, быў аб’яўлены арганізатарамі фестывалю “асобнай падзеяй”. Статус “асобнай падзеі” атрымаў і вечар у памяць вялікага кыргызскага пісьменніка Чынгіза Айтматава. Сам Айтматаў некалькі месяцаў не дажыў да прэм’еры экранізацыі сваёй аповесці “Бывай, Гульсары!”. Фільм рэжысёра Ардака Аміркулава (Казахстан) сустрэлі з вялікай цікаўнасцю, і ён цалкам прадказальна атрымаў Гран-пры сёлетняй “Еўразіі”. “Бывай, Гульсары!” у пары з “Мустафой Шокаем” абазначылі два галоўныя напрамкі развіцця казахстанскага кіно. Калі ў “Мустафе Шокае” ствараецца новая нацыянальная міфалогія, дык у “Бывай, Гульсары!” героі развітваюцца не толькі з канём, імя якога дало назву стужцы, але і з усёй савецкай эпохай.

Балючы, прынамсі, для нашай краіны, працэс змены пакаленняў у кінематографе Цэнтральнай Азіі адбываецца куды лягчэй. І справа не толькі ў паказчыках нараджальнасці, якія дазваляюць лічыць дзяржавы гэтага рэгіёна аднымі з самых маладых у свеце. Цэнтральнаазіяцкі глядач свядома абірае стужкі айчыннай вытворчасці, што дазваляе мясцоваму кінематографу ісці наперад, шукаць новыя формы. Заканамерна, што для гэтага патрабуюцца маладыя кадры. Стужкі, знятыя сваімі рэжысёрамі, напрыклад, ва Узбекістане, складаюць 70% мясцовага кінапракату. Такая лічба з’яўляецца вельмі добрым паказчыкам нават для самай развітой краіны. Тое, што ў гэтых стужак параўнальна невялікія бюджэты (ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў тысяч долараў), не замінае узбекам, казахам, кыргызам, таджыкам ствараць фільмы, якія карыстаюцца поспехам у сябе на радзіме. Шэраг стужак, прэзентаваных у праграме “Еўразіі”, былі знятыя за невялікія грошы на лічбавую камеру і паказваліся ў вялікіх залах з відэапраектара. Некаторыя з іх, безумоўна, мелі не самую высокую мастацкую якасць. Але тым і добры кінафестываль, што дапамагае выяўляць пэўныя тэндэнцыі. І “Еўразія-2008” справілася тут са сваёй задачай “на ўсе сто”.

Калі пісаў пра міжнародны кінафэст у Астане, міжволі напрошваліся параўнанні з “Лістападам”. Можна з гонарам адзначыць, што пры ўсёй канцэптуальнай рознасці гэтых кінафорумаў “Лістапад” выглядае не менш прэстыжна за “Еўразію”. А калі браць статыстыку наведванняў — 7 тысяч гледачоў на “Еўразіі” і больш за30 тысяч на “Лістападзе”,— дык нават і лепей. Але галоўнае, што семнаццаць гадоў, якія Беларусь і Казахстан не жывуць у адзінай краіне, не надта адбіліся на псіхалогіі і саміх творцаў, і тых, хто паказвае кіно. Фестываль фестываляў “Лістапад” і рэгіянальная “Еўразія”— знакавыя кінападзеі для сваіх дзяржаў, дзе да іх ставяцца з вялікай увагай і павагай. У праграме “Лістапада” штогод абавязкова бывае некалькі стужак з краін Цэнтральнай Азіі. Хочацца спадзявацца, што на наступнай “Еўразіі”, якая зноў плануе пашырыць уласную геаграфію да сусветнай, прагучыць і беларускае слова.


Антон СІДАРЭНКА,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Астана — Мінск

Фота прадастаўлена дырэкцыяй
кінафестывалю “Еўразія”