Вядомы незнаёмец Анатоль Дудкін

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Гэтымі днямі ў музеі-майстэрні Заіра Азгура працуе рэтраспектыўная фотавыстава “Характары і лёсы”, прысвечаная творчасці фотамайстра Анатоля Дудкіна. З яго імем аматары фатаграфіі, як правіла, асацыююць актывізацыю клубнага руху і натхненне фотаграфікай у 1970—1980-я гады. Менавіта ў гэтыя дзесяцігоддзі ў Мінску працавалі 7—8 фотасуполак. Анатолю ж належала ідэя стварыць абласны клуб для аматараў з Вілейкі, Жодзіна, Барысава ды навакольных мястэчак. Так з’явілася “Крыніца”, якая месцілася ў абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна. Туды для творчых сустрэч і прыязджалі фатографы з наваколля.

/i/content/pi/cult/825/17629/16.jpg

Сёння можна ўзгадаць і серыю выстаў “Фотаграфіка” (1971 —1989 гады), ініцыятары і ўдзельнікі якіх былі захоплены эксперыментамі, вучыліся адзін у аднаго, пераймалі тэхналагічныя знаходкі аўтараў з усяго Савецкага Саюза. У ліку актывістаў і суарганізатараў быў таксама і Анатоль Дудкін.

Куратар выставы “Характары і лёсы” Уладзімір Парфянок з усёй разнастайнай спадчыны Дудкіна вырашыў абраць толькі чорна-белыя партрэты. І аказалася, што гэты вектар адкрывае гледачу новае прачытанне творчасці фотамайстра.

Цыклы “Нарачанскія ўдовы” і “Зямля і людзі” ўжо экспанаваліся. Але праз 40 — 50 гадоў партрэты вяртаюць гледача 2020-га года да пасляваеннага пакалення савецкіх людзей, да класічнага жанру і традыцыі ўдумлівага сузірання. За кожным вобразам паўстае цэлы асацыятыўны шэраг, звязаны з агульнай памяццю, культурай, ладам жыцця і асабістымі перажываннямі чалавека. Бо і людзі з тых часоў змяніліся, і твары, і тэхналогіі здымкі і друку фатаграфій. Збольшага выбарка кадраў нечаканая, у ёй няма штампаў, яна рэзаніруе сучаснаму разуменню значнасці жывой асобы, каштоўнасці шчырых эмоцый, іх эстэтыкі.

Сярод здымкаў вялікае месца займаюць так званыя двайныя партрэты: часам гэта сваякі або сябры, а некалькі прац Дудкін развіў драматургічна: злучыў маляўнічы антураж і фотапартрэт, вобразы ўнутры і звонку пакоя. Яшчэ адзін прыём — акно, як правіла, у прыцемненай прасторы. Адносна акна будуецца кампазіцыя, але акрамя фармальнага знака, святло, якое льецца ў хату, мае і сэнсавае значэнне.

На выставе прадстаўлены вінтажныя аналагавыя адбіткі, у аўтарскім бром-срэбраным друку. Гэта, вядома, асаблівая для калекцыянера каштоўнасць і знак якасці з пункта гледжання візуальнага ўспрымання. Пасля сыходу Анатоля Дудкіна яго сям’я перадала архіў Юрыю Элізаровічу з пажаданнем аддаць яго ў будучы музей фатаграфіі. Паколькі музея ўсё яшчэ няма, фатаграфіі захоўвае Юрый, а частка спадчыны знаходзіцца ў зборы Народнага фотаклуба “Мінск”.

/i/content/pi/cult/825/17629/17.jpgПартрэты Анатоля Дудкіна з перспектывы сённяшняга дня выглядаюць сапраўдным пошукам фотамайстрам свайго жанру. Да таго ж яны падкрэсліваюць характар творцы, які ведалі ўсе сябры Дудкіна па клубе: незапакояннасць, смяшлівасць, творчыя амбіцыі і адначасова жыццёвую сціпласць, фізічную і ўнутраную мабільнасць. Ён працаваў па-за выбудаваных фарматаў, па-за вядомых прыёмаў. Напрыклад, акрамя традыцыйных жанраў асвойваў тыя, якія на той час былі рэдкасцю альбо даволі смелым крокам. Індывідуальны пошук фотамайстра быў удвайне каштоўны, бо за савецкім часам была маладаступная інфармацыя аб развіцці сусветнай фатаграфіі.

Клубныя фатографы, як правіла, не займаліся рэпартажнай здымкай, імкнуліся быць далей ад прапагандысцкага мэйнстрыму. Іх цікавілі не толькі дакументальныя, але і мастацкія інструменты, пашырэнне межаў фатаграфічнага медыума. На гэтых “падмурках” і ствараліся партрэты Дудкіна: у баку ад часопісных ілюстрацый, затое на блізкай адлегласці ад сельскіх жыхароў, у размовах з пажылымі людзьмі. Не толькі эмпатыя і павага бачныя ў гэтых партрэтах, Анатолю была ўласціва адмысловая эстэтыка погляду, якая дазваляла яму бачыць арганічнасць сціплых інтэр’ераў і побыту. Матэрыяльная культура вёскі, напрыклад, просты посуд, фіранкі ці акуляры, якія ўвайшлі ў мінімалістычны, але красамоўны кадр. Бытавыя падрабязнасці ўключаны ў сюжэт роўна ў той меры, якая не замінае пільнаму погляду герояў, усе дэталі працуюць на характар чалавека. “Паўвостравам Дудкіна” называлі калегі некалькі мястэчак у Мядзельскім раёне, куды ён любіў ездзіць, дзе штогод гасцяваў, здымаў, дарыў свае фатаграфіі вяскоўцам.

У апошнім кадры экспазіцыі думкі фатографа звернутыя да гарызонту, гэта адзін з нешматлікіх пейзажаў Анатоля Дудкіна. І ён, і яго іншыя цудоўныя фотаработы нібыта сышлі за гарызонт часу, але гарызонт бачнага ўсё ж такі застаўся для нас адкрытым — дзякуючы феномену фатаграфіі і адказнасці сяброў.

Любоў ГАЎРЫЛЮК,
арт-журналіст