“Дзядзька-кухар” з ХІ стагоддзя

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Летась зноў былі адноўлены археалагічныя раскопкі ў Капылі. Яны ладзіліся на прысядзібнай тэрыторыі дома 22 па вуліцы Партызанскай. Чаму менавіта там, а не на Замкавай гары ці ля яе, як гэта рабілася ў мінулыя гады, калі праводзіліся падобныя даследаванні?

Тэрыторыя, куды ўваходзіць і гэтая сядзіба, знаходзіцца ў межах старадаўняга паселішча — помніка археалогіі. Яна ахоплівае Замкавую гару паўколам з поўдня, цягнецца прыкладна ад стадыёна і амаль да будынка лазні. Вызначыць яе межы дапамагаюць рэшткі абарончага вала, якія захаваліся на ўваходзе на гарадскія могілкі непадалёку ад стадыёна. Рэшткі гэтага вала дзе-нідзе захаваліся і па другі бок Партызанскай на некаторых прысядзібных тэрыторыях. Вал гэты, мяркуючы па плане Капыля 1960 года, цягнуўся амаль да будынка лазні, а ў старажытнасці, магчыма, даходзіў амаль да рэчышча Каменкі.

Паводле даных нашых даследаванняў, якія праводзіліся ў мінулыя гады паблізу ад насыпу вала за былым рэчавым рынкам, тэрыторыя гэтая была заселена яшчэ ў ранні жалезны век. У Х— ХІ стст.

тут знаходзіўся неўмацаваны пасад Капыля, у ХІІ — ХІІІ стст. — вакольны горад, а ў позняе Сярэднявечча — Ніжні замак Капыля, у той час як Верхні замак быў на Замкавай гары.

У паўднёва-заходняй частцы вакольнага горада — Ніжняга замка Капыля — на сядзібах, размешчаных па правы бок вуліцы Партызанскай, па дарозе з цэнтра, выразна прасочваецца чорная зямля — так званы культурны слой, уласцівы старадаўнім паселішчам. І вельмі заманліва было б тут правесці раскопкі. Але сядзібы — гэта чыісьці гароды, і, натуральна, хто ж дасць згоду іх пляжыць?

Так сталася, што сядзіба № 22 па вуліцы Партызанскай аказалася нежылой. Домік тут старэнькі, узведзены неўзабаве пасля вайны з сырцовай цэглы. Пляцоўка сядзібы не занята пасадкамі, што і дало магчымасць, са згоды новых яе ўладальнікаў, правесці на ёй археалагічныя даследаванні.

Плошча раскопу склала ўсяго 32 квадратныя метры. Даследаванні, у параўнанні з мінулагоднімі, былі невялікія. Гэта абумоўлівалася і памерамі ўчастка сядзібы, дзе яны праводзіліся, і наяўнасцю рабочых сіл.

Праводзіліся раскопкі ўласнымі сіламі пад час адпачынку з удзелам пары студэнтаў— аматараў археалогіі, якія прыехалі ў Капыль за свой кошт, і невялікай купкі вучняў мясцовай СШ № 2.

Таўшчыня культурнага слою дасягала 60 — 80 см. Пад час раскопак удалося ўскрыць вугал жытла, заглыбленага ў грунт на 20 — 30 см. Плошча жытла, мяркуем, магла быць 10 — 12 квадратных метраў. У час расчысткі жытла выяўлены збор камянёў— верагодна, рэшткі печы. Са знаходак трапіліся два шыферныя прасліцы— грузікі на верацяно, прабой, цвік, кавалак сценкі амфары і металургічныя шлакі, косткі жывёл, рыбы і птушкі. Сабрана 758 фрагментаў керамікі: сценкі, донцы і венчыкі гаршкоў ХІ ст. Апошнія і далі нам магчымасць прадатаваць ускрытае жытло.

Цікава, што косткі дзікіх жывёл займаюць добрую трэць у агульнай масе знойдзенага матэрыялу. Відаць, уладальнік сядзібы ХІ ст. быў заўзяты паляўнічы: сярод паляўнічых трафеяў — косткі дзіка, аленя і нават зубра! Ласаваўся ён мясам птушкі і рыбаю. Сустрэта сцягнавая костка качкі-крыжанкі і сківіца рыбы — гусцяры, якая, паводле вызначэння спецыялістаў, магла важыць амаль кіло. На сённяшні дзень сустрэць гусцяру такой вагі — ужо вялікая рэдкасць: звычайна яна сустракаецца аматарам вуды вагою 100 — 300 грамаў.

Раскопкі дазволілі даведацца і пра кулінарныя магчымасці ўладальніка сядзібы ХІ ст. Так, акрамя варкі, пра што сведчаць шматлікія фрагменты гаршчкоў, на сценках якіх захаваўся нагар, сустрэты частка жалезнай патэльні дыяметрам 26 см і кавалак глінянай патэльні. Апошняя мае на ўнутранай паверхні днішча рыфленне. Рабілася гэта з мэтаю прадухілення прыгарання стравы ў час смажання: паміж барознамі рыфлення збіраўся тлушч або вада, што, уласна, і не дазваляла ежы прыгараць.

Відаць, у наступныя стагоддзі жыццё на месцы гэтай сядзібы перапынілася, бо матэрыялы ХІІ — XVI стст. амаль што не знойдзены. Затым яно зноў аднавілася — сустрэты знаходкі XVII — XVIII стст.: чарапкі посуду, фрагмент пячной кафлі, падкоўка на абцас і медныя манеты. Сярод апошніх знойдзены шэлег Яна ІІ Казіміра — караля Рэчы Паспалітай. Цікава, што манета — фальшывая. Адзначым, што ў манетных скарбах той пары фальшывыя шэлегі складалі добрую трэць…

Другая манета, “деньга” Расійскай імперыі, адчаканеная на пачатку 40-х гадоў XVIII ст. пры Елізавеце Пятроўне— дачцы Пятра І, ці пры Іаане Антонавічы — праўнуку Пятра І.

Сустрэты і рэчы ХІХ — ХХ стст. Сярод іх адзначым сцізорык, касцяны гузік, бронзавы наканечнік на скураныя похвы нажа, кулю ад снайперскай вінтоўкі ці кулямёта айчыннай вытворчасці ўзору 1930 года, гільзу ад патрона для карабіна або вінтоўкі сістэмы “Манліхер” узору 1886, 1890 ці 1895 гг. Цікава, што ўзбраенне сістэмы “Манліхер” выраблялася ў Аўстра-Венгрыі, а патрон, мяркуючы па лагатыпе, змешчаным на капсульнай частцы, зроблены ў англамоўнай краіне. І, нарэшце, самая позняя знаходка — металічны рубель СССР, выпушчаны ў 1970 годзе да 100-годдзя Леніна. Відаць, для апошняга ўладальніка сядзібы гэтая згуба была стратнай, бо на той час на гэтыя грошы можна было шмат што купіць…

Вось такая яна, гісторыя дома 22 па вуліцы Партызанскай, паводле даных нашых раскопак. Безумоўна, даследаванні ў Капылі неабходна працягваць. Тым больш мясцовыя ўлады заўсёды ставяцца прыхільна да падобных работ. Вынікі раскопак, апроч значнасці для навукі, уплываюць і на імідж горада.


Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
археолаг