Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі з краін Садружнасці, члены Савета па гуманітарным супрацоўніцтве (СГС) і Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва (МФГС), прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў.
З прывітальным словам да лаўрэатаў прэміі і гасцей цырымоніі звярнуліся Старшыня Праўлення МФГС, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі Палад Бюльбюль оглы і Сустаршыня Праўлення МФГС, Спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Яфімавіч Швыдкой.
У 2019 годзе лаўрэатам Міждзяржаўнай прэміі “Зоркі Садружнасці” ад Рэспублікі Беларусь стаў акадэмік Аляксандр Генадзевіч Мрочак. Лаўрэатам Міжнароднай прэміі “Садружнасць дэбютаў” за 2019 год ад Рэспублікі Беларусь стала паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліятэкар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Кацярына Сяргееўна Роўда.
На ўрачыстай цырымоніі з прывітальным словам выступіў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Мечыслававіч Маркевіч:
“Паважаныя сябры! Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх лаўрэатаў і падзякаваць заснавальнікам прэміі — Савет па гуманітарным супрацоўніцтве і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва — за праведзеную імі вялікую працу па прысуджэнні гэтых высокіх узнагарод. Уручэнне прэміі “Садружнасць дэбютаў” і прэміі “Зоркі Садружнасці” сведчыць аб высокай ацэнкі ўкладу лаўрэатаў у развіцці гуманітарнага і навуковага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі.
Сёння ў зале калегіі Міністэрства культуры знаходзіцца лаўрэат Міжнароднай прэміі “Садружнасць дэбютаў” за 2019 год Кацярына Роўда. Паважаная Кацярына Сяргееўна, ад усёй душы віншую Вас і жадаю новых творчых вышынь, невычэрпнага натхнення, здароўя і дабрабыту”.
Уручэнне міждзяржаўнай прэміі “Зоркі Садружнасці” ў галіне культуры і мастацтва, навукі, гуманітарнай дзейнасці з’яўляецца пацверджаннем значнага ўкладу кожнага лаўрэата ў гэтыя сферы, які выяўляецца ў стварэнні асабліва значных творчых работ, праектаў, а таксама стварэнні распрацовак, якія спрыяюць развіццю супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у тым ліку прымнажэнню культурнай спадчыны на прасторы СНД.
Міждзяржаўная прэмія “Зоркі Садружнасці” прысуджаецца штогод за выдатны ўклад і дасягненні ў такіх сферах як гуманітарная дзейнасць, культура, мастацтва, адукацыя, навука, архіўная справа. Інфармацыя і масавыя камунікацыі, спорт, турызм, работа з моладдзю. Дасягненні павінны адпавядаць узроўню сусветных дасягненняў і садзейнічаць збліжэнню народаў краін СНД, развіццю як кожнай з краін-удзельніц СНД, так і Садружнасці ў цэлым. Прэмія складаецца з грашовага ўзнагароджання ў памеры 2 млн. расійскіх рублёў, дыплома, ганаровага знака лаўрэата прэміі і пасведчання да яго.
Міжнародная прэмія “Садружнасць дэбютаў” накіравана на ўсебаковую падтрымку творчасці моладзі, садзейнічанне іх прафесійнаму росту, прасоўванне вынікаў іх творчай дзейнасці ў прафесійных супольнасцях краін СНД.
Прэмія “Садружнасць дэбютаў” заснавана ў 2008 годзе Саветам па гуманітарным супрацоўніцтве СНД і Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Яе ўручаюць штогод маладым спецыялістам ва ўзросце да 35 гадоў у той гуманітарнай галіне, якую вызначаюць заснавальнікі. Дадзеная прэмія прысуджалася па выніках 2019 года, які быў абвешчаны ў СНД Годам кнігі. Раней яе атрымлівалі паэты, лекары, педагогі, навукоўцы, спецыялісты па ахове помнікаў гісторыі і культуры, спартсмены, трэнеры, арганізатары турызму.