Ёсць прыпавесць пра тое, як заказчык, абураны тым, што мастак зрывае ўсе абумоўленыя тэрміны, нервова запытаўся ў яго, калі ён нарэшце скончыць работу. “А вы ведаеце, што работу ўвогуле немагчыма скончыць?!” — адказаў той. Кожная карціна Валерыя Шкарубы ўспрымаецца як скончаная, але ў панарамным аглядзе ягонай творчасці галоўны чыннік — рухомы гарызонт, які вабіў мастака сваім магнетызмам. Так прыцягвае чалавека глыбокая прорва ці высокае неба. Перажытае і асэнсаванае мастак праз свае творы трансляваў на гледача.
Карціны спадара Валерыя заўжды былі для мяне загадкай. Вада, трава, галлё — усё тое, што звычайна перад вачыма, калі сыйсці з асфальту на зямлю. Але гэта абыдзенасць пад ягоным пэндзлем набывала нейкую сюррэалістычнасць і згаданы вышэй магнетызм. Утаропішся ў такую карціну, патрапіш у поле прыцягнення, і яно не адпускае цябе як тая прорва ці тое неба…
Ментальны вобраз Беларусі ў значнай ступені сфармаваны вялікімі майстрамі пейзажу — Бялыніцкім-Бірулей, Віталем Цвіркай, Гаўрылай Вашчанкай (хоць у ягонай творчасці жанр пейзажу не быў дамінуючым). У гэтым шэрагу і Валерый Шкаруба — творца з рысамі генія.
Выдатны мастак і чалавекам быў цудоўным. На прыкладзе ягонага жыцця і творчасці відаць, што вялікі талент паўстае толькі на глебе маральнасці і прынцыповасці. Ён рана пайшоў з жыцця. Мабыць, Богу спатрэбіўся прафесіянал, здольны маляваць занябёсныя краявіды.
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ