Больш жывы за ўсіх жывых? або Хаджэнне векавога брэнда

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Працяг. Пачатак у № 48.

/i/content/pi/cult/827/17658/04.jpgМастацкія экзерсісы з мадэллю

Не дзіва, што адразу пасля смерці Ільіча партрэты яго друкавалі на розных таварах у якасці сродкаў іх прасоўвання. Такая практыка знікла пасля таго, як заўважылі, што людзі топчуць кінутыя на ходніку пустыя папіросныя пачкі з яго выявай. Улетку 1924 года ў продажы можна было знайсці чарніліцу ў форме Маўзалея, а таксама два камплекты кубікаў: з аднаго з іх можна было скласці пяць розных партрэтаў Леніна, з другога — пабудаваць ягоны маўзалей. А потым пайшло-паехала: тысячы гіпсавых статуй у скверах і на плошчах, профілі на сцягах, партрэты ў кабінетах, на плакатах, паштоўках, манетах, граматах і партбілетах, ордэнах і медалях, сувенірнай прадукцыі і рэльефных плакетках. У розныя часы ўсё відазмянялася, перайначвалася, набывала новыя формы.

/i/content/pi/cult/827/17658/03.jpg...Сёння дзеянне рэгістрацыі гандлёвага знака распаўсюджваецца без абмежавання на 23 краіны, уключаючы Расію. Адпаведна патэнту, пад маркай “Ленін” уладальнік брэнда вырабляў каву, какава, цукар, каньяк, касметыку, адзенне, абутак. 30 сакавіка 1998 года натоўп журналістаў і арт-крытыкаў асаджала маскоўскую галерэю наіўнага мастацтва “Дар”, каб пакаштаваць Леніна насмак. Мастакі Юрый Шабельнікаў і Юрый Фясенка вырабілі торт у выглядзе саркафага з Ільічом і назвалі яго “Маўзалей. Рытуальная мадэль, або Ленін у цябе і ў ва мне”. 80-кілаграмовы торт быў бісквітны, з крэмавымі ружачкамі. Нават на фоне росквіту ўсялякага акцыянізма гэты перформанс, які быў справакаваны бясконцымі дыскусіямі аб тым, ці трэба выносіць цела Леніна з Маўзалея, вылучаўся сваёй бескампраміснасцю. Выбухнуў скандал, аўтараў называлі “канібаламі” і пагражалі ім нейкім пакараннем. Прайшло ўжо амаль 30 гадоў як не стала СССР, але дыскусіі ў грамадстве — “што ж рабіць з целам правадыра?” — не аціхаюць.

Мастацкія экзерсісы з сусветным брэндам прымянялі і ў іншых відах творчасці. У адным з эпізодаў амерыканскага мультфільма “Сімпсаны” (9-ты сезон, 19 серыя, 1998 года) можна пабачыць такую карціну: прадстаўнік у ААН паведамляе, што СССР не разваліўся: маўляў. “пажартавалі”. І раптам, нібы здань, зноў вырасла Берлінская сцяна, мумія Леніна ажывае, правадыр падымаецца са шклянога саркафагу Маўзалея і крычыць: “Далоў капіталізм!» А ў 1991 годзе ў “перабудовачнай” эксцэнтрычнай камедыі “Семь дней с русской красавицей” маўзалей Леніна паўстае ў выглядзе... “Макдональдса”!

Для творцаў, якія выраслі ўжо ў пастсавецкай прасторы, Ленін - “гэта проста знак, частка культурнага кода”, з якім можна вольна гуляць. Вялікі цыкл “Ленін для душы” адна расійская мастачка распачала ў 2015 годзе і з таго часу не можа спыніцца. Стандартны белы бюсцік правадыра, які можна было папросту купіць у канцтаварах, ператвараецца ў яе руках у зусім новыя вобразы: гэта і Ленін-Будда, і Ленін-панда, і Ленін-ван Гог, і Ленін-качка, і Ленін-Бэтмэн, і нават Ленін-каранавірус. Вядомай тэлевізійнай байцы музыканта-авангардыста Сяргея Курэхіна пра Леніна-грыба Мая Насыбулаева прысвяціла бюст Леніна, адлюстраванага ў шапцы мухамора.

Такім чынам Уладзімір Ільіч для мастацтва вечна жывы.

Так ці інакш, але знакаміты прапагандысцкі лозунг пра вечна жывога Ільіча будзе яшчэ доўга жыць. Прынамсі, да таго часу, пакуль прадстаўнікі маладога пакалення будуць адрозніваць яго вобраз, скажам, ад Іаана Жахлівага, на што сёння здольны ўжо далёка не кожны з іх…

“У-НОВ-ИС? Хто гэта зразумее?”

/i/content/pi/cult/827/17658/05.jpgА як ставіўся Ленін да мастацтва сваіх сучаснікаў?

Амаль сто гадоў таму, 25 лютага 1921 года, ён разам з Надзеяй Крупскай іІнай Арманд — старэйшай дачкой Інэсы Фёдараўны Арманд, рэвалюцыянеркі, якая пяць месяцаў да гэтага нечакана памерла ад халеры, - наведаў інтэрнат Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў (ВХУТЕМАС). Тут як раз вучылася 20-гадовая малодшая дачка Інэсы Арманд — Варвара. Крупская і Ленін лічылі яе сваёй прыёмнай дачкой і часта запрашалі на гарбату ў крамлёўскую кватэру.

Дык вось, гэтая дзяўчына расказала Леніну, што студэнты арганізавалі ў інтэрнаце камуну №1, і запрасіла яго і Надзею Канстанцінаўну паглядзець на іх побыт. Да таго ж у гэты час студэнцкі ВХУТЕМАС знаходзіўся на піку вострай барацьбы паміж “рэалістамі” і “футурыстамі”, уключаючы і “супрэматыстаў” — “птушанят віцебскага гнязда Малевіча”. Ды і новых праграм навучання яшчэ не было. Праблем — дастаткова. Такім чынам, было што паглядзець і, па магчымасці, дапамагчы.

Ленін цікавіўся жыццём вхутэмасаўцаў, але, у асноўным, гаворка ішла пра футурызм, пра адносіны да спадчыны мінулага. Шумна падыскутавалі пра “маладзёжнага адэпта” — тагачаснага Маякоўскага, пра класікаў рускай літаратуры і гэтак далей. Нягледзячы на тое, што Ленін вёў тую гаворку на “паўжартаўлівых танах” і не збіраўся ўступаць у сур’ёзную спрэчку, пазіцыя да футурызму яго была рэзка адмоўнай. Затое да работы аднаго жывапісца, які ствараў у рэалістычнай манеры, Ленін паставіўся вельмі добра. Зірнуўшы на твор гэтага мастака, якого студэнты празвалі “маляром”, ён сказаў: “Вот это я понимаю. Это и мне понятно, и вам понятно, и рабочему и всякому другому понятно. А что,скажите пожалуйста, в ваших новых работах? Там я на человеческих лицах ни глаз, ни носов не вижу».

Уладзіміру Ільічу, па ўспамінах аднаго студэнта, паказалі часопіс віцебскай групы Казіміра Малевіча “УНОВИС” і “растлумачылі, што гэта — свярджальнікі новага мастацтва. Ён смяецца: “Ну, подумайте, товарищи, на что же это похоже — У-НОВ-ИС? Кто это поймет?” Студэнты пачынаюць лягацца: “Уладзімір Ільіч, а Саўнаркам — ці ж гэта зразумела?” “Вы правы, товарищи. СОВ-НАР-КОМ — непонятно. И не надо вводить в литературу сокращенных названий. Они понадобились нам под влиянием чрезвычайных обстоятельств. Только поэтому мы должны их терпеть…” Так і трывалі: спачатку ЧК, ОГПУ...

Яшчэ адзін студэнт-вхутэмасавец — Сяргей Сенькін апісаў візіт Леніна ў гэты інтэрнат. Адчуваючы тое, што, па яго словах, Ленін ад найноўшага мастацтва быў далёкі, паспрабаў яму ўнушыць: “Старыя мастакі падманваюць і сябе, і іншых, што яны ўмеюць ствараць вобраз, маляваць. Ніхто не ўмее, а мы вучымся, і наша задача — звязаць мастацтва з палітыкай, і мы абавязкова гэта зробім”. — “Ну, а якім чыным вы спалучыце мастацтва з палітыкай? — спытаў Ленін. — “Ды не, Уладзімір Ільіч, мы яшчэ пакуль не ўмеем, але мы ўсё ж зможам дабіцца такой сувязі, і зараз да гэтага рыхтуемся. А гэта ёсць аналітычнае раскладанне асноўных элементаў, каб навучыцца ўладаць імі...” Адчуваю, што ў двух словах нічога не магу растлумачыць. Пачынаю блытацца. Ленін прыходціць на дапамогу: “Ну, тады абавязкова мне трэба пачытаць, вось у наступны раз прыйду спецыяльна да вас, і паспрачаемся”.

Аднак наступны раз так і не адбыўся...

А што да Варвары Арманд, дзякуючы якой Ленін наведаў вхутэмасаўскі інтэрнат, дык яна пражыла доўгае жыццё (1901 — 1987), была заслужаным мастаком РСФСР, членам Саюза мастакоў СССР, а яе старэйшая сястра Іна Арманд стала гісторыкам, і ў 1960-я гады рэдакціравала Поўны сбор твораў У.І.Леніна. Памерла ў 1971 годзе.

Візіт Леніна да творчай моладзі меў свае пазітыўныя вынікі: спецыяльнай пастановай Саўнаркама былі палепшыны матэрыяльныя ўмовы вхутэмасаўцаў. Аднак наведванне Леніным інтэрната ВХУТЕМАСа, ягоныя запіскі пра неабходнасць “пресечь потворства футуризму в Наркомпросе и искать надежных “антифутуристов”, былі выкліканы не прыватнымі, а больш глыбокімі прычынамі, звязанымі з пільнай увагай Леніна да ідэалагічнай барацьбы на фронце мастацтва.

...Партрэт Леніна на савецкіх банкнотах праіснаваў у нязменным выглядзе больш за паўстагоддзя. Заклік выдаліць з купюр яго твар з’яўляўся час ад часу, асабліва ад прадаўжальнікаў тых маладых футурыстаў-вхутэмасаўцаў, з якімі сустракаўся Ленін. Але ў 1967-м такая прапанова прагучала асабліва гучна — у вершы Андрэя Вазнясенскага “Уберите Ленина с денег!” Хачу прывесці фрагмент з гэтага твора: “…Я видел, как подлец // мусолил по Владимиру Ильичу. // Пальцы ползали малосольные // по лицу его, по лицу! // В гастрономовой бакалейной // он хрипел, от водки пунцов: “Дорогуша, подай за Ленина // два поллитра и огурцов…” У ЦК КПСС грымнуў скандал усесаюзнага маштабу: у гэтых паэтычных радках партыйцы ўбачылі крытыку ў свой адрас і проціпастаўленне лініі партыі ленінскім запаветам. Корацей кажучы, верш был прызнаны “ідэалагічна шкодным”. Вось так малады рамантык-летуценнік хацеў абараніць вобраз Ільіча...

У сучасным выяўленчым мастацтве таксама былі свае кур’ёзы. Скажам, знакамітая навела аб праекце помніка Леніну з дзвюма кепкамі: адна — у руцэ, другая — на галаве. Скульптар надта стараўся, бо нават не заўважыў, што хапіў лішку. А карціна аднаго беларускага мастака, у якой Ленін быў адлюстраваны на фоне свайго... маўзалея?! Праўда, выстаўкам (тады, у канцы 60-х, я быў яго дзейным членам) своечасова заўважыў гэтую “памылку” і рэкамендаваў аўтару перапрацаваць кампазіцыю. Расказваюць і іншы выпадак, калі адзін ідэалагічна падкаваны мастак напісаў Маркса ў рабочым кабінеце, на сцяне якого вісеў партрэт яго вернага вучня... Ільіча.

Моднымі сталі і фотакалажы, дзе Ленін выступае з трыбуны ўласнага маўзалея...

“Все театры советую...”

А заканчваецца фраза словамі “...положить в гроб”. Магчыма, Ленін з гэтай вядомай фразай трохі пагарачыўся. Бо вядома, што ў розныя часы, асабліва ў юнацтве і ў эміграцыі, ён тэатраў не цураўся і, пры магчымасці, хаця і рэдка, наведваў іх, асабліва, тыя, якія ставілі нейкія сацыяльныя пытанні.

Барыс Крэпак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"