Гістарычная повязь і паразуменне ў сучаснасці

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

26 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, на якім абмяркоўваліся стан і перспектывы беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў культурнай сферы.

/i/content/pi/cult/826/17638/1.jpgАдкрываючы пасяджэнне, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч адзначыў, што культура з’яўляецца асновай для захавання даверу, узаемаразумення і паглыблення міжнароднага дыялогу. Лёсы і творчасць такіх дзеячаў беларускай і рускай культуры, як Сімяон Полацкі, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Ілля Рэпін, Аляксандр Твардоўскі, Уладзімір Мулявін і многіх іншых служаць доказам культурных сувязяў, якія здаўна існавалі між народамі Беларусі і Расіі.

Менавіта гэтыя сувязі зрабіліся трывалым фундаментам для плённага і арганічнага ўзаемадзеяння ў сферы культуры. Зарукай развіцця агульнай культурнай прасторы Беларусі і Расіі мусяць служыць павага да культурнай самабытнасці народаў і ўзаемаўзбагачэнне культур.

Плён сумесных высілкаў

Гаворачы аб ходзе рэалізацыі зводнага Плана супрацоўніцтва між міністэрствамі культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі на 2019 — 2021 гады, Анатоль Маркевіч адзначыў, што з моманту падпісання гэтага дакумента ў красавіку 2019 года за справаздачны перыяд былі выкананыя дваццаць восем з сарака яго пунктаў.

Асноўныя раздзелы Плана прадугледжваюць правядзенне мерапрыемстваў у такіх сферах супрацоўніцтва, як музейная справа, тэатральнае мастацтва, гастролі ў галіне выканальніцкага мастацтва, кінематаграфія, бібліятэчная справа і іншых.

/i/content/pi/cult/826/17638/2.jpgВядома, пандэмія ўнесла карэктывы ў многія раней намечаныя планы, аднак і Расія, і Беларусь маюць намер актывізаваць супрацоўніцтва, і прыкласці ўсе намаганні, каб не толькі вярнуцца да таго тэмпу сумеснай працы, які быў зададзены раней, але і павялічыць колькасць культурных акцый.

Перспектыўнымі напрамкамі сумеснай дзейнасці таксама могуць стаць стварэнне і ўкараненне сумесных доўгатэрміновых праграм, звязаных з умацаваннем культурных сувязяў паміж гарадамі-героямі, гарадамі вайсковай славы, гарадамі працоўнай доблесці.

На працягу года былі праведзеныя гастролі тэатраў, арганізаваныя выставачныя праекты, выступленні расійскіх калектываў і выканаўцаў. Адбыліся майстар-класы для студэнтаў мастацкіх і музычных вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, а таксама сумесныя пленэры. Прадстаўнікі кіраўніцтва двух міністэрстваў прымалі ўдзел у ключавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Расіі і Беларусі (“Інтэрмузей”, “Славянскі базар у Віцебску”, Форум рэгіёнаў, “Брэст — культурная сталіца Садружнасці 2019”, Санкт-Пецярбургскі міжнародны культурны форум).

Паказчыкам вялікага патэнцыялу супрацоўніцтва таксама можна лічыць той факт, што ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў верасні гэтага года, арганізацыі, падведамственныя міністэрствам культуры абедзвюх краін, падпісалі дванаццаць дамоваў аб супрацоўніцтве.

З памяццю аб мінулым і марамі аб будучыні

/i/content/pi/cult/826/17638/3.jpgМіністр культуры Расійскай Федэрацыі Вольга Любімава падкрэсліла важнасць дыялогу аб агульнай гісторыі і культурнай спадчыне народаў Беларусі і Расіі. Менавіта дадзенай мэце служыць, напрыклад, зладжаная ў гэтыя дні выстава “Яўген Халдзей. Знамя перамогі”, прысвечаная творчасці знакамітага савецкага фотамастака, якую можна пабачыць у Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны — у экспазіцыі будуць прадстаўленыя здымкі з фондаў музейна-выставачнага цэнтра “Росфота”.

Прыводзячы прыклады плённага беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы культуры, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада згадаў таксама стварэнне Ржэўскага мемарыяла на месцы баёў 1942 — 1943 гадоў — комплекс складаецца з 25-метровай фігуры салдата на высокім насыпным пагорку, сталёвых пліт з імёнамі тых, хто загінуў і мультымедыйнай экспазіцыі музейнага павільёна, які з’яўляецца філіялам Музея Перамогі.

Сюды ж варта аднесці праект капітальнага рамонту з элементамі рэстаўрацыі, мадэрнізацыі і музеефікацыі аб’ектаў у складзе Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Гаворачы аб перспектывах супрацоўніцтва, намеснік міністра згадаў аб неабходнасці аднаўлення дзейнасці Моладзевага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра, а таксама паведаміў аб прапанове правесці ў 2021 годзе ў Беларусі фестываль інклюзіўнай творчасці “Разам мы здолеем больш”.

Рэстаўрацыя і рэстытуцыя

Распавядаючы аб перспектыўных напрамках развіцця беларуска-расійскага культурнага ўзаемадзеяння ў 2021 — 2023 гадах, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, між іншага, паведаміў, што істотную ўвагу мяркуецца надаць пытанням музейнай рэстытуцыі.

Рашэннем Камісіі пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні i ўвядзенні ў навуковы i культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якiя апынулiся за межамi Беларусi, прадугледжаная арганізацыя перамоў з Эрмітажам, Маскоўскім музеем-запаведнікам і Ваенна-гістарычным музеем артылерыі і інжынерных войск і войск сувязі Санкт-Пецярбурга аб правядзенні часовых выстаў і рэалізацыі даследчыцкіх праектаў.

Актуальнай застаецца і тэма музейнай рэстаўрацыі — сёння працягваюцца перамовы аб узаемадзеянні Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і музея-запаведніка Аляксандра Пушкіна “Міхайлаўскае” ў справе кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў драўлянага дойлідства.

Падмурак для далейшых дасягненняў

Пасяджэнне калегій завершылася ўрачыстай перадачай у дар ад міжнароднага фонду “Пецярбургскі фоталетапіс” Беларускаму дзяржаўнаму музею Вялікай Айчыннай вайны выставы “Насустрач перамозе”. У сваю чаргу, Міністэрства Рэспублікі Беларусь сумесна з калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым перадала ў падарунак Міністэрству культуры Расійскай Федэрацыі калекцыю арыгінальных фотаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны.

Па выніках пасяджэння было прынятае рашэнне прадставіць сумесную выніковую справаздачу аб выкананні Плана супрацоўніцтва між міністэрствамі культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі на 2019 — 2021 гады не пазней за 1 лютага 2022 года, а наступнае сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Расіі і Беларусі правесці напрыканцы 2021 года. Да гэтага часу мусіць быць узгоднены новы праект Плана супрацоўніцтва на 2022 — 2024 гады.

Разам з тым было вырашана накіраваць у адрас Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы бюджэтную заяўку на фінансаванне фестывалю творчасці інвалідаў “Разам мы здолеем больш” на 2022 год, а таксама арганізаваць работу па ўзгадненні праекта палажэння аб Моладзевым беларуска-расійскім сімфанічным аркестры. Па выніках яго ўзгаднення будзе накіраваная адпаведная заяўка на фінансаванне гастроляў гэтага калектыву.