Ад трылера да казкі...

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Увесь дзень 26 лістапада на тэлеканале “Беларусь 3” будзе прысвечаны жыццю і творчасці славутага пісьменніка, паэта і сцэнарыста Уладзіміра Караткевіча. Раманы і аповесці сталі асновай для мастацкіх і анімацыйных фільмаў, а жыццё аўтара — для дакументальных стужак. Так тэлебачанне разам з усімі гледачамі адзначыць 90 гадоў з дня нараджэння нашага выдатнага класіка.

Літаратурная спадчына Уладзіміра Караткевіча ўвайшла як неад’емная і важная частка і ў нацыянальнае беларускае кіно. Першай у гэты тэледзень будзе паказана двухсерыйная містычная драма рэжысёра Валерыя Рубінчыка “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Час паказу — 8.30 і 18.05. Гэтую карціну, знятую на “Беларусьфільме” ў 1979 годзе, называлі “першым савецкім містычным трылерам”. Сюжэт фільма значна адрозніваецца ад аповесці, але над сцэнарам рэжысёр і пісьменнік працавалі разам.

Наступная карціна — прыклад таго, як кіно паўплывала на літаратуру: кінасцэнар, напісаны Уладзімірам Караткевічам для стужкі, знятай у 1967 годзе, потым стаў паўнавартасным, і навыдатнейшым, раманам — у 13:30 і 21:40 на тэлеканале “Беларусь 3” гледачы ўбачаць фільм рэжысёра Уладзіміра Бычкова “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Сярод акцёраў — Леў Дураў, Данатас Баніёніс, Павел Кармунін, Любоў Румянцава. Музыку пісаў выдатны кампазітар Алег Каравайчук. У 1989 годзе стужка была адноўлена, і нарэшце гледачы змаглі яе ўбачыць. Для стваральнікаў фільма гэта была даволі трагічная гісторыя. Перажыўшы пад час здымак ажно 12 рэдакцый, па цэнзурных патрабаваннях “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ўсё роўна не выйшаў на экраны і больш за 20 гадоў праляжаў, як кажуць, “на паліцы”. Уладзімір Караткевіч, пры жыцці яго так і не пабачыў.

Яшчэ адзін класічны твор пісьменніка стаў асновай для двухсерыйнага гістарычнага дэтэктыва, які ў 1984 годзе зняў адзін з лепшых беларускіх рэжысёраў Міхаіл Пташук, — у 15.25 у эфіры будзе “Чорны замак Альшанскі”.

Вось так захапляльна — і з беларускай гісторыяй, і з дэтэктыўнымі містычнымі сюжэтамі — можна правесці гэты дзень ля тэлеэкрана. Уладзіміру Караткевічу прысвечаны і дакументальныя праекты тэлеканала “Беларусь 3”. Раніцай і з паўторам увечары можна будзе ўбачыць фільмы “Люблю і памятаю” і “Запіскі на палях”. З фондаў Белтэлерадыёкампаніі ў 14.55 — дакументальная стужка 2004 года “Сівая легенда Уладзіміра Караткевіча”.

І нават самым маленькім беларускае кіно мае што прапанаваць — у вячэрняй “Калыханцы” ў 20.40 можна будзе ўбачыць адзін з лепшых беларускіх анімацыйных фільмаў, які атрымаў неверагодную колькасць узнагарод на кінафестывалях усяго свету, — стужку рэжысёра Таццяны Кубліцкай паводле казкі Уладзіміра Караткевіча “Вясна ўвосень”.