Несупынны генератар ідэй

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Сусветная пандэмія сабрала сваё жніво і ў беларускай культуры. У ліку яе ахвяраў — і Уладзімір Шчасны. Член рэдкалегіі “К” і заўсёдны яе чытач. Ён вядомы найперш як доўгатэрміновы старшыня Нацыянальнай камісіі UNESCO (да свайго сыходу на пенсію), але ж мае і безліч іншых іпастасяў. Прычым іх настолькі шмат, што асэнсаваць гэтую постаць і той унёсак, які яна зрабіла цягам дзесяцігоддзяў, не так і проста.

/i/content/pi/cult/825/17633/22.jpgЁн не займаў кіраўнічыя пасады ў тых ці іншых установах культуры, прапрацаваўшы амаль усё жыццё ў іншай галіне — дыпламатычнай. Ды, здавалася, удзельнічаў ці не ў кожнай ініцыятыве, датычнай нашай спадчыны — падтрымліваючы як мінімум разумнай парадай і ніколі не цягнучы коўдру на сябе. Па сутнасці, ягоная размаітая культурніцкая дзейнасць заўсёды будавалася на энтузіязме — хаця, вядома, гэта было валанцёрства найвышэйшага пілатажу.

Відаць, працяглая дыпламатычная місія ў Туманным Альбіёне зрабіла сваю справу. Спадар Уладзімір падаваўся мне сапраўдным узорам джэнтльмена: чалавек прыязны, падкрэслена ветлівы, стрыманы ў эмоцыях, дасціпны — і дэмакратычны, хаця і з заўсёдным пачуццём гонару.

Памятаю, калі на Пастаўшчыне з’явіўся шыкоўны фэст “Гучаць старадаўнія арганы”, ён узяўся даставіць туды журналістаў на ўласным легкавіку. Пад гукі Радыё “Культура” абмяркоўвалі ў дарозе новы на той час мегапраект — выставу “Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі”, якая яшчэ толькі рыхтавалася ў Нацыянальным мастацкім. Першую — і адразу надзвычай сур’ёзную — спробу сшыць мноства размаітых паасобных з’яваў у суцэльную тканку агульнага наратыву. Энцыклапедычнасць ведаў суразмоўцы не магла не здзіўляць  — пры тым, што адукацыя ў яго ж далёка не мастацтвазнаўчая! Імёны, творы, лёсы… Яго расповед можна было слухаць бясконца. Дарога атрымалася нясумнай.

/i/content/pi/cult/825/17633/23.jpgАле яшчэ болей здзіўляла ўменне выслухаць іншага, знайсці агульную мову з любым. І купляючы на прызбе яблыкі ў бабулькі, ён з цікавасцю перакідваўся з ёй слоўцам. Тады я падумаў: пэўна, тая шчырая прыязнасць да кожнага, сустрэтага на тваім шляху, тая адкрытасць да жыцця  — вось што робіць гэтага чалавека шчаслівым.

А ў тым, што ён быў шчаслівы, пэўна, ніхто не сумняваўся.

Рэдакцыя “К” шчыра смуткуе з прычыны заўчаснай смерці выбітнага дзеяча беларускай культуры і выказвае спачуванні яго родным і блізкім.

Перадаем слова тым дзеячам культуры, якім давялося шчыльна супрацоўнічаць з Уладзімірам Шчасным.

“Хай ён нас заўсёды натхняе…”

Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ, старшыня Беларускага фонду культуры:

— Гэта быў вельмі актыўны чалавек. Несупынны генератар ідэй і праектаў. Сярод дзеячаў культуры ён карыстаўся вялізным аўтарытэтам. Ён мог прасоўваць культуралагічныя ідэі, меў велізарны талент знаходзіць аднадумцаў — а гэта, пагадзіцеся, не кожны ўмее. Мы да яго заўсёды прыслухоўваліся ды імкнуліся запрасіць у лік партнёраў. І ён ахвотна дзяліўся сваім досведам — і жыццёвым, і прафесійным. А досвед працы дыпламатам аказаўся вельмі карысным на культурнай ніве.

Найбольш шчыльнае супрацоўніцтва ў нас было, калі Уладзімір Рыгоравіч узначальваў Нацыянальную камісію UNESCO, а я працаваў намеснікам міністра культуры. З такім інтэлігентным чалавекам заўсёды было вельмі прыемна спатыкацца, дыскутаваць. Ён заўсёды меў сваю прынцыповую пазіцыю, якую быў гатовы адстойваць — і меў для гэтага аргументы! Зрэшты, нярэдка мы сустракаліся і не па працы — напрыклад, на канцэртах у філармоніі: ён вельмі любіў класічную музыку. Ды і наогул быў неабыякавы да ўсяго, што рабілася ў нашай культуры.

Сёння здаецца, нібы Нясвіжская рэзідэнцыя Радзівілаў была ўключаная ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO яшчэ за дзедам шведам. Ды насамрэч тое здарылася не так і даўно — і пры самым актыўным удзеле Уладзіміра Рыгоравіча. Сядзібу ў Залессі мы таксама ўжо прызвычаіліся бачыць у цяперашнім прэзентабельным выглядзе. І мала хто з турыстаў ведае, колькі высілкаў каштавала спадару Шчаснаму ў свой час ініцыяваць працэс яе аднаўлення, знайсці грант, каб распачаць гэтыя працы…

Дый што тут казаць, калі і самога Міхала Клеафаса Агінскага гадоў трыццаць таму ў нас ведалі далёка не ўсе. А размаітасць талентаў гэтай постаці і пагатоў ніхто не разумеў: бо ён жа быў не толькі кампазітарам, але і палітыкам, дыпламатам, пісьменнікам…

Атрыманне копіі архіва Агінскага, якую ўдалося прывезці з Масквы — а гэта каля 6 тысяч старонак! — адкрыла перад нашымі навукоўцамі папраўдзе новыя далягляды ў справе вывучэння жыццярысу і даробкаў гэтай выбітнай асобы. А яшчэ намаганнямі Уладзіміра Рыгоравіча былі выдадзеныя мемуары ды лісты знакамітага дзеяча. Як вынік — сёння мы ведаем пра яго куды болей. А ў Залессе мкнуць турысты.

Наогул, для сваёй Смаргоншчыны спадар Шчасны зрабіў вельмі многа. І папраўдзе справядліва, што ён мае тытул ганаровага жыхара гэтага краю.

Зрэшты, і многія іншыя куткі Беларусі не былі абдзеленыя яго ўвагай. У тым ліку, і мая родная Пастаўшчына. Пры ім пачыналася рэстаўрацыя палаца Тызенгаўза. Ён часта там бываў, сябраваў з галоўным урачом Уладзімірам Чэкавым, рыхтаваў дакументы для атрымання грантаў, прымаў удзел у распрацоўцы канцэпцыі музейнай экспазіцыі...

Яшчэ адзін важны накірунак дзейнасці спадара Шчаснага таксама ва ўсіх на слыху — гэта рэстытуцыя культурных каштоўнасцяў. З яго ўдзелам фармавалася сама метадалогія гэтай надзвычай складанай справы. Зразумеўшы, што вярнуць на Беларусь арыгіналы ўнікальных дакументаў сёння вельмі складана, ён выказаў ідэю: а чаму б нам не засяродзіцца на тым, каб атрымаць доступ да гэтых набыткаў хаця б у выглядзе копій? Часта выязджаў за мяжу, вёў архіўныя пошукі ды перамовы — і дзякуючы гэтаму мы атрымалі доступ да многіх культурных скарбаў, якія раней лічыліся ўжо страчанымі.

Ягоны дыпламатычны талент дапамагаў і ў іншай няпростай справе — усталяванні супрацоўніцтва з нашчадкамі даўніх ліцвінскіх родаў. Калі я працаваў у пасольстве Рэспублікі Беларусь у Варшаве, спадар Шчасны дапамог нам звярнуцца да тамтэйшых Радзівілаў. Дзякуючы гэтаму музейная калекцыя папоўнілася цэлым шэрагам цікавых прадметаў.

І калі не вельмі дзіўнае, то, пагадзіцеся, моцнае спалучэнне: дыпламат быў адначасова і пісьменнікам, і перакладчыкам. Чытаючы яго кнігу “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, разумееш, што каб яе напісаць, трэба не толькі рупліва здабываць веды ў архівах падчас гутарак са спецыялістамі, але і вельмі любіць мастацтва, мець вялікую зацікаўленасць і жаданне. Папраўдзе, Уладзімір Рыгоравіч меў талент самага шырокага дыяпазону!

Заслуга такога рупліўца перад краінай вельмі вялікая. І нам трэба не толькі памятаць пра свайго выдатнага паплечніка, але і зрабіць належныя захады, каб яго імя гучала нават пасля сыходу ў вечнасць. Хай ён заўсёды натхняе нас як прыклад самаадданага беларуса, які вельмі шмат зрабіў для папулярызацыі нашай культуры ў свеце, для адраджэння памяці пра нашых знакамітых землякоў, уключэння іх спадчыны ў сучасны навуковы і культурны ўжытак.

“У Нацыянальным мастацкім па ім смуткуюць усе”

Надзея УСАВА, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь:

— Калі я днямі ішла па музеі, мяне спыняла ледзь не кожная наглядчыца, каб згадаць добрым словам Уладзіміра Рыгоравіча. У Нацыянальным мастацкім усе яго памятаюць і смуткуюць! Ён ніколі не быў фанабэрлівым і з пашанай ставіўся да кожнага — без залежнасці ад яго статуса.

За амаль два дзесяцігоддзі нашага знаёмства нам не раз даводзілася працаваць поплеч, рыхтуючы новыя мастацкія праекты. Часта ўтрапёна спрачаліся — бо і задачы стаялі перад намі няпростыя. Але пагаджаліся, усё ж, значна часцей. З такім далікатным ды інтэлігентным чалавекам знаходзіць агульную мову вельмі лёгка.

Мы пазнаёміліся яшчэ ў тыя часы, калі Уладзімір Рыгоравіч працаваў паслом Беларусі ў Вялікабрытаніі і Ірландыі. Да яго звярнулася трохі дзіўнаватая немаладая кабета, якая прадставілася княгіняй Марыяй Святаполк-Мірскай. Знаёмства пачыналася не з прыемнага: шляхетная асоба гучна абуралася тым, што ў беларускіх публікацыях пра Мірскі замак унёсак яе роду быў недаацэнены. Але ж пасол прыняў яе ў сваёй рэзідэнцыі — і вельмі хутка яны прыйшлі да паразумення. У выніку ў Нацыянальным мастацкім апынуўся надзвычай каштоўны архіў Святаполк-Мірскіх, які вельмі дапамог нам у падрыхтоўцы музейнай экспазіцыі ў знакамітым замку.

Потым спадар Уладзімір за ўласны кошт запрашаў шаноўную госцю на радзіму яе продкаў, атуляючы яе падчас гэтых падарожжаў папраўдзе княскай апекай. Знаёмства з прадстаўнікамі роду дапамагло яму разам з таксама ўжо, на жаль, спачылым піяністам Юрыем Бліновым ініцыяваць яшчэ адзін новы праект: фэст у гонар выдатнага кампазітара Мікалая Набокава. У ліку гасцей была сваячка кампазітара — Ірэна Антуанета Станіслава Фуртвенглер, дачка князя Васілія Святаполк-Мірскага. А колькі ў спадара Шчаснага агулам было такіх пачынаў!

Ён амаль усё жыццё працаваў дыпламатам, але ці не ўвесь гэты час быў яшчэ і дзеячам культуры. Фактаў з яго біяграфіі, здатных уразіць — вялікае мноства. Служыў у дэсанце і лічыў свята ПДВ сваім. Па атрыманні дыплома стажыраваўся ў Пакістане, дзе вывучыў мову урду — з якой потым нават перакладаў. Пісаў п’есы пад псеўданімам Уладзімір Драздоў. Сабраў шыкоўную калекцыю старадаўніх карт. Страшна любіў падарожжы. І незадоўга да пачатку эпідэміі з гонарам апавядаў пра свой “гранд-ваяж” — спярша круіз да берагоў Аргенціны з наведваннем усіх сяродземнаморскіх партоў, потым яшчэ на пару дзён у Стамбул, каб адчуць атмасферу раманаў Памука... Улюбёны ў жыццё чалавек, чый імпэт не падуладны гадам!

З яго прыходам Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO папраўдзе ажывілася. Пачалося ўсё з дзіўнай, як нам тады здавалася, задумы — зняць шыкоўны фільм пра Мірскі замак з дубляжом ажно на сямі мовах. Дзіўнай — бо на той час у нас замежных турыстаў было зусім вобмаль, і ніхто надта не спадзяваўся, што сітуацыя кардынальна зменіцца. А вось дыпламат, які нямала на свае вочы пабачыў, разумеў перспектыву гэтай архітэктурнай перліны. Як мы ўжо ведаем, аптымістычны спадзеў быў недарэмным.

Спадар Уладзімір увесь час казаў: роля камісіі UNESCO у тым, каб выступаць свайго роду трыгерам, даючы штуршок ды стартавы капітал для знакавых праектаў. Па вялікім рахунку, такім трыгерам ён быў і ўласнай персонай. Сёння цяжка паверыць, што яшчэ параўнальна нядаўна Смілавічы ўспрымаліся як звычайнае правінцыйнае мястэчка, і пра Суціна ведала хіба вузкае кола аматараў мастацтва. Менавіта Шчасны, залучыўшы ў хаўруснікі і мяне, загарэўся ідэяй стварыць там музей мастака — уяўляеце, без ніводнага яго арыгінальнага твора! Выдаткаваны UNESCO грант памерам у 10 тысяч долараў ён расходаваў вельмі ашчадна. Нямала рэчаў удалося здабыць і дзякуючы старанням моладзі — валанцёраў Беларускай асыцыацыі клубаў UNESCO, якія літаральна хадзілі па хатах, шукаючы тое, што засталося ад местачковага побыту часоў Суціна.

І вось, музейная прастора ў Цэнтры дзіцячай творчасці ў Смілавічах стала паспяховым турыстычным аб’ектам, куды ў ахвоту прыязджаюць у тым ліку і высокія госці. Дзякуючы чаму экспазіцыя ўвесь час папаўняецца за кошт каштоўных падарункаў. Дарэчы, менавіта Уладзімір Рыгоравіч прапанаваў стварыць у адной з залаў атмасферную парыжскую кавярню. Здаецца, менавіта тады ў беларускім музеі ўпершыню з’явіўся водар кавы.

Суцін — гэта быў толькі пачатак. Захапленне “парыжскай школай” і ўнёскам у яе выхадцаў з Беларусі вылілася спярша ў кнігу, наклад якой разляцеўся ўмомант, затым у гучную выставу ў Нацыянальным мастацкім… Уладзімір Рыгоравіч не раз адкрываў шырокаму колу тыя культурныя феномены, пра якія многія і не здагадваліся — напрыклад, дзякуючы выставе, прысвечанай знакамітаму Льву Баксту, які родам з Гродна.

Шкада, нерэалізаванымі засталіся праекты, над якімі ён шчыраваў у апошнія гады. Гэта і выстава пецярбургскіх мастакоў родам з Беларусі (упэўненая, яна б таксама прынесла мноства адкрыццяў), і фундаментальны беларуска-англійскі слоўнік… Імпэту ў яго ніколі не бракавала. І калі б не COVID...