З верай у музычнае ўваскрэсенне

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Заканчваецца вісакосны год, і смерць спяшаецца сабраць свой жудасны ўраджай. На гэты раз яна спыніла зямное жыццё вядомага кампазітара Алега Залётнева — і вымусіла нас надта рана, заўчасна і нечакана падвесці вынікі яго творчасці.

/i/content/pi/cult/826/17646/15.jpgУ марах кожнага аўтара лепшы ягоны твор — той, што пакуль не напісаны. Колькі такіх засталося ў Алега Барысавіча? Але будзем гаварыць пра напісаныя і выкананыя, што былі шчодра падораны слухачам-гледачам. Колькі ў іх не заўважаных у свой час дэталяў!

Опера “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”, пастаўленая Маладзечанскім маладзёжным музычным народным тэатрам і неаднаразова паказаная ў замежжы, пазіцыянавалася як першы ў свеце оперны спектакль пра знанага музыканта і палітыка. Тое ж тычылася і больш ранейшай монаоперы пра апошні дзень жыцця Адама Міцкевіча — “Адзінокі птах”. Але ж наколькі дакладна гэтыя оперы ўпісваюцца ў працяг бясконцага ланцужка нацыянальных традыцый! Іх можна назваць і “операмі-песнямі”, улічваючы рамансавы склад меладыйнага разгорту, і, на сучасны манер, “лайт-операмі”, даступнымі самым шырокім колам публікі. У тым, што патрыятычныя тэксты пра любоў да радзімы спяваюцца на лірычны манер, можна ўбачыць працяг лініі, што вядзе ад оперы А.Багатырова “У пушчах Палесся” да песень У.Алоўнікава і І.Лучанка. Пэўна, менавіта гэтую пераемнасць глыбінных нацыянальных традыцый, песеннасць мелодыкі адчулі ў яго музыцы Юлія Чурко і Уладзімір Іваноў, бо звярнуліся да Залётнева, а не да кагосьці іншага, ствараючы ў сярэдзіне 1990-х у нашым Вялікім тэатры балет “Колазварот” (“Круговерть”) паводле беларускіх народных балад.

У містэрыі “Блаславі нас, Госпадзе…”, дзе “Літургія святога Іаана Златавуста” Залётнева была спалучана з “Усяночнай” яго малодшага калегі і сябра Сяргея Бельцюкова і атрымала сцэнічнае ўвасабленне Барыса Луцэнкі, было заўважна імкненне з’яднаць рознаканфесійныя памкненні, што было ўласціва культуры Беларусі цягам некалькіх стагоддзяў. Яшчэ больш шырока ўласцівыя Залётневу звароты да духоўнай галіны і папулярызацыя беларускай мінуўшчыны выявіліся ў “Нясвіжскай месе”, дзе кампазітар аднавіў рукапісы ХVIII стагоддзя (і, будзем шчырымі, дапісаў шмат таго, чаго неставала). А папулярызацыя сучаснасці, што літаральна адразу таксама становіцца гісторыяй, — гэта цыкл яго аўтарскіх радыёперадач “Дыялогі пра культуру”, дзе ён запрашаў у студыю беларускіх кампазітараў і схіляў тых да вельмі шчырых успамінаў і размоў.

Але асабіста для мяне імя Алега Залётнева звязана найперш з двума куды менш нашумелымі творамі. Гэта Канцэрт для ўдарных Credo (“Верую”), што з’явіўся ў 1992-м, і крыху ранейшыя Варыяцыі-жарт на тэму нямецкага танца Моцарта для камернага аркестра і фартэпіяна. Па адных толькі назвах можна заўважыць, што гэтыя творы знаходзяцца на розных палюсах свядомасці. Да таго ж, яны ўтрымліваюць і свае “ўнутраныя” кантрасты-палюсы. Бо кананічныя лацінскія назвы трох частак Канцэрта адлюстроўваюць нараджэнне, распяцце і ўваскрасенне Хрыста, але ўсё гэта — не толькі без спеваў і слоў, але і праз выключна ўдарныя інструменты і тэхніку мінімалізму, што для тых часоў была ў навінку. Вось толькі музычны мінімалізм, заснаваны на бясконцых паўторах маленечкіх фрагментаў з мінімальнымі зменамі, часцей бывае звязаны з медытацыяй, “закалыхваннем”, а тут, наадварот, прыводзіў да магутных кульмінацый і фінальнай звановасці, што міжволі звязвалася з колішняй мінімалісцкай п’есай “Званы” А.Друкта для народнага аркестра.

А ці ж не парадокс згаданае “прынашэнне” Моцарту? Такія творы звычайна маюць узнёсла-настальгічнае адценне, той светлы сум, што дапамагае прымірыцца са стратай. А тут — жартоўнае “ўслаўленне” кампазітара праз яго ж цытату, вельмі блізкую да песенькі пра шэрага козліка, што вымушае перагледзець “спрадвечна рускае” паходжанне гэтага растыражаванага фальклорнага матыўчыку. І адначасова асэнсаваць, наколькі ўсё ж блізкім аказаўся Моцарт для самых розных сацыяльных пластоў і нацыянальных культур. Чым не сацыялагічнае даследаванне, выказанае ў нотах?

Ці не значыць усё гэта, што смерць дае стымул, як бы жудасна гэта ні гучала, напоўніцу ацаніць творцу? І хоць вялікае бачыцца на адлегласці, усё ж лепей гэта рабіць пры жыцці. Бо Алег Залётнеў, як ні дзіўна, не быў уганараваны высокімі званнямі. Можа, быў надта сціплым? А гэта таксама, дарэчы, нацыянальная рыса.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"