Дадаць “тэхна” ў арт!

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Той факт, што тэхнічны прагрэс хуткімі тэмпамі заваёўвае нашы дамы і кватэры, працоўныя і вучэбныя месцы, месцы адпачынку і жыццё ў цэлым, выклікае пачуццё зручнасці і прастаты. Але нейкі недавер адчуваеш, калі чуеш, што цяпер ён… і ў мастацтве. Здаецца, такія паняцці, як “тэхніка”, “тэхналагічнасць” па азначэнні супярэчаць тонкай, лірычнай справе мастака.

Гэты стэрэатып перакрэслівае праект “Тэхна -арт” мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. 26 верасня распачала працу пятая, юбілейная, выстаўка з серыі гэтага праекта — “Пяты элемент” .

“Мэта выстаўкі — паказаць, што тэхнаарт — не навіна для нашай краіны і ўжо заняў пачэснае месца ў беларускім мастацтве, — расказвае куратар праекта, дырэктар галерэі Дзяніс Барсукоў. — На экспазіцыі прадстаўлены творы каля паўсотні ўдзельнікаў, сярод якіх — як студэнты, навучэнцы мастацкіх устаноў, так і вядомыя творцы: Уладзімір Цэслер, Вадзім Качан, Андрэй Шчукін, Валерый Вядрэнка, Аляксандр Шчэпетаў, Сяргей Стальмашонак, Дар’я Іваноўская, Андрэй Капуснікаў, Сяргей Ждановіч”.

Сучаснае тэхнамастацтва развіваецца ў двух накірунках. Першы — стварэнне твораў, галоўным аб’ектам якіх з’яўляецца тэхна-асяроддзе. Часцей за ўсё гэта жывапісныя, графічныя працы, а таксама арт-аб’екты. Але найчасцей сустракаецца другі накірунак — калі мастацкі твор ствараецца з дапамогай сучасных тэхналогій. Такім чынам, калі мастак стварае 3D-анімацыю, выкарыстоўвае пры апрацоўцы фотаздымкаў лічбавы мантаж ці камп’ютэрную графіку, ён — прыхільнік новай мастацкай плыні. І мала хто з сучаснікаў ігнаруе такія зручныя рэчы, як лічбавая тэхніка, камп’ютэр.

Дык можа, развіццё і пашырэнне тэхналогій — з’ява станоўчая і для мастацтва, і пужацца яе не варта?..

Дар’я ДАНІЛЕВІЧ